Новы для Беларусі від птушак – стрынатка-рэмез – адлоўлены на поўначы краіны!

Дзяніс Кіцель і Юры Янкевіч сёння злавілі і закальцавалі ў Верхнедзвінскім раёне Віцебшчыны новы для Беларусі від птушак – стрынатку-рэмеза (Emberiza rustica). Калі гэтае назіранне будзе зацверджана Беларускай Арніта-фауністычнай камісіяй (БАФК), від стане 333-м у Спісе птушак нашай краіны. Цікава, што гэта ўжо трэці новы від, які зарэгістраваны супрацоўнікамі станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор” для Беларусі. Раней на самай поўначы Расонскага раёна, дзе размяшчаецца станцыя, былі адлоўлены і закальцаваныя першая пячураўка-зарнічка (у 2014) і стрынатка-крошка (у 2017). Віншуем сяброў і распавядаем як адбылося апошняе адкрыццё.

Расказвае Дзяніс Кіцель:

“Мы паехалі спецыяльна на новае месца – праверыць яго патэнцыял на новыя віды. Гэта пойма рэчкі Свольна, яна невялікая – на адным беразе вёсачка Лісна, а з другога – трыснёг (якога няма там, дзе мы ставім сеткі ў Сасновым бару). Тут некалі была ферма, ходзіць менш людзей, але затое бегаюць алені” – смяецца Дзяніс.

Шэсць сетак былі пастаўленыя ў тры рады ў трох розных біятопах. Гэта была ўжо другая ноч адловаў тут птушак.

“Зацемна я паставіў пад сеткамі ля трыснягу запіс галасоў двух новых для Беларусі відаў: пеўчага цвыркуна, стрынаткі-рэмеза і стрынаткі-крошкі. Гэта вядомая методыка, каб “асаджаць” пралятаючых побач птушак – яны сядаюць там,дзе чуюць знаёмыя галасы. І вось каля  11й гадзіны мы дасталі з сеткі стрынатку-рэмеза!”

“Цікавы від – калі ў двух словах. Я даўно хацеў яго ў нас знaйсці )”.

птушка

“Да гэтага ў гэтым месцы атрымалася адлавіць і акальцаваць шмат сініц сініц і малінавак. Але цяпер праграма-максімум выканана” – смяецца Дзяніс.

“Можа праграма-мінімум?” – удакладняю я.

“Так, ёсць надзея злавіць яшчэ адзін новы для краіны від – каральковую пячураўку- цяпер яе голас заклікае птушачак наведаць адну з нашых сетак” – кажа Дзяніс.

птушка

Калі надвор’е не зменіцца ў горшы бок, сябры будуць працягваць адловы птушак тут да канца тыдня.

Таму пажадаем ім толькі посьпехаў!

Стрынатка-рэмез (Emberiza rustica) – таёжны від, распаўсюджаны шырокай паласой ад Паўночнай Еўропы (Скандынавія і Фінляндыя) праз поўнач Усходняй Еўропы, Сібір да Камчаткі і Алеўцкіх астравоў. З канца ХІХ стагоддзя адзначана пашырэнне распаўсюджання віду на захад – у Эстонію, Латвію, у Швецыі і Нарвегіі. Падчас  сезонных міграцый залятае ў многія краінах Еўропы, і вось, нарэшце, адзначана і ў Беларусі.

людзі з птушкай

Каб дадаць інтрыгі, Дзяніс працягвае: “Яшчэ цікава дадаць, што ў 1990-я гады яна гнездавала ў Себежскім нацпарку (Пскоўская вобласць Расіі) прыкладна ў 1 км ад мяжы з Беларуссю. Я некалькі гадоў таму спецыяльна хадзіў туды паглядзець біятоп, а потым шукаў яе ў нас на поўначы ў падобных месцах. Але не знайшоў.”

“Магчыма (мая думка), што яна магла гнездаваць у нас у той час. Але тады яе ніхто не знайшоў.” – кажа Дзяніс.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымкі Юрыя Янкевіча

 

 

На гэтую тэму:

Новы для Беларусі від птушак – пячураўка-зарнічка – адляцеў з уласным кальцом

Стрынатка-крошка – новы для Беларусі від птушак- адляцела з уласным кальцом

Сообщение БОФК: список птиц Беларуси увеличился на 3 новых вида

Станцыі кальцавання “Сасновы бор” на поўначы Беларусі патрэбная падтрымка!

Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы

ВОСЕНЬСКАЯ МІГРАЦЫЯ І АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ПТУШАК ЗА ЖНІВЕНЬ-2018

ПЕРШЫ ДЛЯ ПОЛЬШЧЫ СВІРСТУН ГАДЛЕЎСКАГА АДЗНАЧАНЫ НА ВЫХОДНЫХ