Ну вось і выляцелі першыя маладыя сёлетнія шпакі (Sturnus vulgaris).
У апошнія дні шпакоў стала чуваць амаль паўсюль - рэзкія крыкі, а дзе-нідзе і старыя-новыя песні з абрыўкамі галасоў авяльгі і іншых відаў, якія ізноў пачалі выконваць дарослыя птушкі, наводзілі на падазрэнні, што маладыя або ўжо выляцелі, або вось-вось выляцяць.
І вось сёння на беразе Гараднічанкі з высокай травы выйшлі першыя для мяне караткахвостыя і светла-карычневыя маладыя шпакі. Разам яны асабліва не трымаліся, адзін хутка знайшоў і схапіў нейкага жука, а потым і нешта дробнае і пэўна, неядомае.
А праз хвіліну дарослы шпак прынёс і акуратна паклаў у шырока раскрытую дзюбу аднаго з маладых цэлую порцыю ежы і адляцеў за новай.
Сапраўды самастойнае жыццё яшчэ не пачалося, але многае маладым шпакам ужо можна і яны робяць самастойна.
26-05-2021, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Lighty - 27.05.2021 - 23:10
У Гомлі, дарэчы, таксама…
У Гомлі, дарэчы, таксама сёння было поўнае поле шпакоў, рэзкія крыкі (яны перакрылі чаротавак у хмызах:( ), і адно шпачаня мне ў аб'ектыў трапілася...