Пераломная ў аднаўленні і ахове каліфарнійскага кондара (Gymnogyps californianus) падзея адбылася сёлета ў нацыянальным парку Pinnacles – тут ўпершыню з 1890-х гадоў ізноў паспяхова стала на крыло цалкам дзікае птушанё кондара.
Маладая самка, якая прыйшла на свет у красавіку, не першае птушанё, якое нарадзілася за 12 гадоў праграмы па рэінтрадукцыі віду ў прыроду. Аднак яна першая, якая нарадзілася менавіта ў прыродных умовах і дажыла да вылету з гнязда ў нацпарку. Гэта наступны вялікі поспех навукоўцаў, якія займаюцца вяртаннем віду ў амерыканскую прыроду.
“Гэта вельмі важна. Папуляцыя, якая самападтрымлівае сваю колькасць у прыродных умовах ёсць першаснай мэтай, якую нам трэба дасягнуць” – сказаў Сців Кірклэнд (Steve Kirkland), каардынатар праграмы каліфарнійскага кондара з U.S. Fish and Wildlife Service.
Каліфарнійскія кондары, чый размах крылаў можа дасягаць нават 3 м, некалі сустракаліся на большай частцы Паўночнай Амерыкі ад Брытанскай Калумбіі да Мексікі. Аднак з-за страты месцапражыванняў, палявання і атручвання свінцовай паляўнічай амуніцыяй від амаль знік – у 1982 годзе засталося толькі 22 птушкі. Каб мець больш шанцаў на выратаванне віду, федэральны ўрад вырашыў адлавіць усіх птушак у прыродзе і з 1987 пачаць праграму па развядзенню кондараў у заапарках і паступовай рэінтрадукцыі іх у прыроду.
На пачатак гэтага году ўсяго жыло 435 каліфарнійскіх кондараў, што амаль у 20 разоў больш, чым яшчэ 30 год таму. З іх 268 птушак жывуць у прыродзе і 167 утрымліваюцца ў цэнтрах па іх развядзенню ў заапарках – такіх, як Сан Дыега (San Diego Zoo).
Дзікія птушкі цяпер жывуць у цэнтральнай і паўднёвай Каліфорніі, у Вялікім каньёне (Арызона) і ў штаце Юта (ЗША), а таксама ў штаце Baja, Мексіка.
У мінулым годзе ўпершыню з часу пачатку праграмы рэінтрадукцыі ў прыродзе нарадзілася больш птушак, чым памерла: 14 супраць 12. Навукоўцы вельмі спадзяюцца ў будучыні прыбраць від са Спісу пагражаемых пасля таго, як яно яму ўжо не будзе пагражаць так, як здарылася з аднаўленнем колькасці белагаловага арлана і сокала-падарожніка.
Дагэтуль маладыя кондары паспяхова выляталі з гнёздаў у Big Sur, паўднёвая Каліфорнія, у Арызоне і ў штаце Баха, Мексіка. Аднак для нацпарку Pinnacles і побач, дзе жывуць амаль 90 птушак, гэта першы паспяховы сезон размнажэння для кондараў і іх ахоўнікаў за 120 гадоў. Улады нацпарку трымаюць месцазнаходжанне гнязда ў сакрэце, каб наведвальнікі не турбавалі птушак.
“Маладая самка праводзіць шмат часу каля гнязда і часта трэніруе палёт. Бацькі не толькі прыносяць ёй ежу, але і вучаць лятаць і таксама паказваюць як рэагаваць на іншых кондараў” – сказала Рэйчэл Уолстэнхоўлм (Rachel Wolstenholme), мэнаджэр праграмы рэінтрадукцыі кондараў у нацпарку Pinnacles.
З 6 яек кондараў, адкладзеных тут з 2010 году, не вылупіўся ніводны малы. Яшчэ некалькі былі разбітыя крумкачамі, а адно птушанё амаль выляцела, але пашкодзіла крыло і цяпер знаходзіцца ў заапарку Лос Анджэлеса.
Атручванне свінцовай паляўнічай амуніцыяй (шротам) застаецца галоўнай праблемай кондараў у прыродзе. Кондары з’ядаюць здохлых аленяў, дзікоў і нават трупы жывёл памерам з вавёрку. Як мінімум некаторыя з іх былі падстрэленыя паляўнічымі – такім чынам шрот трапляе ў арганізм птушак і назапашваецца з часам, выклікаючы паступовае атручванне і смерць.
Паводле www.mercurynews.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з паспяховага гнязда National Park Service.
На гэтую тэму:
Каліфарнійскія кондары працягваюць гінуць
Шанцы выратаваць азіяцкіх грыфаў ад знікнення моцна павялічыліся
Азіяцкія грыфы зноў пад пагрозай знікнення
Чаму грыфы не хварэюць, харчуючыся падаллю?
Афрыканскія грыфы на мяжы знікнення
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ