Гнездаванне сокала-пустальгі (Falco tinnunculus) побач з чалавекам мае і свае плюсы, і, на жаль, мінусы.
Адзін з мінусаў у тым, што нашы эмпатыйныя (без іроніі) суграмадзяне калі знаходзяць маладога сокала, які яшчэ не ведае, што лепш адляцець пры набліжэнні да яго чалавека, лічаць, што яго трэба ратаваць. І замест таго, каб падсадзіць вышэй побач з тым месцам, дзе яго знайшлі на зямлі або заставіць у спакоі калі птушка трапіла да іх на балкон - бо ў любым выпадку яе будуць працягваць карміць бацькі, вырашаюць, што найлепш будзе аднесці птушанё ў заапарк.
Далейшы лёс такіх птушанят быў бы незайздросны, калі б працаўнікі заапарку пасля больш ці менш працяглага дагляду не давяралі б вырашыць іх далейшы лёс ... самім сакалятам. А для гэтага перадаюць іх у рукі Аляксандра Красціна, аднаго са спецыялістаў Гродзенскай гарадзкой інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Ну а ўжо да яго далучаюся я, кальцую іх двума кольцамі: стандартным металічным і каляровым пластыкавым (другое дае магчымасць індывідуальна вызначыць птушку па добраму здымку або пры назіранні ў трубу-тэлескоп без неабходнасці пераадлову ў выпадку толькі металічнага кальца) і мы выпускаем іх на ўскрайку гораду. Там, дзе рэгулярна палююць і іншыя сокалы-пустальгі з гарадзкой папуляцыі. Так у гэтых птушанят з'яўляецца хаця і хутчэй невялікі, але сапраўдны шанец пачаць самастойнае жыццё, што без параўнальна працяглага навучання паляванню бацькамі гэта не так лёгка зрабіць.
Але нам ужо вядомыя выпадкі рэгістрацыі падобных сакалят з Брэста ў іншых краінах, прычым адзін з іх даляцеў на зімоўку ажно да Лівіі. Таму няхай і гарадзенскія набіраюцца досведу ў прыродзе і потым ляцяць куды палічаць патрэбным.
Гродна, 31-07-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ