Дадатковае зімовае харчаванне змяніла месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак

Fri, 10/02/2015 - 11:35 | Harrier

 

Навукоўцы з BTO (British Trust for Ornithology - Брытанскага арніталагічнага траста) знайшлі, што масавая падкормка птушак у Вялікабрытаніі дапамагла як мінімум аднаму віду птушак параўнальна хутка змяніць міграцыйныя шляхі і выпрацаваць новыя.

Гэта – першы доказ таго, што рэгулярная і маштабная прапанова дадатковага харчавання птушкам можа мець сур’ёзныя наступствы ў іх распаўсюджанні. Высновы былі апублікаваныя ў часопісе Global Change Biology.

Леска-чарнагалоўка (Sylvia atricapilla) – пералётны від птушак, які раней  прылятаў на Брытанскія астравы толькі на гнездавы перыяд вясной-летам. Аднак на працягу апшніх 60 год у міграцыйных паводзінах віду адбыліся значныя змены. З 1950-х гадоў птушкі, якія гняздуюць у паўднёвай частцы Германіі і Аўстрыі пачалі ў нарастаючай колькасці мігрыраваць у паўночна-заходнім кірунку замест таго, каб ляцець на свае ранейшыя месцы зімоўкі ў Паўднёвай Гішпаніі. Аказалася, што новыя трасы міграцыі генетычна закадаваныя. Ў выніку адбылося рэзкае павелічэнне колькасці рэгістрацый зімуючых лесак на Брытанскіх астравах.

З’яўленне першых зімуючых лесак на сталоўках дакладна саўпала з пачаткам шырокага выкарыстання людзьмі адмысловай дадатковай ежы для дзікіх птушак, якая пачала прадавацца ў супермаркетах. Такім чынам адбор мог падтрымаць змены ў міграцыйных шляхах лесак, аднак прычыны такіх маштабных зменаў у шляхах міграцыі і месцах зімоўкі лесак-чарнагаловак заставаліся невядомымі.

Цяпер навукоўцы выкарысталі вялізарны аб’ём дадзеных, які назапасіўся дзякуючы шматлікім і шматгадовым паведамленням простых людзей з назіранняў за зімуючымі птушкамі ў іх садах і гародах, а таксама на птушыных сталоўках, якія ВТО збірае штогод падчас правядзення тыднёвых зімовых улікаў (BTO’s weekly Garden BirdWatch survey). У апошнія гады ажно 13 тысяч назіральнікаў з усёй краіны дасылае свае дадзеныя ў базу ўлікаў.

Гэтыя дадзеныя паказалі, што лескі-чарнагалоўкі ў апошнія гады сталі ўсё часцей адзначацца на птушыных сталоўках, прычым менавіта дадатковае харчаванне, якое прапануюць ім людзі набывае важнае значэнне ў іх распаўсюджанні падчас зімоўкі. Лескі найбольш ахвотна выкарыстоўваюць розныя жывёльныя тлушчы і насенне сланечніка, якое выкладваецца на птушыных сталоўках. Акрамя гэтага, пацяпленне клімату таксама прычынілася да зменаў у трасах міграцыі віду, бо брытанскія зімы сталі больш мяккімі.

Д-р Кэйт Пламмер (Dr Kate Plummer), прадстаўнічка BTO і галоўны аўтар артыкулу, сказала: "Гэта першае навуковае сведчанне таго, што дадатковае харчаванне птушак на сталоўках мае (значны) эфект на эвалюцыю дзікіх відаў. Доўгі час мы падазравалі, што лескі-чарнагалоўкі пачалі прылятаць у Брытанію каб скарыстаць з перавагаў, якія прадстаўляе дадатковае харчаванне ў (нашых) садах. Аднак толькі цяпер мы змаглі падмацаваць гэтыя здагадкі дзякуючы грамадзкай навуцы (дадзеным простых людзей)”.

Кэйт Райзлі (Kate Risely), арганізатар зімовых улікаў (BTO Garden BirdWatch), дадала: "Тысячы людзей, якія дасылаюць нам інфармацыю пра ежу, якую яны выкладваюць на сталоўках і птушак, якія да іх прылятаюць, могуць ганарыцца тым, што іх дадзеныя адыгралі важную ролю ў гэтым даследаванні. Толькі дзякуючы збору рэгулярных і шматлікіх дадзеных пра зімуючых птушак мы змаглі ўбачыць як наша дапамога дзейнічае на птушак”.

З-за таго, што навакольане асяроддзе хутка змяняецца з-за дзейнасці чалавека, становіцца крытычна важна зразумець якім чынам дзікія віды могуць адказваць на гэтыя змены. Дзякуючы атрыманым дадзеным аказалася, што лескі-чорнагалоўкі нашмат больш пластычныя ў сваіх паводзінах, чым меркавалася раней.

Цяпер ВТО плануе сабраць больш дадзеных пра прылёты на сталоўкі і зімовае распаўсюджанне на Брытанскіх астравах чорнагаловых шчыгелаў (C. carduelis), каб зразумець, наколькі колькасць птушак і іх размяшчэнне залежаць ад дадатковага харчавання якое прапануюць ім людзі.  

Крыніца:

Plummer, K E, Siriwardena, G M, Conway, G J, Risely, K, and Toms, M P. 2015. Is supplementary feeding in gardens a driver of evolutionary change in a migratory bird species? Global Change Biology DOI: 10.1111/gcb.13070.

Паводле www.bto.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак самца лескі-чарнагалоўкі з www.peregrinesbirdblog.blogspot.com

 

На гэтую тэму:

Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання

Карміць птушак ці не?

Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?

Знойдзены “ген міграцыі” птушак?