Сёння ў Спісе птушак Беларусі з’явіўся новы від – пячураўка-зарнічка (Phylloscopus inornatus). І хаця такія навукова важныя для айчыннай арніталогіі адкрыцці яшчэ павінна зацвердзіць на сваім чарговым паседжанні Беларуская арніта-фауністычная камісія, доказаў для гэтага Дзяніс Кіцель (арнітолаг і бёдуотчар, які зрабіў гэтае адкрыццё) сабраў дастаткова.
Як адбылася не зусім звычайная для нашай краіны рэгістрацыя гэтага пераважна сібірскага віду вераб’іных і як увогуле нарадзілася ідэя злапаць новы для Беларусі від менавіта на Віцебшчыне, расказвае для нашага сайту Дзяніс:
Я ўбачыў, што пачаліся рэгістрацыі гэтага віду ў суседніх з Беларуссю краінах: Польшчы, Латвіі, Літве. І вырашыў, што настаў і наш час…
Увогуле, верасень-кастрычнік – найлепшы час для назіранняў гэтага віду ў Еўропе. Але звычайна амаль усе рэгістрацыі яго адбываюцца на марскіх узбярэжжах і вельмі рэдка - ўнутры кантынентаў.
Яшчэ вясной я размаўляў з Дзьмітрыем Шамовічам наконт магчымасці паспрабаваць злапаць на поўначы Беларусі /у Рассонсікм раёне знаходзіцца аграэкасядзіба Дзьмітрыя “Заімка лешего” – зацем ДзВ/ паўночныя віды вераб’іных птушак і тады ж паспрабаваў злапаць стрынатку-рэмеза. Аднак не пашчасціла…
І вось цяпер я прыехаў да Дзімы ў в.Сасновы бор пазаўчора ўвечары і зноў загасцяваў у яго доме. Ўчора на ўскрайку вёскі паставіў чатыры сеткі каля паласы хмызняку і пад адной з іх уключыў невялікую калонку з запісам голасу пячураўкі-зарнічкі.
Аднак у першы дзень, хаця і трапілася параўнальна шмат птушак і нават такія цікавыя віды, як юрок, звычайная чачотка, крапіўнікі, лясныя завірушкі і нават арабок, зарнічкі сярод іх не было.
Сёння да абеду я зноў уключыў яе голас пад сеткай, якая стаяла каля старой яблыні. Аднак ізноў не шанцавала. І тады я вырашыў зняць калонку і адключыў запіс. Праз гадзіну, пад час чарговай праверкі сетак у той самай, пад якой перад гэтым гучаў яе голас, трапілася пячураўка-зарнічка і разам з ёй вялікая сініца і звычайная ў нас пячураўка-ценькаўка.
Пасля таго, як я зрабіў неабходныя прамеры, я закальцаваў новы для Беларусі від, сфатаграфаваў і выпусціў…
Дзяніс, а які наступны новы для Беларусі від птушак у Тваіх планах?
Магу сказаць не пра адзін, а нават пра тры найбольш імаверныя віды. На мой погляд, гэта каральковая пячураўка (Phylloscopus proregulus), пячураўка-талаўка (Ph. borealis) і стрынатка-рэмез (Emberiza rustica).
Да выходных я буду працягваць лавіць тут птушак. Магчыма яшчэ нешта новае і цікавае злапаю!
Дарэчы, па словах Дзяніса, без усебаковай падтрымкі Дзьмітрыя Шамовіча гэтае адкрыццё наўрацці б атрымалася.
Наша даведка: пячураўка-зарнічка – невялікі лясны від від вераб’іных (даўжыня цела 10-11 см, размах крылаў – 14-20 см) птушак, як распаўсюджаны як у нізінных, так і горных лясах рознага тыпу і нават лесапасадках у палеарктычнай частцы Азіі ад р.Пячора праз паўночны Урал і Сібір да вярхоўяў Іртыша і Обі, паўднёвых ускраін воз. Байкал і Сіхотэ-Алінскіх гор, узбярэжжаў Японскага і Ахоцкага мораў.
Негледзячы на тое, што від зімуе ў Паўднёва-Усходняй Азіі, рэгулярна ў невялікай колькасці адзначаецца ў многіх краінах Еўропы. І вось цяпер упершыню адзначаны для Беларусі.
Сёлета – гэта другі новы від для нашай краіны. Вясной пад час міграцыі на Магілёўшчыне была адзначана горная гусь.
Варта дадаць, што Дзяніс Кіцель у складзе кааманды "Арлы і стрынаткі" сёлета стаў чэмпіёнам Беларусі па спартыўнай арніталогіі, паставіўшы новы рэкорд гэтых спаборніцтваў - 120 відаў птушак за 12 гадзін назіранняў
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымкі Дзяніса Кіцеля
На гэтую тэму:
У ПРЫРОДЗЕ БЕЛАРУСІ АДЗНАЧАНЫ ЯШЧЭ АДЗІН (ЧУЖАРОДНЫ) ВІД ПТУШАКНОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК - ПЛАСКАНОСЫ ПЛЫВУНЧЫК - ЗАЛЯЦЕЎ НА ВІЦЕБШЧЫНУ + VIDEO
НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ЧАЙКАНОСАЯ КРЫЧКА – АДЗНАЧАНЫ Ў ТУРАВЕ + VIDEO
Сенсация: новый для Беларуси вид птиц - белобрюхий стриж - в Минске !
Новы для Беларусі від птушак – камчацкая чайка (Larus schistisagus) – адзначаны ў Гродна
В Списке птиц Беларуси официально появились 3 новых вида: Протокол заседания БОФК от 16.01.2013
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Harrier - 30.09.2014 - 00:37
Нечаканая, але прыемная
Нечаканая, але прыемная гісторыя з хэпі эндам. Вось што значыць паставіць мэту і навукова абгрунтаваўшы, яе дасягаць.
svetlana vranova - 30.09.2014 - 18:59
In reply to Нечаканая, але прыемная by Harrier
Čakala, kali urešce
Čakala, kali urešce zmouknie heta dziunaja niabačnaja kankurentka :-) Vinšuju!
U Čechii maiem 6 rejestracyj hetaha vidu. A ja nia bačyla...
AV - 30.09.2014 - 20:01
Віншую. Клас!
Віншую. Клас!
Harrier - 03.10.2014 - 17:00
In reply to Віншую. Клас! by AV
Шведзкі адказ:) ад Леннарта
Шведзкі адказ:) ад Леннарта Карлссана:
"Сёння я таксама злапаў і акальцаваў пячураўку-зарнічку. Калі ласка, перадайце Дзянісу, што гэта жарт. Але я яшчэ большы за яго побач з птушкай.
На Оландзе сёння адзначылі больш за 30 пячуравак-зарнічак. Гэта, напэўна, рэкорд."