Канадзкія казаркі (Branta canadensis) ў Паўночнай Амерыцы збіраюцца ў вялікай колькасці ў гарадах з-за таго, што могуць там пазбягаць паляўнічых і лягчэй перанесці нізкія зімовыя тэмпературы – пра гэта кажа новае даследаванне.
Хэаф Хэйджы (Heath Hagy) і яго калегі з універсітэту Ілінойса ва Urbana-Champaign забяспечылі радыё-перадатчыкамі 41 казарку на тэрыторыі Вялікага Чыкага ў 2014-16 гг каб адсачыць іх перамяшчэнні. Хаця птушкі выкарыстоўвалі вельмі разнастайныя гарадзкія мясціны, яны перабіраліся на вадаёмы з глыбокай вадой і на рэкі замест газонаў у парках і падобных месцах калі тэмпература падала настолькі, каб гэта мела сэнс для захавання тэмпературы цела.
Для птушак, якія заставаліся ў межах гораду, зімовая выжывальнасць была нават 100%, тады як у казарак, якія ляталі харчавацца на навакольныя палеткі, яна склала толькі 48%! Такім чынам, хутчэй за ўсё большая бяспека зімуючых птушак у горадзе нашмат важнейшая за лепшы выбар і даступнасць ежы.
Лепшае разуменне выкарыстання казаркамі гарадзкіх тэрыторый можа зменшыць імавернасць канфліктаў птушак з чалавекам, напрыклад, сутыкненняў самалётаў з казаркамі. “Павелічэнне плошчы гарадзкіх тэрыторый і прасоўванне на поўнач пасеваў азімых зерневых змяніла характар міграцыі казарак. На жаль, некаторыя нашы вялікія гарады ператварыліся ў санктуарыі для гэтых птушак. Тут мясцовыя і прыляцелыя казаркі збіраюцца разам на зіму, каб пазбегнуць стрэлаў паляўнічых” – сказаў Хэйджы.
Робэрт Гэйтс (Robert Gates) з універсітэту Айдаха так пракаментаваў атрыманыя вынікі: “Гэтая работа паказвае асаблівасці паводзін і біялогіі зімуючых канадзкіх казарак адной з найбольшых папуляцый віду на захадзе ЗША. Яна выразна паказвае адаптацыі казарак да гарадзкога жыцця і іх карысць для птушак”.
Крыніца:
Dorak, B E, Ward, M P, Eichholz, M W, Washburn, B E, Lyons, T P, and Hagy, H M. 2017. Survival and habitat selection of Canada Geese during autumn and winter in metropolitan Chicago, USA. The Condor 119: 787-799.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак яго ж
На гэтую тэму:
ПРАГРАМА ПА ВЫНІШЧЭННІ ІНТРАДУКАВАНЫХ У ШТАТАХ ЛЕБЕДЗЯЎ-ШЫПУНОЎ ВЫКЛІКАЛА СПРЭЧКІ
Самая старая белашчокая казарка размяняла чацвёрты дзесятак
Горад ўкарачвае патэнцыйную працягласць жыцця птушак
Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?
Гарадзкія дамовыя вераб’і жывуць у большым стрэсе, чым сельскія
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ