Хаця для многіх еўрапейцаў лебедзь-шыпун (Cygnus olor) застаецца адным з сымбаляў прыгажосці, вернасці і кахання, для ЗША гэта агрэсіўны і дэструктыўны від-інтрадуцэнт, які для карысці мясцовай прыроды, па меркаванні навукоўцаў, павінен там знікнуць.
Від, абарыгенны для Еўразіі, больш за 200 гадоў таму (у пачатку 1800-х) быў завезены ў Паўночную Амерыку для ўпрыгожвання прыватных сядзібаў і паркаў. З таго часу шмат птушак уцяклі ў прыроду і колькасць шыпуноў у ЗША (у асноўным, на атлантычным узбярэжжы) павялічылася ў тысячы разоў. Таму ў шасці штатах прынятыя праграмы па паступовым вынішчэнні віду: ад знішчэння кладак да адстрэлу і атручвання газам дарослых птушак.
Штат Нью Йорк цяпер знаходзіцца на трэцім этапе праграмы, прынятай у 2013 годзе, мэта якой – поўнае вынішчэнне лебедзяў-шыпуноў, якія жывуць там у прыродзе, да 2025 году.. Большасць з 1700 мясцовых птушак знаходзяцца у межах гораду Нью Йорк, яшчэ адна невялікая папуляцыя жыве на возеры Антарыа.
Па сведчаннях прадстаўнікоў Агенства прыроды Мічыгана, лебедзі-шыпуны – адны з самых агрэсіўных вадаплаўных птушак, якія часта атакуюць мясцовых лебедзяў-трубачоў, гагачоў, качак і іншых вадаплаўных, а таксама з’ядаюць шмат вадаростаў, якімі таксама харчуюцца мясцовыя віды птушак і рыб. Штогод рэгіструюцца і выпадкі нападзенняў шыпуноў на людзей, якія праплываюць або праходзяць недалёка ад іх.
У Мічыгане колькасць шыпуноў павялічылася за апошнія 10 год з 5700 птушак да больш 15 тысяч. Паводле прынятай штатам праграмы, да 2030 году там павінны застацца не больш 2 тысяч птушак. Персанал агенства па ахове прыроды Мэрыленда вымушаны быў забіць сотні шыпуноў, каб захаваць у больш устойлівым стане экасістэму Chesapeake Bay. У штаце Уісконсін, дзе жывуць каля 600 шыпуноў, прынятая праграма з мэтай поўнага вынішчэння там віду. Падобныя праграмы маюць таксама штаты Агайа і Мінесота.
Абмеркаванні праблемы ў грамадзтве прывялі да таго, што у 2005 годзе кангрэс пагадзіўся на дазвол службе па рыбалоўству і ахове прыроды (US Fish and Wildlife Service) выключыць від са спісу відаў, якія знаходзяцца пад федэральнай аховай.
Аднак абаронцы жывёл не здаюцца. Праграма па вынішчэнні віду ў штаце Нью Йорк выклікала шматлікія пратэсты і мясцовы губернатар Эндр’ю Куома падпісаў біль, які прадугледжвае двухгадовы мараторый на актыўныя дзеянні па змяншэнні колькасці шыпуноў, абавязвае штат прывесці больш навуковых абгрунтаванняў неабходнасці вынішчэння віду і правесці грамадзкія слуханні.
Выглядае на тое, што без падтрымкі грамадзтвам неабходнасці вынішчэння лебедзя-шыпуна як інвазійнага чужароднага віду не атрымаецца ачысціць ад яго амерыканскія вадаёмы і вадатокі.
Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Мікалая Гулінскага
На гэтую тэму:
Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў
Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты
“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай
Папугаі-інтрадуцэнты даказана шкодзяць мясцовым відам птушак
Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе
Вынішчыць адных папугаяў каб захаваць іншых
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ