Праект па вынішчэнні качкі-інтрадуцэнта працягнуты

Не гледзячы на спробы вынішчэння, дзякуючы брытанскай урадавай праграме, якая працягвалася 5 апошніх год, параўнальна шмат амерыканскіх савак (Oxyura jamaicensis) – качак-інтрадуцэнтаў - застаецца ў гэтай краіне і праграма па іх элімінацыі будзе працягнута яшчэ на поўгады. 


 Апошняя справаздача паказала, што ўсяго з 1 красавіка 2009 па 30 чэрвеня 2010 г. ў Вялікабрытаніі было забіта 738 дарослых і маладых качак гэтага віду ў 37 месцах. Агенцтва па ежы і навакольнаму асяроддзю (The Food and Environment Research Agency (Fera)) працягвае збіраць дадзеныя па месцах гнездавання і зімоўкі амерыканскіх савак, якія не былі наведаныя да гэтага часу і дзе плануецца іх адстрэл.
Брытанская папуляцыя амерыканскай саўкі была зменшаная з прыкладна 4400 птушак перад пачаткам праграмы ў 2005 годзе да прыкладна 200 дарослых качак у ліпені 2010 году. З-за гэтага праект, які мусіў скончыцца ў канцы жніўня сёлета, будзе працягнуты да сакавіка 2011.
Вынішчэнне качак-інтрадуцэнтаў фінансуецца аддзелам LIFE-Nature Еўразвязу і дзяржаўным агенцтвам Defra, і будзе працягнута дзякуючы з’эканомленным рэсурсам пад час апошніх 5 год.
І хаця многія людзі выступаюць супраць такога жорсткага падыходу да гэтага віду-інтрадуцэнта, за “вайной” супраць яго ляжыць шляхетная мэта, якую прасоўваюць некалькі арганізацый і пагадненняў па ахове птушак: RSPB, Wildfowl & Wetlands Trust, BirdLife International, Agreement on the Conservation of African-Eurasian Migratory Waterbirds (AEWA), а таксама Еўрапейская камісія.
З пачатку 1990-х гг. амерыканскія саўкі, якія напэўна паходзяць з выпускаў на тэрыторыі Вялікабрытаніі, сталі ва ўсё большай колькасці залятаць у Гішпанію, дзе сталі скрыжоўвацца з мясцовымі еўрапейскімі саўкамі (Oxyura leucocephala) – блізкім відам, якому пагражае знікненне ў глабальным маштабе і які распаўсюджаны толькі ў Гішпаніі.
 

Толькі 2 амерыканскія саўкі былі адзначаныя ў Гішпаніі са студзеня 2009 году, што дазваляе казаць пра поспех праграмы вынішчэння віду-інтрадуцэнта. Без гэтых радыкальных дзеянняў пра існаванне еўрапейскай саўкі можна было б забыць ужо ў бліжэйшыя гады.
 Як адзначылі прадстаўнікі RSPB, неабходнасць хуткіх дзеянняў па вынішчэнні амерыканскіх савак у Еўропе была даказана навуковымі дадзенымі. Аднак яны не зашкодзяць амерыканскай саўцы як віду, бо гэтыя качкі змогуць як і раней гнездаваць без перашкодаў на сваёй радзіме – ў Паўночнай Амерыцы.
 

Больш пра віды-інтрадуцэнты ў Вялікабрытаніі можна даведацца на адмысловым сайце:
See the latest information at the GB non-native species secretariat website


Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і здымак амерыканскай саўкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

На гэтую тэму:

Мэта – вынішчыць качку-інтрадуцэнта

“Жалезная заслона” хоць у нечым аказалася карыснай

У Швецыі трусоў-інтрадуцэнтаў выкарыстоўваюць як біяпаліва