Стрынатка-крошка – новы для Беларусі від птушак- адляцела з уласным кальцом

стрынатка-крошка

Сёння Дзянісу Кіцелю, арнітолагу і бёдуотчару, атрымалася зрабіць сабе і ўсім аматарам назіранняў птушак у Беларусі незвычайны падарунак – ён злавіў і акальцаваў новы для нашай краіны від – стрынатку-крошку (Emberiza pusilla). Цікава, што адбылося гэта амаль роўна праз 3 гады дзе ім жа ў тым самым месцы была злоўленая пячураўка-зарнічка, таксама тады новы для Беларусі від! Дарэчы, гэта ўжо чацьвёрты новы для краіны від птушак, зарэгістраваны Дзянісам – шчыра віншуем і жадаем новых адкрыццяў!

Як адбылася не зусім звычайная для нашай краіны рэгістрацыя гэтага пераважна тундравага віду вераб’іных, Дзяніс распавядае для нашага сайту:

Кожны дзень з 7 раніцы на станцыі кальцавання “Сасновы бор” мы ставім адмысловыя сеткі для адлову птушак. Правяраем іх штогадзіну, і ў 8 раніцы ў сетцы “вісела” стрынатка.

Дарэчы, злавілася яна без прынады на голас свайго віду, можна сказаць “самастойна”. Бо некалькі папярэдніх дзён я ставіў “мікс” з галасоў некалькіх вераб’іных відаў птушак, у тым ліку і стрынаткі-крошкі, але сёння яго не прыйграваў.

Калі ўбачыў яе ў сетцы, то адразу было зразумела, што гэта птушка новая для Беларусі, але для ўпэўненасці паглядзеў у вызначальніку “Identification Guide to European Passerines” Свэнсана.

птушка

Дагэтуль бачыў гэты від шмат разоў: на Салаўках, у Нянецкім запаведніку (і нават лавіў), на Ямале.

Глядзеў афарбоўку палосак на крылах. Я не памятаў, якога колера яны павіны быць. Помню, што ў стрынаткі-рэмеза /таксама быў бы новы для Беларусі від - ДзВ/ яны белыя. А вось у крошкі - шэра-карычневыя. Ну і некаторыя моманты па афарбоўцы перьеў хваста, вырэзках (emarginations) на махах, форма дзюбы...

Дарэчы, птушка маладая (хваставыя перы вострыя):

птушка

А эмоцыі /пасля адкрыцця новага для краіны віду/ заўседы аднолькавыя! Гэта ж цэлы дзень атрымліваць віншаванні ад калегаў! )

аўтар з птушкай

Аўтар адкрыцця з закальцаванай стрынаткай-крошкай.

Новых відаў птушак для Беларусі як патынцыйных прэтэндэнтаў шмат ) Ну, калі ў мяне на станцыі, то раблю стаўку на каральковую пячураўку )

Дарэчы, наша станцыя кальцавання “Сасновы бор” знаходзіцца ў аднойменнай вёсцы на аграсядзібе “Заімка Лешага” у Расонскім раёне Віцебшчыны.

Ловім і кальцуем там птугшак больш-меньш рэгулярна з 2014 года. Ужо закальцавана больш за 13 тыс. птушак, з іх больш за 6 тыс. - у гэтым годзе. Усяго - 104 віды (разам з птушанятамі драпежных птушак на гнездах).

………

Стрынатка-крошка насяляе тундру, лесатундру і паўночныя ўскрайкі тайгі ад Паўночна-Заходняй Еўропы да Чукоцкага паўвострава і Ахоцкага мора. З 1930-х гадоў назіраецца паступовае распаўсюджанне віду на захад – у Скандынавію і на Кольскі паўвостраў. Пад час залётаў на міграцыі адзначана амаль ва ўсіх краінах Еўропы, і вось цяпер – і ў Беларусі.

Каб новы від трапіў у Спіс птушак Беларусі, неабходна прызнанне гэтага факту Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй (БАФК). На сённяшні дзень у афіцыйным Спісе птушак нашай краіны 329 відаў і яшчэ некалькі прэтэнтэнтаў на гэты статус пакуль што не праходзілі разгляд БАФК. Адзін з такіх відаў, адкрыты ў нас сёлета- сібірскі чорнагаловы ерчык.

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымкі Дзяніса Кіцеля

 

На гэтую тэму:

В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ

На Гомельшчыне злапаны новы для Беларусі від птушак – бледная перасмешка!

У фауне Беларусі з’явіўся новы гняздуючы від птушак – шыладзюбка!

На Магілёўшчыне адзначаны на гнездаванні стэпавы лунь – від, які апошні раз гнездаваў у Беларусі 101 год таму!

НЕ ПРАЙШЛО І ТЫДНЯ, А ПАД МІНСКАМ АДКРЫТЫ ЯШЧЭ АДЗІН НОВЫ ВІД ПТУШАК ДЛЯ БЕЛАРУСІ – ЖАЎТАНОГАЯ ЧАЙКА!

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ЧАЙКА-БУРГАМІСТР – АДЗНАЧАНЫ ПАД МІНСКАМ

Новы для Беларусі від птушак адзначаны на Нёмане ў межах Гродна

Новы для Беларусі від птушак заляцеў у арніталагічны заказнік на Гарадзеншчыне

Новы для Беларусі від птушак – пячураўка-зарнічка – адляцеў з уласным кальцом

Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!

Як рыбакі новы від птушак для Беларусі адкрылі + VIDEO

Потенциальные новые виды птиц для Беларуси: кто они?