Ці аддзячваюць птушкі добрым людзям?

Былі апублікаваныя першыя эксперыментальныя дадзеныя пра тое, што дзікія вераб’іныя птушкі, якім папярэдне выкладвалася дадатковае харчаванне ў садах ды пры сядзібах, могуць потым значна змяншаць колькасць тлі ў гэтых месцах.

Новаe даследаванне паказала, што агульнабрытанская з’ява – падкормка дзікіх птушак – карысна ўплывае на змяншэнне колькасці насякомых – шкоднікаў садоў ды гародаў.


Хаця дагэтуль былі зроблены даследаванні адносна ўздзеяння дадатковага харчавання на выжывальнасць ды поспех гнездавання дзікіх птушак, амаль нічога не было зроблена каб зразумець яго больш шырокія магчымыя наступствы. Навукоўцы з універсітэту Reading (Вялікабрытанія), даследавалі эфекты рэгулярнага дадатковага харчавання дзікіх птушак на памер і выжывальнасць калоній гарохавай тлі (Macrosiphum pisi) – вельмі пажаданай ахвяры многіх дробных вераб’іных, асабліва сіняй сініцы. Даследаванні праводзіліся на гародах у прыгарадах гораду Reading.


Навукоўцы размясцілі калоніі тлі ў гародах з птушынымі сталоўкамі і без іх. Каб спраўдзіць магчымае драпежніцтва птушак на тлях, палова іх калоній як у гародах са сталоўкамі, так і без іх, была накрыта провалачнай сеткай, а да іншых птушкі маглі мець доступ. Праз нейкі час атрымалася, што не прыкрытыя сеткай тліныя калоніі ў месцах са сталоўкамі мелі значна меншы час выжывання, чым прыкрытыя. Тады як у гародах без сталовак ніякай розніцы ў выжыванні тлей не было.


Даследчыца Мелані Орас (Melanie Orros) сказала: "Вынікі нашых эксперыментаў паказалі, што калі мы прыцягваем птушак у нейкія месцы дадатковым харчаваннем, мы можам спадзявацца на тое, што яны там з’ядуць больш сваёй натуральнай ежы. Гэта важна, таму што для кантролю над шкоднікамі сельскай гаспадаркі лепш выкарыстоўваць біялагічныя метады барацьбы. Таму гэта можа стаць важнай высновай для сельскай гаспадаркі і тых, хто працуе на невялікіх гародах”.  


Гарохавая тля была выбрана як від для праверкі ўдзеяння птушак таму, што яна шырока распаўсюджана і важны шкоднік сельскагаспадарчых раслін. Аднак патрэбны дадатковыя даследаванні і на іншых відах насякомых, бо многія іх віды – важныя апыляльнікі або драпежнікі, змяншэнне колькасці якіх не патрэбнае людзям.
Работа была апублікаваная ў часопісе Basic and Applied Ecology і зроблена дзякуючы гранту Biotechnology and Biological Sciences Research Council (BBSRC).


Здымак сіняй сініцы Мікалая Гулінскага
Паводле www.birdwatch.co.uk  падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by