Надзеі і вынікі, або падзеі вакол адной пустальжынай скрыні ў Гродна + VIDEO

            Пачалося ўсё, напэўна, з неапраўданых надзей. Як заўсёды ў гэтым годзе чакалі вяртання сокалаў на бернардынскі касцёл. Пры гэтым помнілася, што гнездаванне ў мінулы раз тут было ня ўдалым. Але месца здавалася добрым і надзейным. Таму мы да апошняга спадзяваліся на лепшае. Але нажаль птушкі не вярнуліся. Стала зразумела: калі хочам зрабіць новую трансляцыю з вэб камеры, трэба выбраць іншае месца. І наш выбар спыніўся на гняздзе, якое пэўна не менш цікавае, чым гняздо на касцёле.

             Упершыню мы ім зацікавіліся яшчэ ў 2011 годзе. Размяшчалася яно ў вентыляцыйнай адтуліне 10-ці павярховага жылога дома, які сокалы аблюбавалі нездарма. Дом знаходзіцца на паўночнай ўскраіне горада. Не так далёка ад яго знаходзяцца адкрытыя прасторы, якія адкрываюць магчымасці птушкам для палявання. Зручнае месца. І гнездаваць дзе ёсць, і ляцець паляваць далёка не трэба…

                                                                                                                 Від з даху дома

            У той самы дзень, калі мы ўпершыню заўважылі гняздо, нам удалося падняцца на тэхнічны паверх дома. І як высветлілася, своечасова. У вельмі вузенькай вентыляцыйнай адтуліне сядзела двое птушанят. Адно з якіх ужо паспела выкуліцца на бок тэхнічнага паверха. І каб у той самы моман мы не наспелі, птушанё пэўна б ужо загінула. Магчыма першапачаткова яек і птушанят было больш, але памеры нішы відаць сказалі сваё слова...

            Побач мы знайшлі невялікі кавалак ДВП і на цэглах ды блоках прыставілі яго да вентыляцыйнай адтуліны. Атрымалася такая невялікая часовая платформа, на якую мы пасадзілі птушанят.

А на наступны дзень сюды прымацавалі гнездавую скрыню, якая значна пашырыла гнездавую нішу і зрабіла яе больш бяспечнай.

У выніку ўсе двое птушанят былі выратаваны і паспяхова пакінулі гняздо.

            На наступны год пара пустальг заняла нашу гнездавую скрыню. Паляпшэнне жыллёвых умоваў дало свой вынік. Самка адклала цэлых 7 яек, з якіх вылупіліся ўсе 7 птушанят. 

                                                     здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

І ўсе яны таксама паспяхова вылецелі.

            І вось сёлета гнездавая скрыня зноў занята. І зноў пара “замахнулася” на 7 яек. Але на апошнім тыдні наседжвання адно з яек знікла. 

            Нажаль мы не заўважылі што здарылася. Можа дарослыя птушкі проста палічылі, што столькі птушанят на гэты раз не выгадуюць. Тым не менш, вэб-камера на месцы. Запрашаем пабачыць на свае вочы, як будуць далей разгортвацца падзеі на гняздзе…

            Але на гэтым асаблівасці нашага гнязда не заканчваюцца. Цікавым падаецца тое, што наша самка мае не тыповы характар афарбоўкі. На спіне і плячах колькасць цёмных плямаў і палос вельмі нізкая ў параўнанні з іншымі самкамі. А цёмныя палосы на рулявых пёрах вельмі тонкія і нават часта не даходзяць да краёў пяра. Здалёк хвост падаецца цалкам рудым.

    на фатаздыму зверху - самка з нашай скрыні, знізу - іншая самка з тыповай афарбоўкай

  Самка з такім ж тыпам афарбоўкі была адзначана на гэтым гняздзе і ў мінулы сезон гнездавання.

            А ў 2011 годзе на гэтым жа гняздзе мы знайшлі рулявое пяро самкі з такім жа характарам палосаў як і у цяперашняй.

злева - рулявое пяро ад самкі з нашай гнездавой скрыні, справа - тыповае рулявое пяро большасці самак

             Усё гэта дае падставы сцвярджаць, што на працягу трох апошніх год у гэтым месцы гняздуе адна і тая ж самка. Можа і клатка з 7 яек штогод не выпадковасць?:)

            Спадзяюся, што гэта гняздо нам раскажа яшчэ шмат чаго цікавага. Галоўнае – назіраць:

  http://birdwatch.by/pustalga_hrodna2013

Дзякуем Ігару Васільевічу Якіменка за пастаянную дапамогу і спрыянне ў даследаваннях і біятэхнічных мерапрыемствах на гэтым доме. 

Каментары

 Дзякуй - цікавае і выдатна ілюстраванае назіранне! Адносіны да птушак, за якімі назіраеш становяцца "больш блізкімі", калі ведаеш іх не адзін год і калі нешта іх вылучае сярод іншых.