Сталоўкі для птушак змяняюць даўжыню дзюбы ў вялікіх сініц

вялікая сініца

Дадатковае харчаванне, якое становіцца даступным дзікім птушкам і якое мы выкладваем для іх спецыяльна ці яны карыстаюцца ім на нашых звалках, здольнае змяняць, як аказваецца, не толькі іх міграцыйныя паводзіны. У некаторых вялікіх сініц (Parus major) у Вялікабрытаніі дзюба становіцца даўжэйшай – і гэтыя змены даследчыкі звязваюць менавіта з вялікай колькасцю круглагадзічных птушыных сталовак у краіне.

Вялікія сініцы па ўсёй Еўропе знешне выглядаюць падобна. Аднак маштабнае параўнанне геному гэтых птушак з Вялікабрытаніі і Нідэрландаў дало магчымасць выявіць асноўнае генетычнае адрозненне паміж папуляцыямі сініц з двух краін. За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў у птушак з Брытанскіх астравоў генатып стаў забяспечваць сініцам троху даўжэйшыя дзюбы. З-за таго, што форму і памер дзюбы ў птушак звычайна звязваюць з тыпам асноўнай ежы віду, навукоўцы спекулююць, што такім чынам брытанскія вялікія сініцы адаптуюцца да шырокадаступнай у краіне ежы на птушыных сталоўках.

“У іншых даследаваннях было паказана, што дзюбы птушак адчувальныя да зменаў у навакольным асяроддзі і здольныя змяняцца адпаведна з ім” – сказала Міртэ Боссэ (Mirte Bosse), адна з сааўтарак даследавання, эколаг з Wageningen University & Research (Нідэрланды). “Наша работа паказвае, што нават у нашых дварах могуць адбывацца невялікія эвалюцыйныя змены”.

Усяго для параўнання былі выкарыстаныя дадзеныя ад 2322 вялікіх сініц з Вялікабрытаніі і Нідэрландаў. Знойдзеныя генетычныя адрозненні паміж двума папуляцыямі паказваюць, што натуральны адбор падтрымліваў змены, у асноўным звязаныя з генамі, якія вядомыя як адказваючыя за форму і даўжыню дзюбы. Напрыклад, даследчыкі знайшлі, што варыянт гена COL4A5-C, які звязваецца з больш дрўгай дзюбай, часцей сустракаецца ў сініц з Вялікабрытаніі.

Прамеры сініц з калекцый музеяў таксама паказалі, што брытанскія сініцы маюць у сярэднім на 0,5 мм даўжэшую дзюбу за птушак з кантытнентальнай Еўропы. Дакладныя прамеры за 26 апошніх гадоў сведчаць пра тое, што даўжыня дзюбы сініц на Брытанскіх астравах павялічылася на 0,1 мм.

Акрамя гэтага, атрымалася знайсці, што сініцы з генам даўжэйшай дзюбы былі больш паспяховымі ў размнажэнні ў параўнанні са “звычайнымі” птушкамі. Што з’яўляецца прычынай гэтага большага поспеху менавіта ў Вялікабрытаніі, застаецца яшчэ невядомым. У складзе прыроднай ежы вялікіх сініц як з Вялікабрытаніі, так і з Нідэрландаў не было знойдзена значных адрозненняў: гэта насякомыя і павукападобныя, ягады і насенне раслін. Аднак значнае распаўсюджанне і круглагадзічнасць птушыных сталовак на Брытанскіх астравах, а значыць і большая даступнасць ежы з іх, можа лічыцца важным фактарам і адрозненнем. Маштабнае даследаванне, праведзенае ў Вялікабрытаніі ў 2008 годзе паказала, што амаль палова хатніх гаспадарстваў там – а гэта 12,6 мільёнаў дамоў – выкладвае дзікім птушкам дадатковае харчаванне. Па коштах гэтае харчаванне ў два разы большае, чым трацяць на яго ва ўсёй астатняй Еўропе!

Дзякуючы назіранням за вялікімі сініцамі з дапамогай электронных прыладаў, навукоўцы таксама знайшлі, што сініцы з дамінантным “генам доўгай дзюбы” наведваюць птушыныя сталоўкі значна часцей, чым птушкі з рэцэсіўным падобным генам або з генам “кароткай дзюбы”.

Дадатковыя даследаванні патрэбныя, каб зразумець перавагу даўжэйшай дзюбы для харчавання на птушыных сталоўках.

 

Крыніца:

M. Bosse et al. Recent natural selection causes adaptive evolution of an avian polygenic trait. Science. Vol. 358, October 20, 2017, p. 365. doi: 10.1126/science.aal3298.

Паводле www.sciencenews.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Сяргея Саковіча

 

 

На гэтую тэму:

Карміць ці не карміць птушак узімку?

Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання

Дадатковае зімовае харчаванне змяніла месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

Як выжываюць тыя птушкі, якія застаюцца зімаваць на поўначы?

Будучыня белых буслоў – наша смецце?