Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў птушак за 2018 год. Частка 1: ад гагачоў да кулікоў

Усяго за 2018 год у Клуб200 АПБ паступіла 469 паведамленняў пра назіранні 63 відаў са Спісу Клубу200, з якіх 1 – пра новы для Беларусі від птушак. У 2017-м такіх паведамленняў было трошкі больш за 450, у 2016 - амаль 400 і ў абодва гады яны былі пра назіранні 59 відаў са Спіса.

На працягу году не атрымалася ўбачыць 11 відаў, адзначаных ў 2017-м:

сібірскага чорнагаловага ерчыка (Saxicola maurus), стрынатку-крошку (Emberiza pusilla) – першыя сустрэчы для краіны якіх адбыліся ў той год, не былі адзначаныя таксама і два віды-інтрадуцэнты: канадская казарка (Branta canadensis) і качка-мандарынка (Aix galericulata), а таксама жоўтая чапля (Ardeola ralloides), колпіца (Platalea leucorodia), каравайка (Plegadis falcinellus), арол-маркут (Aquila chrysaetus), арол-карлік (Aquila pennata), канюх-курганнік (Buteo rufinus) і чырвонаваллёвы свірстун (Anthus cervinus).

Цяжка выбраць самыя-самыя цікавыя назіранні з такой вялікай колькасці, каб менавіта яны былі бясспрэчна найлепшымі для ўсяго году. Таму, акрамя заслужанага выдзялення на Рэгістрацыю году №1 новага для краіны віду,  далей назіранні рэдкіх відаў будуць ісці ў таксанамічным парадку з адпаведнымі каментарамі па іх значнасці, колькасці і з параўнаннем з 2017-м годам.

Для большай зручнасці, сёлетні агляд падзелены на 2 часткі. Толькі стрынатка-рэмез, як новы для краіны від будзе ў абодвух, а так паведамленні пра назіранні рэдкіх відаў чаек, крычак, соваў, ракшаў і вераб’іных разглядаюцца ў Другой частцы агляду.

Стрынатка-рэмез (Emberiza rustica) – (адзіны) новы від для Беларусі, які атрымалася зарэгістраваць сёлета. Птушка не толькі была ўбачаная, але адлоўленая і закальцаваная Дзянісам Кіцелем і Юрыем Янкевічам на Віцебшчыне! Падрабязна пра гэта – ТУТ. Хаця фармальна новы від яшчэ павінен быць зацверджаны на паседжанні Беларускай арніта-фауністычнай камісіі, з сабранымі доказамі ў стрынаткі-рэмеза ёсць усе шанцы стаць 333-м відам у Спісе птушак нашай краіны. Віншуем Дзяніса і Юрыя яшчэ раз!

Чырвонаваллёвы гагач (Gavia stellata) 11 паведамленняў. З із – 3 вясновых і 8 восеньскіх. У 2017-м годзе было 12 паведамленняў пра назіранні віду, усе з іх былі з восені. Усе сустрэчы, акрамя адной з Лепельшчыны, адбыліся ў цэнтральнай і заходняй частках краіны. І калі вясной усе рэгістрацыі адносіліся да адзінкавых’ птушак, то восенню, акрамя асобных птушак, былі і сустрэчы з 2 і 3 гагачамі, а на Вілейскім вадасховішчы адзначылі не менш 8 птушак.

птушка

Чырвонаваллёвыя гагачы, Мінск, 01-11-2018. Здымак Генадзя Ардзюка

Чырвонашыйная коўра (Podiceps auritus) – вельмі рэдка гняздуючы від. У 2018-м адбылося 7 паведамленняў пра 6 рэгістрацый пралётных коўраў, пароўну з красавіка і лістапада. У 2017-м таксама адбылося 6 рэгістрацый, аднак акрамя вясны і восені, адна з іх была зімовая. Былі адзначаныя асобныя птушкі, таксама аднойчы 2 і 3 на вадаёмах Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі.

птушкі

Чырвонашыйныя коўры, Мінск, 27-04-2018. Здымак Юрыя Шашэнькі.

Малы лебедзь (Cygnus columbianus) за мінулы год адзначаны толькі 7 разоў, з іх 2 рэгістрацыі зроблены вясной. Птушкі зарэгістраваныя ў розных частках краіны, акрамя Магілёўшчыны. Цікава, што ў 2017-м годзе сытуацыя была блізкая да супрацьлеглай: з 10 паведамленняў пра 9 рэгістрацый, 9 адносіліся да вясны, і толькі адна - да восені.  Усе сустрэчы былі з птушкамі ў асобных або некалькіх сямейных групах: ад пары да 35 асобін, часта малыя лебедзі трымаліся разам з клікунамі.

птушка

Малы лебедзь у Ліёзненскім раёне, 14-10-2018. Здымак Аляксандра Собалева.

Гусь-пiскулька (Anser erythropus) – адно з самых цікавых, калі не самае цікавае назіранне мінулага году - гл. верхні здымак Мікалая Вераб'я. Мы падрабязна пісалі пра яго адразу пасля таго, як яно адбылося на Любаншчыне. Акрамя таго, што разам ў піскулькай Мікалай Верабей адзначыў і дзве чырвонаваллёвыя казаркі 13.11, яго назіранне прывяло ў Любаінскі раён мінскіх бёрдуотчараў, другая група якіх замест піскулькі змагла ўбачыць трохпалую чайку – яшчэ аднаго паўнапраўнага кандыдата на адно з найцікаўшых назіранняў 2018 году! А акрамя спадарожнікаў, якія сачылі за пралётам праз нашу краіну на зімоўку ў Грэцыю як мінімум сям’і піскулек з Нарвегіі ў Грэцыю ў верасні, рэгістрацыя Мікалая застаецца адзінай менавіта для жывых птушак з пачатку 2000-х гадоў. Менавіта тады рэгістрацыі піскулек сталі разглядацца БАФК, і акрамя забітых паляўнічымі трох птушак, у нашай краіне яны не адзначаліся. 

Чырвонаваллёвая казарка (Branta ruficollis) застаецца для нашай краіны вельмі рэдкім пралётным відам. У 2018-м адбылася толькі адна рэгістрацыя двух птушак 13.11 на Міншчыне (у зграе з піскулькай і белалобымі гусямі) Мікалаем Вераб’ём. У 2017-м было атрымана 4 паведамленні пра 2 рэгістрацыі вясной 2 розных птушак на захадзе і ў цэнтры краіны.

птушкі

Чырвонаваллёвыя казаркі разам з белаобымі і гусямі-гуменніцамі, Любанскі раён, 13-11-2018. Здымак Мікалая Вераб'я

Белашчокая казарка (Branta leucopsis) таксама рэдкі пралётны для нас від, але адзначалася часцей: у мінулым годзе 7 паведамленняў пра 6 рэгістрацый віду з усходу, цэнтральнай і заходняй частак краіны. З іх 3 вясновых і 2 восеньскія паведамленні максімум пра 14 птушак. Але найбольш цікавым з’яўляецца другая для нашай краіны рэгістрацыя віду ў зімовы час: дзве птушкі ці пара засталіся на Дняпры ў Магілёве. У 2017-м адбылося 11 рэгістрацый віду, з якіх толькі адна – увосень.

птушкі

Белашчокія казаркі на Дняпры ў межах Магілёва, 24-02-2018. Здымак Уладзіміра Бондара

https://youtu.be/caGo4EdtOwc

Пярэстая качка (Tadorna tadorna) – толькі 4 рэгістрацыі, з якіх 3 вясновыя і 1 з восені, з розных частак краіны. У 2017-м годзе было 13 паведамленняў, прычым летнія гарэмы двух самцоў у рыбгасе ў Бераставіцкім раёне давалі надзею на магчымасць гнездавання віду ўпершыню пасля 1989 году. Аднак у 2018-м гэтага не адбылося. Пачакаем яшчэ?

птушка

Самка пярэстай качкі, Ліёзненскі раён. 07-04-2018. Здымак Аляксандра Собалева

Качка-огар (Tadorna ferruginea) – першая пасля 2016-га і адзінае для мінулага году назіранне ажно 9 птушак (дарослых з вывадкам?) адбылося 22.11 на Прыпяці ў межах зоны адсялення пасля Чарнобыльскай аварыі (у ПГРЭЗ). Яго зрабіў Валеры Юрко – мінскі арнітолаг, які працуе ў запаведніку:

птушкі

Качкі-огары на Прыпяці ў межах ПГРЭЗ, Гомельшчына, 23-11-2018. Здымак Валерыя Юрко. www.wildlife.by

Звычайная гага (Somateria mollissima) – адбылася адзіная і першая пасля 2016 году рэгістрацыя ў самым пачатку лета на Гарадзеншчыне. Цікава, што ў гэтым рэгіёне гагі рэгіструюцца часцей за ўсё.

Белавокі нырок (Aythya nyroca) – толькі 2 рэгістрацыі вясной у 2018 годзе, у 2017-м было 3 рэгістрацыі. З 2012 году не было больш трох рэгістрацый віду за асобны год. Таму не зразумела, ці застаўся яшчэ гэты від на гнездаванні ў Беларусі.

Чырвонаносы нырок (Netta rufina) – адзіная, аднак вясновая рэгістрацыя пары птушак, якія трымаліся на сажалцы рыбгаса на Гомельшчыне мінімум месяц: з канца красавіка да канца мая. Спачатку быў адзначаны самец, у мае – пара без птушанят. 3 рэгістрацыі віда адбыліся ў 2017-м годзе.

Нырок-маранка (Clangula hyemalis) – тры паведамленні пра 2 рэгістрацыі. Прычым адна з іх летняя, пары птушак у нацпарку “Белавежская пушча”! У 2017-м адбылося таксама дзве рэгістрацыі віду.

птушкі

Пара ныркоў-маранак, вадасховішча у Ляцкіх, Камянецкі раён. 03-06-2018. Здымак Вадзіма Пракапчука

Нырок-сіньга (Melanitta nigra) – адзін з нямногіх відаў, колькасць назіранняў якога памалу расце з году ў год. Ці звязана гэта з большай колькасцю птушак, якія прыпыняюцца ў нас на пралёце, ці з большай колькасцю і ўважлівасцю назіральнікаў - пакажа будучыня. У мінулым годзе 11 паведамленняў пра 10 рэгістрацый віду, з якіх толькі адна зроблена вясной. Птушкі рэгістраваліся ва ўсіх абласцях, акрамя Гомельскай. У 2017-м было 7 рэгістрацый, усе з восені.

Нырок-свірок (Melanitta fusca) застаецца рэдкай мігрыруючай праз нашу краіну і яшчэ радзей зімуючай у нас качкай. У 2018 годзе 16 паведамленняў пра 14 рэгістрацый віда. Усе яны, акрамя адной зімовай – снежаньскай, былі зроблены па ўсёй Беларусі (за выключэннем Гомельшчыны) за лістапад. Часцей свіркі адзначаліся ў невялікіх групах, чым па аднаму. А рэкорд сёлета паставілі 22 птушкі на Лукомльскім возеры. У 2017-м было 10 паведамленняў, з іх 2 вясновыя, 6 восеньскіх і 2 зімовых.

птушка

Нырок-свірок на Дняпры ў Магілёве, 11-11-2018. Здымак Уладзіміра Бондара

Нырок-плёсаўка (Aythya marila) застаецца самым лёгкім для назіранняў відам з рэдкіх качак са спіса Клуба200. У 2018-м было 24 паведамленні з усіх абласцей, з якіх 3 зімовыя,  4 вясновыя і 17 восеньскіх. Увосень качкі адзначаюцца ўжо з пачатку кастрычніка, прычым звычайна ў групах, у якіх найбольш маладых птушак, потым – самак, радзей за ўсё рэгіструюцца самцы. У 2017 годзе было зроблена 26 паведамленняў пра назіранні віда, з іх 4 разы плёсаўкі былі сустрэтыя вясной, 17 разоў увосень і 5 разоў – зімой.

птушкі

Ныркі-плёсаўкі на Дняпры ў межах Магілёва, 20-11-2018. Здымак Уладзіміра Бондара

Даўганосы савук (Mergus serrator) застаецца нешматлікім гняздуючым выключна на поўначы краіны відам, які параўнальна лёгка сустрэць пад час вясновай і восеньскай міграцый у розных частках Беларусі. Усяго было 13 паведамленняў, з якіх толькі 3 вясновыя, і 10 – з восені. Хаця адзначаюцца і адзіночныя савукі, часцей іх бачылі ў невялікіх групах да 8 птушак ва ўсіх абласцях, акрамя Гомельскай і Магілёўскай. У 2017-м было 14 паведамленняў, прычым пароўну пра вясновыя і восенькія сустрэчы.

птушкі

Даўганосыя савукі на вдсх. Пагост, Пінскі раён, 28-11-2018. Здымак Станіслава Верталя

Малая белая чапля (Egretta garzetta) від, які адзначаецца ў нас нават не штогод, а ў 2018-м ажно 5 паведамленняў пра 3 рэгістрацыі віда на поўдні краіны! Ажно тры птушкі бачылі ў красавіку, адну ў мае (абедзве рэгістрацыі з Гомельшчыны), і дзве трымаліся амаль месяц з другой паловы жніўня ў тым самым месцы на Маларыччыне. У 2017-м была толькі адна рэгістрацыя, з поўдня Гомельшчыны.

птушка

Малая белая чапля, востраў Тураўскае балонне, Тураў, 13-05-2018. Здымак Юрыя Шашэнькі

Чырвоная чапля (Ardea purpurea) рэгіструецца ў нас радзей за малую белую. Але не ў 2018-м годзе! Ажно 6 паведамленняў пра 3 рэгістрацыі з поўдня і цэнтра краіны. Адна з іх з мая, адна пра маладую птушку з Чэрвеншчыны, якая была на тым самым рыбгасе як мінімум з канца ліпеня да першай паловы верасня і яшчэ адна пра птушку з-пад Салігорска з канца жніўня. І калі другая рэгістрацыя адносіцца да адной маладой, то трэцяя нават да двух маладых птушак! У 2017-м вядома толькі пра адно назіранне адзінкавай птушкі з канца ліпеня.

птушка

Маладая чырвоная чапля, рыбгас "Волма", Чэрвенскі раён, 28-08-2018. Здымак Максіма Каласкова

Чапля-кваква (Nycticorax nycticorax) вядома на гнездаванні ў нашай краіне з 1999 году, аднак у апошнія два гады чамусці не атрымалася зрабіць ніводнай рэгістрацыі, пацверджанай фота або відэа. Адзінае паведамленне са жніўня 2018-га адносіцца да начной сустрэчы і вызначэння па голасу, таму яго дакладнасць застаецца пад пытаннем.

Стэпавы лунь (Circus macrourus) пасля сенсацыйнай знаходкі віда на гнездаванні ў Беларусі, зробленай Уладзімірам Бондарам у 2017 годзе, яўна не апраўдаў чаканні на вялікую колькасць рэгістрацый. У 2018-м іх было толькі дзве: абедзьве з восені, і абедзьве дарослых самцоў. У 2017-м было 9 рэгістрацый, амаль палова з якіх была з вясны.

птушка

Самец стэпавага луня, Любанскі раён, 06-10-2018. Здымак Мікалая Вераб'я.

Арол-магільнік (Aquila heliaca): як і ў 2017-м годзе, адбыліся таксама дзве рэгістрацыі віда. Толькі сёлета, акрамя спадарожнікаў, ніхто пралёт магільнікаў на свае вочы над Беларуссю не заўважыў. Абодва разы да нас заляцелі славацкія птушкі, і абодва разы ў заходнюю частку краіны. Адзін раз гэта адбылося вясной, і яшчэ адзін – у сярэдзіне лета. Варта чакаць калі не павелічэння колькасці рэгістрацый у будучыні, то хаця б іх працягу.

мапа пралёту

 Мапа пралёту маладой самкі арла-магільніка са Славакіі праз Усходнюю Еўропу, лета 2018 г. Са старонкі PannonEagle LIFE

Чырвоны каршун (Milvus milvus) – від, які застаецца (?) адным з самых рэдкіх на гнездаванні для нашай краіны, у 2018-м адзначаны толькі двойчы, абодва разы у гнездавы час на захадзе краіны. У 2017-м было зроблена 5 рэгістрацый у розных частках Беларусі.

птушка

Чырвоны каршун пад Бярозай, 06-07-2018. Здымак Максіма Каласкова.

Сокал-балабан (Falco cherrug) – яшчэ адзін від-прывід, амаль усе рэгістрацыі якога для Беларусі – гэта сігналы ад спадарожнікавага сачэння. У сярэдзіне лета маладая птушка з праграмы рэінтрадукцыі віду ў Чэхіі, заляцела з поўдня краіны і сігнал ад яе прапаў пад Віцебскам:

 мапа пралёту

Сокал-падарожнік (Falco peregrinus) – від, які не адзначаўся на гнездаванні ў Беларусі з 1973 году, у мінулым годзе быў зарэгістраваны толькі 4 разы (забітая пад Бабруйскам птушка з перадатчыкам не ўвайшла ў рэгістрацыі на сайце). Адна з птушак адзначана на зімоўцы, і тры - пад час восеньскага пралёту. У 2017-м было зроблена 10 рэгістрацый, з якіх 2 зімовыя, 2 вясновыя і 6 для другой паловы лета і восені.

птушка

Сокал-падарожнік у Гомельскім раёне, 04-09-2018. Здымак Максіма Шастакова.

Сокал-шулёнак (Falco vespertinus) хаця і лічыцца (магчыма) гняздуючым у нас, ніякіх пацверджанняў гэтаму даўно няма. Сокал сустракаецца пад час сезонных міграцый, 12 рэгістрацый было зроблена для мінулага году, прычым 4 з іх – у мае, што застаўляе невялікую надзею на тое, што ўсё ж гэта могуць быць - хаця б некаторыя - мясцовыя птушкі. У адрозненне ад папярэдніх гадоў, у 2018-м не адзначалі больш, чым 2 птушак  разам. У 2017-м было зроблена 17 рэгістрацый, з якіх толькі адна – вясновая. Хаця таксама пераважалі назіранні 1-2 сакалоў, найбольшай групай было 8 птушак.

птушка

Малады сокал-шулёнак, Полацкі раён, жнівень 2018 г. Здымак Алы Эрдман

Караткахвосты паморнік (Stercorarius parasiticus) сёлета стаў героем адной з двух самых цікавых гісторый, якія (яшчэ раз) пацвердзілі вартасць Клубу менавіта для распаўсюджання навін пра цікавыя назіранні і як неверагодна гэта можа адбывацца. Пачалося ж усё з назірання і спробаў вызначэння паморніка на адным з вадасховішчаў на Гарадзеншчыне 3 ліпеня:

птушка

Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

Птушка не падпускала блізка, але абмеркаванне зробленых там здымкаў фактычна прывяло да наступнай рэгістрацыі – у Мінску! І якой рэгістрацыі – Андрэй Гаршкоў выдатна сфатаграфаваў там ажно двух паморнікаў, цёмнай і светлай морфаў! І дзякуючы абмеркаванню здымкаў з Гарадзеншчыны, самастойна вызначыў іх як караткахвостых. І калі некаторыя бёрдуотчары ўжо планавалі выезд на “гарадзенскага” паморніка, лёгкі доступ да птушак у Мінску падарыў новы від у асабістым спісе многім.  

птушкі

Караткахвостыя паморнікі, Мінск, 04-07-2018. Здымак Андрэя Гаршкова

Гэта былі першыя пасля 2013 году рэгістрацыі віду ў Беларусі, і шостая і сёмая для краіны ўвогуле. Аднак ў пачатку верасня на Нёмане і ізноў на Гарадзеншчыне адбылася яшчэ адна сустрэча з птушкай цёмнай морфы. І хаця вызначэнне паміж караткохвостым і дазгахвостым паморнікам можа абмяркоўвацца з-за слабай якасці зробленых здымкаў, 2018-ы год можна смела называць “годам паморнікаў”.

 

Хрустан (Charadrius morinellus) мог стаць адной з добрых сенсацый 2018 году, аднак з-за адстунасці дастатковых доказаў, на жаль, хутчэй за ўсё не стане. Па тых здымках, якія былі зроблены пад час сустрэчы, від вызначыць немагчыма з-за адлегласці да птушак. І таму гэтае назіранне (хутчэй за ўсё) не стане трэцяй рэгістрацыяй віду ў нашай краіне. Варта нагадаць, што гэты від кулікоў трэба шукаць на ўзараных ці зжатых палях вясной і восенню спецыяльна. А пры вялікіх памерах нашых калгасных палеткаў, гэта яўна няпростая задача. Аднак хрустаны рэгулярна, хаця і ў параўнальна невялікай колькасці, сустракаюцца ў суседніх з намі краінах і нават блізка да нашых межаў. Таму яго наступная пасля 2013 году рэгістрацыя - толькі справа адпаведнага падыходу і ўдачы.

Шыладзюбка (Recurvirostra avosetta) – той з нямногіх відаў, які пачаў гнездаваць у нашай краіне ў апошнія гады. А дакладней, у 2017-м. У 2018-м годзе было 7 паведамленняў пра 5 рэгістрацый, у тым ліку пра другі выпадак гнездавання! Калі першы адбыўся пад Туравам, то другі, сёлетні, на Днепра-Брагінскім вадасховішчы. Акрамя Міншчыны, від таксама быў адзначаны ізноў пад Туравам у пачатку мая – ажно 8 птушак, а таксама на Міншчыне. У 2017-м было 9 паведамленняў пра 6 рэгістрацый. 

Хадулачнік (Himantopus himantopus) – было зроблена 11 паведамленняў пра 6 рэгістрацый, некаторыя пра гняздуючых птушак. На ачышчальных сажалках Турава хадулачнікі гнездавалі ізноў. Акрамя Гомельшчыны, адно назіранне адзінкавай птушкі было зроблена на Берасцейшчыне. У 2017-м было 7 паведамленняў пра 5 рэгістрацый, таксама і пра гнездаванне віду.

Малы грыцук (Limosa lapponica) – рэдкі, пралётны від. У 2018-м толькі адна рэгістрацыя з-пад Мінска. Для параўнання, у 2017-м было 7 паведамленняў пра 4 рэгістрацыі.

Кругланосы плывунчык (Phalaropus lobatus) – 6 рэгістрацый для 2018 году, з найбольшай колькасцю ў 6 птушак. Цікава, што калі ў другой палове мая плывунчыкі ляцяць на гнездаванне ў тундру, то ў першай палове чэрвеня самкі і непаспяховыя самцы (якія ў гэтага віду выседжваюць яйкі і гадуюць птушанят), ужо ляцяць на  зімоўку. У 2017-м было зроблена 10 рэгістрацый.

птушка

Кругланосы плывунчык, рыбгас "Днепрабугскі", 19-05-2018. Здымак Максіма Каласкова.

Кулік-паручайнік (Tringa stagnatilis) – 9 рэгістрацый у розных частках краіны, акрамя Віцебшчыны і Магілёшчыны; у 2017-м было таксама 9 рэгістрацый.

Кулік-гразевік (Limicola falcinellus) - 11 рэгістрацый, з якіх толькі адна – вясновая, усе іншыя летнія і 1 восеньская. У 2017 годзе было толькі 8 рэгістрацый.

птушка

Кулік-гразевік, рыбгас "Волма", Чэрвенскі раён, 27-05-2018. Здымак Юрыя Шашэнькі.

Ісландскі пясочнік (Calidris canutus) застаецца адным з самых рэдкіх у нас кулікоў на пралёце, за 2018-ы – 2 назіранні, у 2017-м таксама было толькі 2 рэгістрацыі.

Каменяшарка (Arenaria interpres) – толькі 4 рэгістрацыі, усе – з Міншчыны, з другой паловы лета і пачатку восені. У 2017-м было 7 рэгістрацый, з якіх 4 – вясновыя.

Сявец (Pluvialis squatarola) – 12 рэгістрацый, з іх толькі 2 - вясновыя. Птушкі адзначаны ва ўсіх абласцях, акрамя Віцебскай. У 2017-м адбылося 8 рэгістрацый.

птушкі

Кулік-селянец і сявец на Дняпры, Магілёў, 27-09-2018. Здымак Уладзіміра Бондара.

Пясчанка (Calidris alba) – 7 паведамленняў пра 6 рэгістрацый, усе з лета або восеньскія, зроблены толькі ў Мінскай і Гомельскай абласцях. Магчыма з-за вельмі позняй і катастрафічнай для птушак Арктыкі вясны, толькі 1 рэгістрацыя вядома ў 2017-м.

Стучок (Lymnocryptes minimus) – у 2018-м было нечакана шмат сустрэч гэтага вельмі скрытнага віду з пераважна начной актыўнасцю: 12 паведамленняў пра 9 рэгістрацый. Кулічкі адзначаліся ва ўсіх абласцях і ва ўсе сезоны, акрамя лета. Цікава, што ў 2017-м было толькі 2 рэгістрацыі віда з восені з Віцебшчыны.

птушка

Стучок, Магілёўскі раён, 14-10-2018. Здымак Уладзіміра Бондара

Сярэдні кулён (Numenius phaeopus) у невялікай колькасці гняздуе на нашых вялікіх верхавых балотах. Вясной 2018-га было зроблена 3 рэгістрацыі віду на пралёце. У 2017 годзе рэгістрацый па-за перыядам гнездавання і гнездавыхтэрыторый, не было.

птушкі

Сярэдні кулён і самец баталёна, Мазырскі раён, 04-04-2018. Здымак Андрэя Шэўчыка

 

Працяг ТУТ

Жадаем усім назіральнікам птушак цікавых рэгістрацый і новых рэкордаў на карысць птушкам і людзям!

______________________

NB Новыя для Беларусі віды ўвойдуць у Спіс птушак краіны, і многія прыведзеныя тут назіранні рэдкіх відаў стануць афіцыйнай навуковай інфармацыяй толькі пасля разгляду і пацверджання яе Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй.

 

Агляд падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак гуся-піскулькі - Мікалая Вераб'я

 

 

На гэтую тэму:

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА 2018 ГОД. ЧАСТКА 2: АД ЧАЕК ДА ВЕРАБ’ІНЫХ

Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!

АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ НОВЫХ І РЭДКІХ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІДАЎ СА СПІСУ КЛУБУ200 ЗА 2017 ГОД

У ЧАКАННІ НОВАГА ГОДУ: АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 У СНЕЖНІ-2018

ПА-БАГАТАМУ: АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ВІДАЎ ПТУШАК ЗА ЛІСТАПАД-2018

АГЛЯД НАШЫХ ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ У КАСТРЫЧНІКУ-2018: ПЕРШАЯ СТРЫНАТКА-РЭМЕЗ, ДРУГАЯ ЖАЎТАНОГАЯ ЧАЙКА

ПАМОРНІК І ГУСІ-ПІСКУЛЬКІ: АГЛЯД САМЫХ ЦІКАВЫХ НАЗІРАННЯЎ ПТУШАК ЗА ВЕРАСЕНЬ-2018

ВОСЕНЬСКАЯ МІГРАЦЫЯ І АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ПТУШАК ЗА ЖНІВЕНЬ-2018

ШТО МОЖА БЫЦЬ ЛЕПШ ЗА ПАМОРНІКА? – ДВА ПАМОРНІКІ! АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ВІДАЎ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 ЗА ЧЭРВЕНЬ І ЛІПЕНЬ 2018

ПАЎНОЧНАЯ МАРМЫТУЛЯ І ІНШЫЯ ЧАКАНЫЯ НЕЧАКАНАСЦІ: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ЗА КРАСАВІК І МАЙ -2018

УЖО НЕ ЗІМА, АЛЕ ЯШЧЭ І НЕ ВЯСНА: НАЗІРАННІ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 Ў САКАВІКУ-2018

ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК