Пасля таго, як даволі хутка птушкі з'елі нешматлікія сёлета ягады на высокім кусце чырвонай бузіны (Sambucus racemosa) троху далей ад берага Нёмана, паступова яны сталі прылятаць на зусім невялікі кусцік на беразе ракі. Не ведаю, чаму яны не аб'ядалі ягады на іх адначасова, можа на меншым яны паспелі пазней? Затое іх было калі не больш, то прыкладна столькі ж, колькі на вялікім кусце бузіны і паступова яны пачалі знікаць.
Найбольш папулярнымі чырвоныя ягады аказаліся сярод мясцовых рудахвостак-чарнушак (Phoenicurus ochruros), першыя вывадкі якіх ужо нейкі час сталі самастойнымі і такія маладыя птушкі і прылятал на куст найчасцей:
Пры гэтым іх паводзіны даволі дакладна паўтаралі нават прыкладныя прапорцыі розных паводзін таго ж віду, якія я ў мінулыя гады назіраў пад час харчавання чарнушкамі ягадамі чорнай бузіны, а сёлета чырвонай на вялікім кусце. Самымі рэдкімі былі птушкі, якія завісалі над або перад ягадамі як калібры і часам стараліся адарваць іх у такім палёце. Зразумела, што на гэта патрабавалася параўнальна шмат энергіі без гарантыі яе аднаўлення, бо нават дзякуючы масе птушкі, якая дадавалася да высілку адарваць ягаду, гэта часам не атрымлівалася. А паводле Вікіпедыі, у ягадах шмат карыснага для птушак: акрамя 88% вады, у іх 8% вуглядводаў і ажно 9% тлушчу! Гэта адны з самых 'тлустых' нашых ягад увогуле.
Таму нашмат часцей адбываліся іншыя сцэнары - рудахвосткі сядалі даволі адкрыта або на галінку побач з гронкамі ягад, або стараліся схавацца сярод лісця і таксама скрытна адрываць ягады недзе ўнутры куста. Хутчэй за ўсё гэта былі розныя птушкі, але з-за таго, што яны не былі ніяк індывідуальна пазначаны, гэта толькі маё ўражанне без доказаў. У большасці выпадкаў рудахвосткі стараліся як мага хутчэй справіцца з ежай і адляталі з бузіны адразу, як змаглі праглынуць ад 1 да некалькіх ягад запар. Часцей за ўсё абыходзілася без пераследаванняў адна адной, бо і па 2-3 асобіны прыляталі адначасова на куст параўнальна рэдка.
Але былі і яўныя выключэнні, калі птушка сядзела недзе знізу куста нават па некалькі хвілін і за гэты час нават не спрабавала нічога з'есці на ім. І пасля або ўсё ж сядала вышэй і харчавалася ягадамі, або так і адлятала пустой. Сэнс гэтых паводзін я не зразумеў, хаця яны здараліся час ад часу.
Так ці інакш, спачатку зніклі ўсе ягады на гарызантальных галінках, потым тыя, што былі ўнутры куста і апошнімі птушкі даелі тое, што паспела ніжэй і бліжэй зямлі на доўгай галінцы - на ёй ім прыходзілася сядзець амаль вертыкальна.
Гродна, 07-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ