Новае даследаванне тлумачыць адсутнасць многіх экзатычных відаў птушак у фауне краін Усходняй Еўропы тым, што на працягу 46 гадоў яны былі ізаляваныя ад краін Захаду “жалезнай заслонай”. Менавіта строгая ізаляцыя краін былога сацлагеру ад капіталістычных дзяржаў аказала пазітыўны ўплыў на авіфауну краін Усходняй Еўропы. Ў той час, як заходнія краіны “паляпшалі” сваю прыроду папугаямі ды ткачыкавымі, інтрадуцэнтамі на ўсходзе кантыненту станавіліся галоўным чынам птушкі для паляванняў: бажаны, качкі, гусі ды курапаткі.
Навукоўцы склалі спіс птушак-інтрадуцэнтаў, якія былі некалі завезеныя ў Еўропу і былі здольныя стварыць тут гняздуючыя папуляцыі, якія самападтрымліваюцца. Праф. Саліт Кэрк (рrofessor Salit Kark), які ачоліў каманду даследчыкаў з Hebrew University (Іерусалім, Ізраіль) падкрэслівае, што інвазійныя чужародныя віды застаюцца адной з галоўных пагроз захаванню біяразнастайнасці.
"Пад час “халоднай вайны” некалькі відаў птушак былі інтрадукаваныя ў краінах сацблоку, тады як на Захадзе выпусцілі нашмат больш відаў. Так атрымалася, што “жалезная заслона” прадухіліла ўсходнееўрапейскія краіны ад гэтых інвазій. Пасля краху камуністычнай сістэмы, шлях для інтрадуцэнтаў з захаду кантыненту прыадчыніўся, аднак менавіта гэтая адкрытасць дае цяпер магчымасць змагацца з інтрадуцэнтамі і вырашаць праблему разам.”
Вынікі, апублікаваныя ў часопісе Biological Conservation, паказваюць, што ў Заходняй Еўропе колькасць відаў-інтрадуцэнтаў птушак увесь час расла: з 36 перад пачаткам “халоднай вайны”, да 46 за перыяд з 1945 па 1991 год, і да 54 у наш час. У краінах Усходняй Еўропы “халодная вайна” пачалася з 11 відамі птушак-інтрадуцэнтаў, і за час яе працягу да іх дадалося толькі 5 новых відаў. Тым не менш, яшчэ 14 са 121 магчымага іншаземнага віду птушак праніклі ў гэтыя краіны ўжо пасля 1991 году.
"Некаторыя з іх – такія як аброжныя (Ring-necked Parakeet, радзіма – Індыя) і папугаі-манахі (Monk Parakeet, радзіма – Паўднёвая Амерыка), распаўсюджваюцца вельмі хутка.” – падкрэсліў праф. Кэрк. “Аднак факт таго, што краіны Еўразвязу маюць яшчэ шмат супольнага, акрамя адкрытых межаў, значыць што і дзейнічаць яны могуць супольна: выпрацаваць адпаведную палітыку і прымяніць яе на практыцы”.
З-за значна ўзрослай небяспекі пранікнення чужародных відаў птушак на новыя тэрыторыі на ўсходзе дзейнічаць трэба неадкладна, каб прадухіліць гэта. Бо многія віды-інтрадуцэнты пакуль застаюцца ў межах тых рэгіёнаў, дзе яны былі выпушчаны ў прыроду.
З падобнай праблемай, але пакуль што без адпаведнай палітыкі адносінаў да чужародных відаў, сутыкаюцца Індыя і Кітай, дзе перамяшчэнне тавараў і людзей узрасло драматычна. Пакуль з’ява не прыняла неадваротны характар, з ёй трэба змагацца, выкарыстоўваючы ўрокі з мінулага.
Паводле www.birdwatch.co.uk і www.news.bbc.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Здымак пары бажанаў – аднаго з самых распаўсюджаных відаў птушак-інтрадуцэнтаў у Еўропе Дзьмітрыя Вінчэўскага
Больш на гэтую тэму:
У Польшчы будзе можна больш эфектыўна вынішчаць жывёл-інтрадуцэнтаў?
Паспяховы працяг грандыёзнага праекту па ўзнаўленні прыродных экасістэм на востраве Мана
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Harrier - 15.12.2009 - 11:43
Вось і мы прарвалі "жалезную
Вось і мы прарвалі "жалезную заслону" і зноў у ліку 200 найлепшых бёдуотчарскіх сайтаў - 200 месца ў 11:43.