Карміць ці не карміць птушак узімку?

 У яўнай супярэчнасці да большасці ранейшых уяўленняў пра дапамогу дзікім птушкам узімку ў выглядзе прапановы ім дадатковага харчавання на сталоўках, новае даследаванне прыйшло да высновы, што такая дапамога можа значна змяншаць выжывальнасць птушанят такіх птушак.  

Навукоўцы на працягу некалькіх гадоў даследавалі сініх сініц (Cyanistes caeruleus) у 9 месцах у графстве Корнуол (Cornwall), Вялікабрытанія, прапануючы ім дадатковае харчаванне ў выглядзе шарыкаў з жывёльных тлушчоў, такіх жа шарыкаў, але ўзбагачаных вітамінам Е і кантрольнай групы, якім не прапаноўвалі нічога. Адмыслова развешаныя для сініх сініц сінічнікі правяралі ў кожнай з 9 пляцовак вясной і вызначалі колькасць яек у кладках, колькасць птушанят і іх памеры, а таксама памер эмбрыянальнай і постнатальнай (сярод птушанят) смяротнасці.

Вынікі, апублікаваныя ў часопісе Scientific Reports, кажуць пра тое, што тыя сініцы, якія карысталіся з дадатковага зімовага харчавання, мелі птушанят меншага памеру (вагі), шанцы якіх на выжыванне былі істотна меншымі, чым у птушанят тых птушак, якія такой дапамогі не атрымлівалі. Д-р Джон Блаўнт (Dr Jon Blount) з універсітэту Exeter, які ачольваў каманду даследчыкаў, пракаментаваў атрыманыя вынікі наступным чынам: "Хаця дакладныя прычыны таго, чаму папуляцыі птушак, якія атрымлівалі дадатковае харчаванне ўзімку адпаведна маюць меншы поспех размнажэння застаюцца незразумелымі, не менш цікава ці знойдзеная заканамернасць адносіцца толькі да зімовай падкормкі, ці таксама да тых птушак, якія карыстаюцца з дадатковага харчавання круглы год”. 

Дапамога птушкам праз узбагачэнне іх абмежаванай зімовай дыеты – вельмі распаўсюджаная практыка ў многіх краінах, асабліва папулярная ў Вялікабрытаніі і ЗША, дзе штогод прадаецца больш за 500 тысяч тон прамыслова падрыхтаваных кармоў для дзікіх птушак. Вітамін Е дадаваўся ў дадатковае харчаванне адной з груп сініц для таго, каб імітаваць арэхі ды насенне, дзе ён утрымліваецца ў параўнальна вялікай канцентрацыі. 

Папярэднія даследаванні паказалі, што дадатковае харчаванне для дзікіх птушак з’яўляецца амаль адразу значнай дапамогай у іх выжыванні і можа вызначаць будучы поспех размнажэння. Д-р Кэйт Пламер (Dr Kate Plummer) з Брытанскага арніталагічнага трасту (British Trust for Ornithology), якая пазначана першым аўтарам артыкула сказала, што магчымая прычына атрыманых імі вынікаў можа быць у павелічэнні выжывальнасці тых птушак, якія інакш проста не перажылі б зіму і не размнажаліся б. Таму іх нізкія фізічныя паказчыкі прыводзяць да таго, што яны маюць слабае і нешматлікае патомства. 

Такім чынам аўтары артыкулу прапануюць правесці дадатковыя даследаванні наконт магчымай карысці падкормкі дзікім птушкам, яе ўзроўню і сезонаў, калі гэта варта рабіць. 

Крыніца: Plummer, K. E., Bearhop, S., Leech, D. I., Chamberlain, D. E. & Blount, J. D. 2013. Winter food provisioning reduces future breeding performance in a wild bird. Scientific Reportsdoi:10.1038/srep02002

Паводле www.birdguides.com  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by  

Здымак сіняй сініцы Мікалая Гулінскага

 

На гэтую тэму:

Карміць птушак ці не?

Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання

Як у школе арганізаваць дапамогу птушкам ўзімку?

ЦІ АДДЗЯЧВАЮЦЬ ПТУШКІ ДОБРЫМ ЛЮДЗЯМ?

Шэрыя зімы для сінix сініц

 

 

Comments

 Напэўна, можна і так інтэрпрэтаваць. Для мяне ж сэнс артыкулу больш складаны - не заўсёды тое, што  лічыцца (нашай) дапамогай птушкам, сапраўды такой з'яўляецца. Тым больш, калі на гэтым робяцца сотні мільёнаў даляраў адмысловай галіной харчовай прамысловасці.

І тлумачэнне назіраемага лагічнае - найбольш дадатковым харчаваннем падтрымліваюцца, канешне, слабыя птушкі, якія без яго не перажылі б зіму. Тым больш у нашых, больш складаных, чым у Вялікабрытаніі, зімовых ўмовах. Таму, сапраўды ратуючы некаторых птушак, мы прыносім шкоду папуляцыі, дазваляючы захоўваць ды распаўсюджваць свае гены "слабых" птушак, якія інакш элімінаваліся б адборам. А тое, што нізкарангавыя птушкі выбіраюць для размнажэння іншых нізкарангавых - таксама даказана (гл. спасылку на артыкул На гэтую тэму). 

 Падтрымліваем ці не - складанае пытанне... 

З уласных дзвюхгадовых назіранняў дадам наступнае. 

Зімой 2012 падтрымваў верб'ёў зернем амаль штодзенна. І было іх даволі шмат напрацягу ўсяго наступнага цеплага часу.

Зімой 2013 такой магчымасці ў мяне не было, таму і не стаў іх прывабліваць "легкай" ежай. Дык вось, гэтым летам вераб'ёў у такой колькасці не назіраю. 

Ці проста паразляталіся... Ці засталіся толькі самыя генетычна трывалыя... Цяжка сказаць.

Але ж адно можна сказаць упэўнена. Нашыя зімы шмат цяжэйшыя і даўжэйшыя за брытанскія, таму дапамагаць птушкам можна :)

 Каб від як сістэма папуляцый і асобных птушак існаваў, павінен працаваць натуральны адбор, які дапасуе від да тых умоваў, ў якіх ён апынуўся. Каб адбор мог адбіраць некага, а некага застаўляць, нехта павінен гінуць. Звычайна гэта адбываецца ў найменш спрыяльныя для асобін умовах - у нас узімку. 

Таму, дапамаючы асобнай птушцы (якую, канешне, шкада), мы не абавязкова дапамагаем віду. Вось у чым сэнс і праблема.

Я не думаю, што аўтары артыкулу заклікаюць не дапамагаць птушкам. Проста калі мы лепш разумеем тое, што робім і магчымыя наступствы нашых дзеянняў, то можам дапамагаць больш свядома і карысна. Г.зн. рабіць ці не рабіць нешта больш свядома. Ў тым ліку (што для Беларусі не так актуальна, а вось для заходніх краін з кормам для дзікіх птушак у многіх крамах) траціць грошы на дапамогу птушкам і відам, якім без яе сапраўды не выжыць. А рэсурсы ж на дапамогу заўсёды абмежаваныя.

Falcon, Пры падкормцы салам з Е поспех атрымаўся трошкі большым, але ўсё роўна меншым, чым у папуляцыі без сала. Дыяграма Калі можна тыя тлушчы назваць салам.

 Статыстычна істотная розніца знойдзена (толькі) паміж папуляцыяй без падкормкі і папуляцыямі з тлушчамі і тлушчамі з вітамінам Е як па масе птушанят, так і ў %% у поспеху іх вылету з гнёздаў. Паміж папуляцыямі з тлушчамі і тлушчамі з вітамінам Е статыстычна істотнай розніцы няма ні ў першым, ні ў другім паказчыку. Значыць, яны не адрозніваюцца.

 Калі гаварыць пра эвалюцыю ўсяго жывога на Зямлі, то першапачаткова трэба пачынаць з сябе і казаць: "Ніколі не звяртаюся за меддапамогай, ніколі не карыстаюся рэчамі навукова-тэхнічнага прагрэса і г.д." І "разагнаць" трэба ўсе гэтыя прыродаахоўныя суполкі, каб не пярэчылі эвалюцыі (у тым ліку і АПБ)...

 У сувязі з усталяванай заканамернасцю варта задумацца - ці тым дапамагаем прыродзе і канкрэтным экасістэмам-відам, чым трэба? Ці лепш варта дапамагаць інакш і іншым? А што без аховы прыроды і канкрэтных экасістэмаў-тэрыторый-відаў ужо даўно не абыйсціся, думаю спрачацца не трэба.

Наконт жа чалавека разумнага, дык ён апошнія тысячагоддзі жыве не толькі паводле законаў эвалюцыі прыроды (хаця многія з іх так і не змог адмяніць ці падмануць - і гэта вельмі добра для яго як біялагічнага віду), але і сацыяльнай - мае веды ды навыкі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і развіваюцца і змяняюцца ўсё хутчэй. 

Зусім не абавязкова, а хутчэй зусім не трэба да знойдзеных у прыродзе заканамернасцяў выкарыстоўваць антропаморфацентрычны падыход. Бо ён не дапамагае зразумець і праілюстраваць іх прыкладамі з жыцця чалавека, толькі заблытвае.

 тое, што робяць навукоўцы не заўсёды можна прымяніць на практыцы. Так і з гэтым даследаваннем. Не бачу ніякага практычнага выхада. Ніводны від птушак ад падкормкі не пацярпеў. Якая праблема? Больш слабых птушак - больш корма для драпежнікаў.

 Праблема ў тым, што мільёны даляраў і эўра, якія трацяць добрыя людзі на падкормку (якая гэтым відам не патрэбная), лепш патраціць на сапраўды зьнікаючыя віды і рэальную дапамогу ім.

Справа ў тым, што проста купіць нейкага корму ды палажыць яго ў скрыначцы са стрэшкаю прасцей і даступней, чым дзесь шукаць нумары (перайду на рускую тут) счетов, на якія трэба перасылаць грошы для прыродаахоўных мерапрыемстваў. Гэта па-першае. А па-другое, пры падкормцы птушак людзі атрымліваюць задавальненне проста ад сузірання птушак паблізу ад сябе ўзімку, ну, можа, і ад усведамлення таго, што робіш нешта карыснае. Дзеля атрымання задавальнення людзі і не такія ўчынкі здзяйсняюць. Відам падкормка не шкодзіць, і то добра.

 Яшчэ лепей выдаткаваць на рэдкіх птушак тыя грошы, што людзі штодзень выдатковываюць на табак ці чарнілы. Але як і з грашыма на падкормку гэтыя грошы ніколі не дапамогуць рэдкім птушкам. Падкормка прываблівае людзей (з вуліцы) да птушак і часам да іх аховы. Праблем чаротаўкі яны не разумеюць. Пакуль. Чым больш такіх людзей - тым лепш прыродзе і прыродаахоўным арганізацыям, бо яны ўжо не абыякавыя. Гэта першы і самы просты крок да аховы прыроды. Хтосьці становіцца паляўнічым, а нехта корміць птушак. Магчымы два шляхі да аховы прыроды. Такія розныя. Наша задача прыцягнуць іх да нас, даць добрыя парады, даць інфармацыю.