Пачатак.
Дакументацыйныя здымкі
Наўрацці можна сказаць, што я забыўся пра тое, як у 2016 годзе перапосціў на сайце цікавае назіранне пра ратаванне вывадку вялікіх савукоў (Mergus merganser) на Гараднічанцы. Тады (а хутчэй за ўсё і ў папярэднія гады) самка загнездавала ў дупле старога ясеня ў парку Жылібера, прывяла качанят да рэчкі, дзе каля яе падземнага (у трубе) участку і пачаліся праблемы.
Але сам я не бачыў, каб самка выплывала з Гараднічанкі з малымі ў Нёман, а вось адваротныя сітуацыі - заплыў з Нёмана ў Гараднічанку, назіраў. І калі мінулай вясной здалёк назіраў за жыццём пары зімародкаў на гэтай рэчцы і ўбачыў як недалёка ад норкі зімародкаў прываднілася самка вялікага савука, успомніў пра іх (магчымае) гнездаванне недзе параўнальна побач.
Самка з цяжкасцю прабіралася супраць плыні паміж камянямі, галінамі дрэваў і нейкім будаўнічым смеццем амаль пешшу з-за неглыбокай вады, час ад часу апускаючы галаву пад ваду каб выглядзець магчымую здабычу. Разлік быў лагічны - калі б рыба заўважыла б яе і стала б уцякаць, супраць плыні ёй было б гэта цяжка зрабіць, а па плыні яна б тым больш трапіла б у дзюбу самкі. У больш глыбокіх месцах - дзе гэта мела сэнс - самка нырала. Тым не менш, параўнальна вялікія памеры качкі ператваралі яе ў хутчэй нязграбную ў параўнанні з шырынёй Гараднічанкі тут.
Пры мне самка нічога не злавіла і адляцела абодва разы некуды ўверх па плыні. А ў мяне ўзнікла мара - убачыць, як яна будзе выводзіць малых на Нёман. Я нават паспрабаваў знайсці магчымае месца гнездавання на рэчцы да яе выцякання з трубы пад плошчай, але ні тоўстага дрэва з дуплом адпаведнага памеру, ні былой бабрынай нары з выйсцем над вадой (савукі гняздуюць або ў дуплах, або ў норах) не знайшоў. Я нават двойчы сядзеў у чаканні магчымага прылёта самкі з боку парка Жылібера ў надзеі ўбачыць, як яна адтуль прыляціціь шукаць ежу на Гараднічанку, але марна.
07 і 13-04-2025 Гродна
Працяг будзе
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ