Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе

Папугай Крамера (Psittacula krameri), названы так у гонар нямецкага заолога XVIII стагоддзя і абарыгенныя папуляцыі якога распаўсюджаны ў трапічнай Афрыцы і на Індастане, ў апошнія дзесяцігоддзі стаў паспяховым інвазійным відам-інтрадуцэнтам у многіх краінах Свету і асабліва Еўропы.


Эксперыментальнае даследаванне, праведзенае ў Лондане, паказала негатыўнае ўздзеянне  папугаяў Крамера на паводзіны мясцовых птушак пад час пошуку корма і харчавання апошнімі. Аднак негледзячы на хуткае павілічэнне папугаямі колькасці па-за натуральным арэалам, поўнае яго ўздзеянне на мясцовыя віды птушак яшчэ чакае сваіх даследчыкаў.

Апошняя публікацыя, прысвечаная ўлікам папугаяў Крамера на нашым кантыненце, паказала, што від пачуваецца вельмі добра ў многіх еўрапейскіх гарадах і яго агульная колькасць тут дасягнула нават 85 тысяч асобін! Даследаванне праводзілася Еўрапейскай сеткай па інвазійных папугаях (ParrotNet research network) пад кіраўніцтвам д-ра Рахель Уайт (Dr Rachel White) з універсітэту Брайтана (Вялікабрытанія).
 

Хаця ў краінах Усходняй і Паўночнай Еўропы папугаі Крамера пакуль не ўяўляюць сабой праблему, ў Вялікабрытаніі паводле апошняга выдання “Атласа птушак…”  (Bird Atlas 2007-11) было каля 8600 гняздуючых пар, што фактычна азначае дзесяцікротнае павелічэнне колькасці паміж 1995 і 2010 гадамі. У апошнія гады Вялікі Лондан падтрымлівае начлег да 6 тысяч птушак, прычым месцы начлегу рэгулярна змяняюцца. На Брытанскіх астравах від сустракаецца амаль выключна ў гарадах і моцна звязаны з дзейнасцю чалавека. Ў апошнія гады гнездаванне адзначана на поўначы Англіі ў Ньюкасле, а асобныя птушкі нават у Шатландыі.

Д-р Уайт сказала: “Інвазіі чужародных відаў – адна з асноўных пагроз біяразнастайнасці, сельскай гаспадарцы і часам нават  здароўю людзей. Папугаі Крамера, якіх мы цяпер бачым у Еўропе, паходзяць ад птушак з Індыі І Пакістану, якія збеглі з прыватнай гадоўлі і іх патомкі. Яны без сумневаў ёсць паспяховымі інтрадуцэнтамі, і хаця іх сапраўднае ўздзеянне на нашу прыроду невядомае, хуткі рост іх папуляцый выклікае непакой”.  

“У Ізраіле /дзе гэты від таксама чужародны/ папугаі Крамера лічацца шкоднікамі і іх адстрэльваюць, таму што яны шкодзяць вырошчванню сланечніка, фінікаў і міндаля, тады як у Гішпаніі забаронена ўтрымліваць гэты від у якасці хатніх гадаванцаў каб зменшыць рызыку іх выпадковага або спецыяльнага выпуску ў прыроду”.

З пачатку 1970-х гадоў як мінімум 90 папуляцый узнікла і самападтрымліваюцца ў 10 краінах Еўропы, прычым амаль усе вельмі хутка павялічваюць сваю колькасць. Таму важна назіраць за зменамі ў такіх і новых месцах гнездавання папугаяў і на месцах іх начлегу, дзе іх заўважыць найлягчэй.

 

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.riccardoscalera.blogspot.com

 

 

На гэтую тэму:

ПАПУГАІ-ІНТРАДУЦЭНТЫ ДАКАЗАНА ШКОДЗЯЦЬ МЯСЦОВЫМ ВІДАМ ПТУШАК

СМОГУТ ЛИ ПОПУГАИ ОСВОИТЬ ПРИРОДУ БЕЛАРУСИ?

ІНТРАДУКАВАНЫЯ ПАПУЛЯЦЫІ ПАПУГАЯЎ МОГУЦЬ ДАПАМАГЧЫ АБАРЫГЕННЫМ

ВЫНІШЧЫЦЬ АДНЫХ ПАПУГАЯЎ КАБ ЗАХАВАЦЬ ІНШЫХ

МСАП (IUCN) ПРАПАНУЕ НАРЭШЦЕ СКЛАСЦІ ЧОРНЫ СПІС ІНВАЗІЙНЫХ ВІДАЎ

ЕЎРАЗВЯЗ РАСПАЧНЕ БАРАЦЬБУ З ІНВАЗІЙНЫМІ ІНТРАДУЦЭНТАМІ

ІНТРАДУЦЭНТЫ АФІЦЫЙНА ПРЫЗНАНЫЯ ПАГРОЗАЙ ДЛЯ ПОЛЬСКАЙ ПРЫРОДЫ

Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай