Восеньская міграцыя і агляд нашых назіранняў рэдкіх птушак за жнівень-2018

Каляндарная восень пачалася толькі сёння, але для многіх відаў птушак актыўная восеньская міграцыя ідзе ўжо з канца ліпеня. Таму і паведамленняў пра назіранні цікавых відаў са Спісу Клубу200 было параўнальна многа і яны былі разнастайнымі ў відавым плане: 37 назіранняў 20 відаў – гэта падобна да выніку за папярэднія два месяцы лета (42 назіранні 21 віду) і нашмат больш, чым мы змаглі назіраць у жніўні мінулага году. Тады адбылося 23 паведамленні пра назіранні 12 відаў, прычым амаль палова рэгістрацый (9) тычылася аднаго віду - сокала-шулёнка.

Сярод усіх нашых жнівеньскіх назіранняў, яўна тры вылучаюцца сваёй значнасцю:

Хрустан (Charadrius morinellus) хаця і быў адзначаны сёлета ўпершыню і ўсяго другі раз (першы- у 2013 годзе) за апошнія як мінімум паўстагоддзя і трэці раз ўвогуле для краіны, наўрацці можа лічыцца вельмі рэдкім відам для Беларусі, бо ў суседніх з намі краінах штогод пад час вясновай і восеньскай міграцыі назіраецца рэгулярна. Было б дзіўна думаць, што від амінае пад час міграцыі менавіта нашу краіну і ў яўна неадпаведнай яго статусу рэдкасці хрустана ў нас вінаваты мы – назіральнікі, якія шукаем яго побач з кнігаўкамі і сеўкамі, тады як напрыклад у Польшчы, хрустанаў часцей за ўсё адзначаюць у аднавідавых групах на ўзараных палях, дзе пакуль што ніхто з нас іх актыўна не шукаў. Хутчэй за ўсё, статус хрустана ў нас чакае перагляд падобна да снежнага падарожніка, якога мы яшчэ зусім нядаўна таксама не ведалі дзе і як глядзець. Аднак усё вышэй сказанае не прымяньшае каштоўнасці сёлетняй рэгістрацыі мін 5 хрустанаў Андрэем Барадзіным, Юліяй Алцюнювай і Карынай Крывенка ў зграі кнігавак і залацістых севак ў Нясвіжскім раёне.

птушка

Здымак шыладзюбкі Генадзя Ардзюка, Днепра-Брагінскае вадасховішча, Лоеўскі раён Гомельскай вобласці.

Назіранне камандай Тураўскай станцыі кальцавання птушак ў пачатку жніўня вывадка Шыладзюбак (Recurvirostra avosetta) хутчэй за ўсё можна аднесці да другога выпадка гнездавання віду ў Беларусі (пра першы выпадак гл. падрабязней ТУТ). Пара птушак назіралася на Днепра-Брагінскім вадасховішчы яшчэ ў канцы мая і таму паспяховае гнездаванне тут шыладзюбак не павінна моцна здзіўляць. Пазнейшыя назіранні там жа групы птушак толькі дадаюць аргументаў на карысць гэтага сцверджання.

Хаця назіранні ў нашай краіне Чырвонай чаплі (Ardea purpurea) - гл. верхні здымак - ужо не назавеш сенсацыйнымі, аднак тое, што Віктар Кулік знайшоў на рыбгасе “Волма” на прыканцы ліпеня маладую птушку, якая хутчэй за ўсё ўвесь месяц пратрымалася там, а на іншым рыбгасе, больш па паўднёвы усход, 29.08 адзначыў ажно 2 маладыя чырвоныя чаплі, канешне, прыемна ўражвае. Дзякуючы яго першай знаходцы многія мінскія бёрдуотчары дадалі гэты рэдкі від у свой спіс.

Яшчэ адзін від - Малая белая чапля (Egretta garzetta), які хутчэй за ўсё таксама прыляцеў да нас з поўдня, парадаваў назіральнікаў на паўднёвым захадзе краіны, дзе дзве птушкі пратрымаліся не менш тыдня з 19 да 26.08.2018:

птушка

Здымак Юрыя Янкевіча, рыбгас "Руда", Маларыцкі раён Брэсцкай вобласці.

Першая сёлета Чапля-кваква (Nycticorax nycticorax) была адзначана (на жаль, без фотаздымка) толькі аднойчы 18.08 на Днепра-Брагінскам вадасховішчы. Від у невялікай колькасці гняздуе ў нашай краіне з 1999 г., але дзе дакладна з-за пераважна начнога ладу жыцця, дагэтуль амаль невядома.

Дзякуючы ўважлівасці Ірыны Самусенка (яе здымкі ніжэй), мы ведаем пра рэгістрацыі ў Мінску Чорнагаловай (Larus melanocephalus)

птушка

і Марской чаек (L. marinus). Першая – дарослая птушка – была адзначана 13.08, другая – маладая птушка – на наступны дзень, 14.08. Хутчэй за ўсё гэта першая летняя рэгістрацыя марской чайкі для нашай краіны:

птушка

Малая чайка (Larus minutus)  - рэдкі гняздуючы ў Беларусі від, але цяпер могуць сустракацца і птушкі, якія ляцяць на месцы зімоўкі праз нашу краіну. Толькі дзве рэгістрацыі ў жніўні: 25.08 2 птушкі ў Дзяржынску і 12 птушак 28.08 на рыбгасе “Волма”.

Крычка-чэграва (Hydroprogne caspia) у адрозненне ад папярэдняга віду толькі мігрыруе праз Беларусь. У жніўні 5 рэгістрацый у розных частках краіны: 04.08, 11.08, 19.08, 26.08 і 28.08 (10 птушак!).

птушка

Здымак Максіма Каласкова, рыбгас "Волма", Чэрвенскі раён Мінскай вобласці

Першы пасля зімовай рэгістрацыі Сокал-падарожнік (Falco peregrinus) адзначаны толькі раз 25.08, але з актыўным пралётам розных відаў-ахвяр павінны падцягнуцца да нас і сокалы, якія на іх палююць. Таму, магчыма, больш частыя сустрэчы віду чакаюць нас у верасні.

Сокал-шулёнак (Falco vespertinus), мяркуючы па жнівеньскіх назіраннях апошніх гадоў, павінен актыўна ляцець праз Беларусь пад час восеньскай міграцыі – так, напрыклад, у жніўні 2017 году было 9 рэгістрацый віду, а за той жа месяц у 2016 і 2015 гадах – па 5. Але сёлета ў жніўні былі толькі тры рэгістрацыі, прычым усе яны адносяцца да “адзінкавых” маладых птушак: 11.08, 16.08 і 23.08. Таксама пачакайма на верасень?

птушка

Здымак Алы Эрдман, Полацкі раён Віцебскай вобласці.

Хадулачнік (Himantopus himantopus) – толькі адна рэгістрацыя віду 03.08.

Кулік-паручайнік (Tringa stagnatilis) – таксама адна рэгістрацыя, адбылася 18.08.

Каменяшарка (Arenaria interpres) – адзінае назіранне для жніўня і толькі трэцяе для 2018 году адбылося 16.08.

Тундравыя віды кулікоў яўна “не падкачалі” і жнівень даў магчымасць назіраць іх хаця і не часта, але ў добрай відавой выбарцы, якая яўна павялічыцца ў верасні:

Пясчанка (Calidris alba) – толькі адна магчымая рэгістрацыя 1 птушкі 30.08.

Ісландскі пясочнік (Calidris canutus) – першая і пакуль што адзіная рэгістрацыя для гэтага году адбылася 28.08.

Сявец (Pluvialis squatarola): 4 рэгістрацыі ў цэнтры і на поўдні, і, як звычайна для гэтага віду ў нас на пралёце, ад 1 да 3 птушак 05.08, 12.08, 16.08 і 19.08.

птушка

Здымак Юрыя Шашэнькі, ачышчальныя сажалкі ў в.Сініла, Мінскі раён і вобласць

Кулік-гразевік (Limicola falcinellus) – тры рэгістрацыі з цэнтру і ўсходу 05.08, 10.08 і 11.08.

Напэўна, мала хто бачыў маладых Белых сініц (Cyanistes cyanus), няма для іх асобнага малюнку і апісання ў найбольш папулярным вызначальніку птушак Заходняй Палеарктыкі Svensson`a з сааўтарамі, дзе ўсіх белых сініц з блакітным пер’ем на галаве прапануецца лічыць гібрыдамі белай і сіняй сініц (т.зв.`pleskei`), а насамрэч так выглядаюць і маладыя белыя сініцы. Гэта добра бачна на здымках, якіх зрабілі Станіслаў Верталь і яго жонка 08.08. Цікава, што падобнае фота маладой птушкі зрабіў і Сяргей Козак 11.07, таму падрабязнае апісанне асаблівасцяў выгляду маладых белых сініц як мінімум для папулярных вызначальнікаў яўна чакае свайго аўтара.

птушка

Здымак Станіслава Верталя, Пінскі раён Брэсцкай вобласці.

Паўночная мармытуля (Iduna caligata) сёлета ў мае ўжо зрабіла фурор на ўскрайку Мінска, таму залёт мігрыруючай праз Беларусь птушкі, якую злавілі на станцыі кальцавання “Сасновы бор” 04.08, не можа лічыцца сенсацыйным. Цікава аднак тое, што трошкі менш за год таму таксама адна паўночная мармытуля была адлоўлена на гэтай жа станцыі кальцавання 29.08.2017 г.

птушка

Здымак Дзяніса Кіцеля, станцыя кальцавання "Сасновы бор", Расонскі раён Віцебскай вобласці

Наперадзе нас чакае верасень і ўжо пятнаццаты Birdrace, калі найбольшая колькасць бёрдэраў адначасова ў розных месцах краіны вырушыць камандамі шукаць птушак у сваіх любімых для назіранняў месцах. Таму нас чакаюць шматлікія паведамленні і пра рэдкія віды. Але птушкі чакаюць нас і ў іншыя дні, варта толькі правяраць гэта рэгулярна.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымак маладой чырвонай чаплі Максіма Каласкова

 

 

На гэтую тэму:

ШТО МОЖА БЫЦЬ ЛЕПШ ЗА ПАМОРНІКА? – ДВА ПАМОРНІКІ! АГЛЯД НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ВІДАЎ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 ЗА ЧЭРВЕНЬ І ЛІПЕНЬ 2018

ПАЎНОЧНАЯ МАРМЫТУЛЯ І ІНШЫЯ ЧАКАНЫЯ НЕЧАКАНАСЦІ: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ЗА КРАСАВІК І МАЙ -2018

УЖО НЕ ЗІМА, АЛЕ ЯШЧЭ І НЕ ВЯСНА: НАЗІРАННІ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 Ў САКАВІКУ-2018

ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК

СООБЩЕНИЕ БОФК: СПИСОК ПТИЦ БЕЛАРУСИ УВЕЛИЧИЛСЯ НА 3 НОВЫХ ВИДА

Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў са Спісу Клубу200 за 2017 год

В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ