Два паўнапраўных – і апошніх – вясновых месяцы незаўважна, але няўхільна перайшлі ў ранняе і гарачае лета. Асаблівых сюрпрызаў у назіраннях птушак са Спісу Клуба200 амаль не адбылося. Усяго было зроблена 109 паведмленняў пра назіранні 31 віда. Ружовыя шпакі, якія сотнямі праляцелі амаль усю Еўропу, былі адзначаныя неаднойчы амаль у самых нашых заходніх і паўднёвых межаў і дабраліся ў вялікай колькасці нават да Вялікабрытаніі, але неяк абмінулі Беларусь. Новых для краіны відаў ў адрозненне ад мінулагодняга мая, таксама не зарэгістравалі. Аднак былі і прыемныя нечаканасці, з якіх і пачнем агляд:
Без сумненняў да іх адносіцца рэгістрацыя на ўскрайку Мінска як мінімум двух спяваючых самцоў Паўночнай мармытулі (Iduna caligata) – адкрыццё, якое зрабіў Юры Шашэнька 21.05. Цікава, што за мінулыя 10 дзён многія – і не толькі жыхары сталіцы – паспелі дзякуючы яму, або нават і самастойна дадаць гэты від у свае Спісы. Паўночная мармытуля з’явілася ў нашай арнітафауне параўнальна нядаўна – толькі ў 2010 годзе, прычым праз два гады атрымалася даказаць і гнездаванне віду. З таго часу від фактычна штогод назіраецца ў нашай краіне, а ў 2015 адзін самец падобным чынам быў знойдзены таксама на ўскрайку Мінска. Магчыма, што за мінулыя гады від ужо значна прасунуўся на захад, але параўнальна цяжкі да вызначэння і таму кожная яго рэгістрацыя ў нас вельмі цікавая.
Другім па значнасці шэрагам рэгістрацый ёсць майскія назіранні Сокалаў-шулёнкаў (Falco vespertinus), якіх адбылося чатыры і прычым у розных рэгіёнах краіны: на Берасцейшчыне, Гомельшчыне (дзве, самец і самка) і на Міншчыне. Афіцыйна від дагэтуль лічыцца гняздуючым у Беларусі, хаця апошняе гняздо было знойдзена 35 гадоў таму. Хацелася б спадзявацца, што хаця б некаторыя з позневясновых рэгістрацый адносяцца да мясцовых гняздуючых птушак, але ці так гэта пакажа бліжэйшая ці больш аддаленая будучыня.
Самец сокала-шулёнка, Нясвіжскі раён, 24-05-2018. Фота Сяргея Шакала.
Ну а цяпер пераходзім да агляду іншых назіранняў у (больш) сістэматычным парадку.
Чырвонаваллёвы гагач (Gavia stellata) быў адзначаны тройчы: два разы ў красавіку і адзін раз у мае. Кожны раз гэта былі адзінкавыя птушкі.
Вельмі прыемна, што у красавіку было зроблена ажно тры рэгістрацыі Чырвонашыйных коўраў (Podiceps auritus). Усе яны адбыліся на вадасховішчах вакол Мінску, прычым адна з іх датычыла нават трох птушак:
Чыжоўскае вадасховішча, Мінск, 24-04-2018. Фота Юрыя Шашэнькі.
З 2014 г. у нас не адбывалася вясновых рэгістрацый Малай белай чаплі (Egretta garzetta), таму ажно два майскія назіранні, прычым у адным з выпадкаў нават трох птушак, не могуць не радаваць.
Фота Юрыя Шашэнькі, Тураў, 19-05-2018.
Чырвоная чапля (Ardea purpurea) была адзначана толькі аднойчы, у пачатку мая ў Тураве.
Вельмі дзіўна, што Малыя лебедзі (Cygnus columbianus) на працягу вясны назіраліся толькі двойчы, штораз у невялікіх групах.
Белашчокая казарка (Branta leucopsis) з-за ранейшай масавасці назіранняў вынесеная са спісу відаў, рэгістрацыі якіх патрабуюць зацверджання БАФК, сёлетняй вясной адзначана толькі ў двух месцах на Міншчыне.
Пярэстыя качкі (Tadorna tadorna), прагноз на паноўнае гнездаванне якіх яўна сёлета не спраўдзіўся, назіраліся гэтай вясной толькі тройчы – на Віцебшчыне, Гарадзеншчыне і Гомельшчыне.
Пярэстыя качкі на рыбгасе "Каеняўцы", Бераставіцкі раён, 14-04-2018. Фота Дзьмітрыя Вінчэўскага
Даўганосыя савукі (Mergus serrator) на міграцыі адзначаны толькі двойчы і толькі ў Цэнтральнай Беларусі; пара птушак у Бярэзінскім запаведніку магчыма, гняздуючая.
Некалі рэдкі на гнездаванні ў нашай краіне Белавокі нырок (Aythia nyroca), у апошнія гады назіраецца толькі на пралёце ці, як сёлетняй вясной, рэгіструюцца толькі адзінкавыя негняздуючыя птушкі.
Хаця Нырок-плёсаўка (Aythya marila) увосень сустракаецца ў нас параўнальна часта, гэтай вясной атрыманы толькі чатыры паведамленні пра тры рэгістрацыі віду на вясновым пралёце.
Незвычайная гісторыя атрымалася з Чырвонаносым нырком (Netta rufina): упершыню на рыбгасе “Белае” 28.04 быў адзначаны самец, аднак пазней увесь май на тым жа рыбгасе трымалася пара птушак. На жаль, пара штораз назіралася без птушанят, таму на першы выпадак гнездавання віду ў нас трэба будзе яшчэ пачакаць.
Кулік-паручайнік (Tringa stagnatilis) – шэсць рэгістрацый амаль па ўсёй краіне.
Стучок (Lymnocryptes minimus) быў не толькі адзначаны за красавік і май 5 разоў, але некаторыя птушкі былі закальцаваныя:
Фота Максіма Каласкова.
Хадулачнікі (Himantopus himantopus), як і ў мінулым годзе, працягваюць у невялікай колькасці гнездаваць на поўдні краіны, што не можа не радаваць! Усе 10 атрыманых за май паведамленняў адносяцца да поўдня Беларусі.
Сярэдні кулён (Numenius phaeopus) не толькі ў невялікай колькасці гняздуе на верхавых балотах, але і сустракаецца на пралёце. Тры рэгістрацыі ў красавіку.
На жаль, сёлета не атрымалася знайсці Шыладзюбак (Recurvirostra avosetta) на гнездаванні. Усе вясновыя рэгістрацыі адносіліся да птушак на пралёце, прычым пад Туравам былі адначасова нават 8 птушак!
Сяўцы (Pluvialis squatarola) вясной – звычайна рэдкасць для нашай краіны. Сёлетні май – не выключэнне. Толькі дзве рэгістрацыі.
Толькі аднойчы былі адзначаныя на вясновай міграцыі Кругланосы плывунчык (Phalaropus lobatus) і Кулiк-гразевiк (Limicola falcinellus), а таксама Марская чайка (Larus marinus) у другой палове вясны.
Больш цікавая гісторыя з Чорнагаловай чайкай (Larus melanocephalus): да другой дзекады красавіка на Міншчыне былі адзначаныя адзінкавая птушка і пара (?), а з 20.04 дарослая птушка, па словах Ірыны Самусенка, дагэтуль трымаецца ў калоніі чаек-рыбачак у Мінску (вядомай гнездаваннем віду тут у папярэднія гады):
Фота Ірыны Самусенка,
Як заўсёды, шматлікімі былі вясновыя назіранні Малай чайкі (Larus minutus) – з усёй краіны атрымана 18 паведамленняў пра рэгістрацыі віду. Праўда, такіх масавых скапленняў, як у мінулым годзе (больш 150 птушак) не назіралі, аднак і так від застаецца самым масавым са Спісу Клуба200 для красавкіа і мая па колькасці рэгістрацый.
Чарнагаловы рагатун, 31-05-2018, рыбгас "Днепрабугскі". Фота Максіма Каласкова.
Чорнагаловы рагатун (Larus ichthyaetus) назіраўся толькі раз на Берасцейшчыне, а вось
Крычка-чэграва (Hydroprogne caspia) у красавіку адзначалася двойчы.
Нетрывіяльнай стала рэгістрацыя Арла-магільніка (Aquila heliaca) – яна адбылася толькі дзякуючы дадзеным, атрыманым са славацкай птушкі, пазначанай спадарожнікавым перадатчыкам. Але і раней падобныя дадзеныя па залётах вельмі рэдкіх ці нават новых для краіны відах ужо атрымлівалі падобным чынам – напрыклад, пра балобанаў ці барадача.
Усе вясновыя назіранні наступных відаў адносяцца да гняздуючых птушак, прычым Шчурка-пчалаедка (Merops apiaster) і Чырвонагаловы каралёк (Regulus ignicapillus) могуць лічыцца тымі, якія паступова павялічваюць сваю колькасць і пашыраюць тэрыторыю свайго распаўсюджвання.
Фота Максіма Каласкова, ускраіна Мінску, май 2018 г.
Варта дадаткова адзначыць вельмі раннюю як для Беларусі рэгістрацыю шчурак-пчалаведак на будучым месцы гнездавання ўжо 03.05., а для каралька – яўнае далейшае прасоўванне арэалу на ўсход.
Белая сініца (Cyanistes cyanus) сёлета загнездавала не ва ўсіх месцах,дзе радавала нашых і замежных бёрдуотчараў у папярэднія гады.
Белая сініца, наваколле Турава, 27-04-2018. Фота Дзьмітрыя Вінчэўскага.
А Чарнагаловы ерчык (Saxicola rubecula), хутчэй за ўсё, пакуль застаецца на сваіх “папярэдніх рубежах”.
Цікавых вам летніх назіранняў і больш паспяховых палявых выездаў!
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На верхнім здымку Ірыны Самусенка адзін з самцоў паўночнай мармытулі на ўскрайку Мінска.
На гэтую тэму:
УЖО НЕ ЗІМА, АЛЕ ЯШЧЭ І НЕ ВЯСНА: НАЗІРАННІ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 Ў САКАВІКУ-2018
ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК
СООБЩЕНИЕ БОФК: СПИСОК ПТИЦ БЕЛАРУСИ УВЕЛИЧИЛСЯ НА 3 НОВЫХ ВИДА
Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў са Спісу Клубу200 за 2017 год
В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ
ЧАМУ БАРАДАЧ ХУТЧЭЙ ЗА ЎСЁ НЕ ЎВАЙДЗЕ Ў АСНОЎНЫ СПІС ПТУШАК БЕЛАРУСІ
Стрынатка-крошка – новы для Беларусі від птушак- адляцела з уласным кальцом
Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ