Негледзячы на тое, што назва першага месяца зімы - “снежань”, сапраўды снежная зіма пачалася ў студзені. Гэта адразу дала вынік у колькасці і разнастайнасці назіранняў: было атрымана 42 паведамленні пра рэгістрацыю 13 відаў са Спісу Клубу200. Для параўнання, у снежні было толькі 17 паведамленняў пра сустрэчы з 10 відамі са Спіса Клубу. А вось мінулагодні студзень быў не менш паспяховы: 54 паведамленні пра 11 рэдкіх відаў.
Наш агляд варта пачаць з бяссперэчнага назірання месяца:
Жаўтаногая чайка (Larus michahellis), якую Ірына Самусенка адзначыла 12.01. у Мінску – гэта толькі трэцяя рэгістрацыя віду ў нашай краіне і першая – на зімоўцы! Ірына падрабязна апісала, на што трэба звярнуць увагу і фотаздымкі чаго спатрэбяцца, каб вызначыць від без сумневаў. Варта падкрэсліць, што першая рэгістрацыя жоўтаногай чайкі для Беларусі адбылася толькі ў жніўні 2016 году, від параўнальна цяжка адрозніваецца ад некаторых чаек-клыгуноў і рагатух, таму ў выпадку любых сумневаў трэба як мага лепш задакументаваць назіранне фота і відэа, важна мець розныя ракурсы птушкі і з раскладзенымі крыламі ці ў палёце.
Жоўтаногая чайка, Мінск, 12-01-2019. Здымак Ірыны Самусенка
Марская чайка (Larus marinus) зімуе у Мінску другую зіму запар. Хутчэй за ўсё маладая птушка, якую адзначылі 12.01 і пазней, гэта тая ж асобіна, што рэгістравалася ў снежні.
Марская чайка, 2-я зіма, Мінск, 12-01-2019. Здымак Ірыны Самусенка
Нырок-маранка (Clangula hyemalis) ізноў, як і ў студзені 2017-га, парадаваў мінскіх бёдуотчараў – малады самец трымаецца на Свіслачы разам з іншымі відамі качак у цэнтры гораду як мінімум з 12.01 і дае сябе не толькі разгледзець, але і сфатаграфаваць з невялікай адлегласці. Яшчэ адна птушка зімуе на Дняпры ў Магілёве. Увогуле ж від у апошнія гады амаль штозіму (акрамя 2014-15 гг) адзначаецца ў нашай краіне.
Нырок-маранка, малады самец. Мінск, Свіслач, 12-01-2019. Здымак Ірыны Самусенка.
Нырок-плёсаўка (Aythya marila) – у вельмі невялікай колькасці застаецца на зімоўку на нашых вадаёмах і вадатоках і адзначаецца як мінімум штозіму з 2013 года. У гэтым студзені зарэгістраваныя асобныя птушкі на Прыпяці ў Мазыры, на Свіслачы ў Мінску і на Дняпры ў Магілёве.
Самка нырка-плёсаўкі, Дняпро ў межах Магілёва, студзень 2019 г. Здымак Уладзіміра Бондара
Арол-маркут (Aquila chrysaetos) – дзве дарослыя птушкі рэгулярна харчаваліся на прынадзе на самай поўначы Беларусі, дзе і былі сфатаграфаваныя. Хутчэй за ўсё, да нас на зімоўку прылятаюць скандынаўскія птушкі.
Арол-маркут, Расонскі раён, студзень 2019 году. Здымак Аляксандра Собалева
Канюх-курганнік (Buteo rufinus) – яшчэ адно назіранне, якое заслугоўвае называцца Назіраннем месяца! Першая рэгістрацыя віда на зімоўцы ў Беларусі адбылася 20.01 у Пінскім раёне – віншуем аўтара – Дзьмітрыя Якубовіча! І хаця быў зроблены толькі адзін здымак, амаль усе спецыялісты вызначылі птушку як маладога канюха-курганніка:
Малады канюх-курганнік, Пінскі раён, 20-01-2019. Здымак Дзьмітрыя Якубовіча.
Стучок (Lymnocryptes minimus) апошнія зімы рэгіструецца на вадатоках рознага тыпу: ад ручаін да вялікіх рэк. У пачатку студзеня адна птушка была адзначана ў самым цэнтры Гродна на Нёмане.
Снежны падарожнік (Calcarius lapponicus) – да пачатку 2017 году – від-загадка для нашай краіны. Дзве зімы запар падарожнікаў сустракалі у многіх частках краіны, аднак для гэтай зімы не атрымалася зрабіць яшчэ ніводнай рэгістрацыі! На жаль, не стала ёй і фатаграфія птушкі, падобнай на падарожніка і зробленай 03.01 на Маларыччыне. Хаця да канца зімы яшчэ застаецца 1-1,5 месяца, шанцы на сустрэчу з відам невялікія. Вельмі магчыма, што снежны падарожнік не штогод зімуе ў нас.
Попельная чачотка (Carduelis hornemanni) – працягвалася інвазія віда другую зіму запар. За студзень адбылося як мінімум 6 рэгістрацый, усе – на Міншчыне.
Попельная чачотка, Любанскі раён,04-01-2019. Здымак Мікалая Вераб'я
Горная чачотка (Carduelis flavirostris) – зроблены тры рэгістрацыі віда: 03.01 на Маларыччыне, 05.01 першая горная чачотка для нашай краіны была закальцаваная на Пухаўшчыне і 13.01 вялікая зграя з пр.80 птушак адзначаная на Гарадзеншчыне:
Сняжурка (Plectrophenaх nivalis) – адпаведна са сваёй выдатнай беларускай назвай нашмат лягчэй рэгіструецца, калі палеткі накрые добры слой снега. Калі з канца кастрычніка і да канца мінулага году было 5 сустрэч са сняжуркамі, то за студзень – сем. Прычым 21.01 на Гарадзеншчыне ў вялізарнай зграі разам з рагатымі жаўрукамі было адзначана прыкладна 100 сняжурак:
Рагатыя жаўрукі і на заднім плане- сняжуркі, Бераставіцкі раён, 27-01-2019. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
Рагаты жаўрук (Eremophila alpestris) аказаўся відам-рэкардсменам месяца па колькасці паведамленняў, рэгістрацый і колькасці адначасова адзначаных птушак. Усяго за студзень было зроблена 13 паведамленняў пра 12 рэгістрацый з усіх абласцей, акрамя Магілёўскай і Віцебскай. Цікава, што пад час вялікіх марозаў 27.01 на Гарадзеншчыне атрымалася сустрэць, магчыма, найбольшую зграю рагатых жаўрукоў, вядомую для нашай краіны: яна складалася з 600-650 птушак, прычым разам з імі трымаліся і прыкладна 100 сняжурак! У 2017-м годзе, таксама на Гарадзеншчыне і таксама на прыканцы студзеня, была адзначана група з пр. 500 рагатых жаўрукоў – яна і “трымала” папярэдні рэкорд колькасці.
Змешаная зграя рагатых жаўрукоў і сняжурак, Бераставіцкі раён, 27-01-2019.
Ніжэй - сляды птушак гэтай зграі на поле б. цукровых буракоў. Здымкі Дзьмітрыя Вінчэўскага
Белая сініца (Cyanistes cyanus) – дзякуючы супрацы з фінскімі арнітолагамі, у пачатку студзеня была распачатая праграма каляровага мечання віда (першая увогуле?): у Пінскім раёне 9 сініц атрымалі каляровыя пластыкавыя кольцы. А 02.01 мін 3 птушкі, якія трымаліся разам у пойме Прыпяці, былі зарэгістраваныя ў Калінкавіцкім раёне.
Белыя сініцы, Пінскі раён, студзень 2019 г. Здымак William Velmala і Roni Väisänen (BirdLife Suomen rariteettikomitea)
-----------------------------------------------------------------
Жадаем усім назіральнікам яшчэ аднаго, не менш выніковага, месяца зімовых назіранняў!
Агляд падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На верхнім здымку – белая сініца, 02.01.2019, Калінкавіцкі раён. Аўтар – Андрэй Шэўчык
На гэтую тэму:
У ЧАКАННІ НОВАГА ГОДУ: АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 У СНЕЖНІ-2018
АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 1: АД ГАГАЧОЎ ДА КУЛІКОЎ
АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 2: АД ЧАЕК ДА ВЕРАБ’ІНЫХ
ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ