Будучыня белых буслоў – наша смецце?

Згодна з фальклорам многіх еўрапейскіх народаў, белыя буслы (Ciconia ciconia) раней прыносілі людзям дзетак. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі яны маглі б прыносіць людзям … іх жа смецце. Від раней адлятаў на зіму нават у Паўднёвую Афрыку, а вясной вяртаўся ў Еўропу на гнездаванне. Аднак з сярэдзіны 1980х гадоў усё большая колькасць буслоў застаецца круглы год у Заходняй Еўропе, а менавіта ў Гішпаніі і Партугаліі. Адгадка такой змены паводзін птушак аказалася простай – буслы сталі рэгулярна харчавацца на звалках рэшткамі нашай ежы.

Такім чынам від аказаўся адным з тых, якія радыкальна змянілі свае міграцыйныя паводзіны з-за нашай дзейнасці.
Новае даследаванне, вынікі якога былі нядаўна апублікаваныя, паказала, што партугальскія і гішпанскія белыя буслы сталі аселымі птушкамі, якія гняздуюць вакол звалак і трымаюцца там жа круглы год. Такая прывязанасць буслоў да адкрытых звалак можа мець трагічныя наступствы, таму што адкрытыя звалкі мусяць быць ператвораны ў закрытыя ў бліжэйшыя гады згодна з дырэктывай Эўразвязу.

Галоўны аўтар даследавання, д-р Алд’іна Франка (Dr Aldina Franco) са Школы навук аб навакольным асяроддзі ўніверсітэту Усходняй Англіі (UEA's School of Environmental Sciences), сказаў: “За апошнія 20 гадоў партугальская папуляцыя белага бусла павялічылася ў 10 разоў – цяпер яе памер каля 14 тысяч птушак і іх колькасць працягвае павялічвацца.
Каб лепш зразумець механізмы, якія стаяць за знікненнем міграцыйных паводзін, мы даследавалі сувязі птушак са звалкамі. Аказалася, што пастаянная даступнасць ежы са смецця ўздзейнічае на размяшчэнне гнёздаў, штодзённыя адлегласці палётаў і плошчу пошуку ежы бусламі”.

Навукоўцы забяспечылі 48 птушак трэкерамі GPS, якія перадавалі іх месцазнаходжанне 5 разоў за дзень, а таксама запісвалі дадзеныя аб паводзінах птушак з дапамогай датчыка вібрацый (accelerometer’а). Гэтыя трэкеры былі распрацаваныя ўніверсітэтам Усходняй Англіі супольна з калегамі з універсітэтаў у Лісабоне і Порта (Партугалія) і British Trust for Ornithology.

Атрыманыя дадзеныя дазволілі даследчыкам не толькі прасачыць перамяшчэнні буслоў паміж месцамі гнездавання і звалкамі, але і ведаць калі буслы стаялі і чысцілі пер’е, інкубавалі яйкі ці харчаваліся.

“Буслы моцна звязаны са звалкамі як крыніцамі харчавання. Асабліва звалкі важныя ў паслягнездавы перыяд, калі іншыя крыніцы харчавання моцна абмежаваныя. Гэта прывяло да ўтварэння аселых папуляцый. Мы знайшлі, што звалкі дазваляюць круглы год выкарыстоўваць гнёзды – цалкам новыя паводзіны, якія ўзніклі толькі нядаўна. Такая стратэгія дазваляе аселым птушкам выбіраць найлепшыя месцы гнездавання і пачаць гнездаванне раней. Блізкае месцазнаходжанне гнязда да месца гарантаванага знаходжання ежы дазваляе такім буслам заставацца там і на зіму.” Гэта таксама прыводзіць да таго, што птушкі з такіх гнёздаў агрэсіўна бароняць іх ад іншых буслоў.  
 

“Акрамя гэтага мы знайшлі,  што буслы з больш аддаленых ад звалак гнёздаў стараюцца загнездаваць на адлегласці не большай, чым 25 км ад звалкі, а ўзімку знаходзіцца не далей, чым 40 км ад яе. Гэта нашмат далей, чым паказалі папярэднія даследаванні.

Згодна з новымі Дырэктывамі ЭЗ па звалках, адкрытыя звалкі смецця ў Партугаліі паступова будуць замяняцца новымі, дзе рэшткі ежы будуць недаступныя птушкам. Гэта створыць праблемы для буслоў і ім прыйдзецца знайсці альтэрнатыўныя крыніцы ежы ўзімку. Таксама гэта будзе ўздзейнічаць на іх распаўсюджванне, месцы гнездавання, поспех гнездавання і рашэнне аб міграцыях”.

Крыніца:

Gilbert, N A, Correia, R A, Silva, J P, Pacheco, C, Catry, I, Atkinson, P W, Gill, J A, and Franco, A M A. 2016Are white storks addicted to junk food? Impacts of landfill use on the movement and behaviour of resident white storks (Ciconia ciconia) from a partially migratory populationMovement Ecology 4: DOI 10.1186/s40462-016-0070-0.  

Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі,

здымак белага бусла ў Гродна – яго ж

 

На гэтую тэму:

Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты

Чаму белыя буслы больш не хочуць ляцець у Афрыку?

Поспех чаек - смецце

Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання

Карміць птушак ці не?

Дадатковае зімовае харчаванне змяніла месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак