Пасля многіх зменаў агульных падыходаў да рашэння праблемы, тры галоўныя ўстановы Еўразвязу прыйшлі да кампрамісу наконт тых захадаў, якія трэба прыняць, каб прыпыніць шкоды, выкліканыя інтрадукаванымі відамі раслін і жывёл.
У верасні мінулага году Еўрапейская камісія (European Commission) прапанавала тэкст рэгуляцый для каардынацыі Усееўрапейскай акцыі супраць інвазійных чужародных відаў (pan-European action on Invasive Alien Species). Дагэтуль чальцы Еўразвязу дзейнічалі кожны па-рознаму без адпаведнай каардынацыі. Таму часта дзеянні ў адной краіне трацілі сэнс з-за таго, што інтрадуцэнты не прызнаюць дзяржаўных межаў і рассяляліся ізноў з суседніх краін.
Адной з самых важных частак тэксту рэгуляцый было ўсталяванне “чорнага спісу” найбольш небяспечных відаў, да якіх збіраліся прыняць розныя меры біялагічнай бяспекі (ад забароны на транспартыроўку да забароны на выпуск у прыроду ці ўвогуле ўтрыманне). Спіс утрымліваў толькі 50 відаў, негледзячы на тое, што на кантыненце цяпер вядома ажно 12 тысяч відаў-інтрадуцэнтаў. Сярод гэтай колькасці 1500 відаў ужо добра вядомыя як сур’ёзныя шкоднікі.
Пасля таго, як чорны спіс быў абнародаваны, з боку навукоўцаў і ахоўнікаў прыроды раздаліся заклікі быць больш рэалістычнымі і прыняць такі план дзеянняў, які будзе заснаваны на больш навуковых падыходах.
Прапанаваны тэкст са зменамі быў дасланы ў Еўрапейскі парламент і Раду. Пад націскам футраной індустрыі, асабліва данскай, група прадстаўнікоў некалькіх краін заклікала зрабіць выключэнні для некаторых небяспечных відаў інтрадуцэнтаў, каб іх можна было разводзіць і гандляваць імі. Аднак тыя “эканамічныя інтарэсы”, на якія спасылалася футраное лобі, ігнаруюць факт таго, што наўпроставыя і ўскосныя шкоды эканоміцы і навакольнаму асяроддзю ад інтрадуцэнтаў у Еўропе хутка павялічваюцца і ўжо аценьваюцца на больш чым 12 мільярдаў эўра штогод. Калі абмежавальныя прапановы ўласнікаў зверафермаў для некаторых краін будуць прынятыя, яны зноў могуць звесці барацьбу з некаторымі інтрадуцэнтамі на нішто.
Другая непрымальная прапанова была ў тым, каб выключыць з “чорнага спісу” тыя віды, якія ўяўляюць праблему толькі для асобных частак Еўразвязу. Адным з такіх інвазійных інтрадуцэнтаў з’яўляецца водны гіяцынт, які амаль паралізаваў жыццё ў рэках Міжземнаморскага басэйну, але не выжывае ў больш халодным умераным клімаце. Аднак навукоўцы падкрэсліваюць, што ў зоне вольнага перамяшчэння людзей і тавараў, якой ёсць краіны Еўразвязу, патрэбны менавіта агульныя правілы і дзеняні супраць інтрадуцэнтаў. Бо, напрыклад, нічога не перашкодзіць у выпадку адсутнасці агульнага спісу для рэгіянальна праблемных відаў перавезці інтрадуцэнта з аднаго рэгіёну ў другі і там выпусціць ці вырошчваць.
Канчатковае пагадненне, якое было заключана 5 сакавіка паміж Еўрапейскім парламентам, Еўрапейскай камісіяй пад прэзідэнствам Грэцыі, яшчэ далёка ад ідэальнага варыянта, але стварыла рамкі для пачатку глыбокага аналізу праблемы і найлепшых выйсцяў з яе. “Чорны спіс”з найбольш небяспечных 50 відаў быў выдалены і незалежны форум навукоўцаў будзе створаны для таго, каб дасягнуць такога спісу і такіх мераў, якія будуць заснаваныя на навуковай аснове без палітычнага ціску. Таксама былі адмененыя шматлікія выключэнні-саступкі. Аднак тэкст дазваляе заснаванае на ліцэнзіях развядзенне і вырошчванне інтрадуцэнтаў (напрыклад, на зверафермах ці ў пітомніках раслін) і цяпер будзе вырашацца што яшчэ, акрамя ліцэнзіі, павінна абмяжоўваць гэты рынак
Многія іншыя важныя палажэнні тэксту рэгуляцый не прапісаны дэталёва, таму як і што будзе прынята і дзейнічаць (або не), стане вядома ў бліжэйшай будучыні.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак аднаго з самых шырока распаўсюджаных відаў-інтрадуцэнтаў качак у Еўропе -качкі-мандарынкі -Анджэя Смаліньскага
На гэтую тэму:
Дасягнуты значныя поспехі ў вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта
ІНТРАДУЦЭНТЫ АФІЦЫЙНА ПРЫЗНАНЫЯ ПАГРОЗАЙ ДЛЯ ПОЛЬСКАЙ ПРЫРОДЫ
ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ ПРЫБЯРЭ ЯШЧЭ АДЗІН ВІД-ІНТРАДУЦЭНТ
“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай
Прынц Чарльз ачоліў рух супраць самага вядомага віда-інтрадуцэнта ў Вялікабрытаніі
Comments
67 (not verified) - Sat, 03/15/2014 - 22:19
шкада, што спісу няма. Раз
Harrier - Sat, 03/15/2014 - 23:14
In reply to шкада, што спісу няма. Раз by 67 (not verified)
Варта пачакаць новага
Варта пачакаць новага чорнага спісу і рэкамендацый па барацьбе з імі. І тады сапраўды трэба дзейнічаць разам з больш заходнімі краінамі.