Пасля таго, як напярэддані пачуў своеасаблівыя галасы і назіраў як дарослыя чорнагаловыя шчыгелы (Carduelis carduelis) і зелянушкі (C. chloris), дакармліваюць сваіх птушанят з позніх вывадкаў, я быў амаль упэўнены, што нічога падобнага пазней ужо не ўбачу. Але памыліўся.
Пад т.зв. старым мастом праз Нёман я здалёк пачуў падобныя галасы-выпрошванні злёткаў і калі падыйшоў бліжэй, яны аказаліся маладымі канплянкамі (C. cannabina). Прычым птушак было тры: самец і дзве маладых, якія памерам, а ў некаторых ракурсах і афарбоўкай, не адрозніваліся ад дарослых.
Самец шчыраваў на невысокіх раслінах, вырываючы іх апушанае насенне і нейкім чынам адззяляючы пушыстыя часткі ад смачных. Злёткі ж паводзілі сябе па-рознаму: адзін стараўся трымацца каля самца і часта прасіў пакарміць, другі ж выглядаў на больш самастойнага, не адразу пералятаў за бацькам і часам стараўся знайсці нешта ядомае сам.
Калі ж самец не вытрымліваў просьбаў, ён перадаваў насенне з дзюбы ў дзюбу самаму галоднаму нашчадку. А калі ежы назбіралася на дваіх, выдаваў порцыямі абодвум:
Працяг будзе
Гродна, 12-09-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ