Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!

Як і ў выпадку з іншым відам драпежных птушак, сокалам-балобанам, якога спачатку ў нашай краіне адзначылі толькі спадарожнікі, гэтага вялікага памерамі грыфа ў Беларусі на свае вочы яшчэ ніхто не бачыў. Але дзякуючы размешчанаму на ім спадарожнікаваму перадатчыку мы ведаем, што птушка з 26 чэрвеня ўсё яшчэ знаходзіцца у Брэсцкай вобласці. Гэтых доказаў мусіць хапіць, каб барадач (Gypaetus barbatus) афіцыйна стаў новым відам нашай арнітафауны.

Малады самец Adonis, народжаны ў заапарку г.Астрава (Чэхія) 16.02.2014 г, быў выпушчаны ў дзікую прыроду на поўдні Францыі летам 2014 году ў рамах праграмы па рэінтрадукцыі віду.

Так выглядаў Адоніс у заапарку Астравы:

малады барадач

Штогод ў гарах Grand Causses выпускаюць па 2 птушкі, пачынаючы з 2012 году. Гэтыя горы ідэальна пасуюць для таго, каб яны служылі натуральным прыродным карыдорам паміж збольшага ізаляванымі цяпер папуляцыямі гэтага знікаючага віду у Пірэнеях і Альпах. Акрамя таго, гэтыя мясціны ў 2011 годзе атрымалі статус Сусветнай спадчыны ЮНЭСКО.

горы

Вялікая колькасць археалагічных і палеанталагічных дадзеных сведчыць пра тое, што барадачы бесперарыўна жылі на поўдні Францыі папярэднія тысячагоддзі. Акрамя гэтага, існуюць і рэгістрацыі віду тут у гістарычныя часы – некаторыя птушкі былі застрэленыя, некаторыя дагэтуль захоўваюцца ў прыватных калекцыях. Дзякуючы параўнальна вялікай колькасць адпаведных для гнездавання віду ўступаў і пячор, хутчэй за ўсё барадачы час ад часу гнездавалі на поўдні Францыі калі пірэнейская і альпійская папуляцыі яшчэ былі шматлікімі.

выява з царквы

Выявы барадачоў у гнязда з франтону царквы Conques, XII -е стагоддзе (Аверон)

У адрозненне ад Альпаў і другіх гор Еўропы, дзе барадач сустракаўся яшчэ ў гістарычны час і дзе паступовае выміранне віду адзначана з XIX стагоддзя, для поўдня Францыі такія дадзеныя амаль адсутнічаюць, што дазваляе думаць, што менавіта тут яно пачалося раней і адбывалася параўнальна хутка.  

Рэінтрадукцыя, ці вяртанне віду туды, дзе ён жыў раней, праводзіцца з маладымі барадачамі, якія нарадзіліся ў няволі ў розных заапарках і іншых установах Еўропы і адбываецца з дапамогай методыкі "taquet". Птушаняты змяшчаюцца ў падыходзячым месцы ў гарах на працягу месяца, ўвесь час тайна падкармліваюцца чалавекам, каб птушкі не бачылі людзей і не прызвычайваліся да іх. Пасля гэтага яны ў любы момант могуць адляцець і вярнуцца на гэтае месца, дзе працягваюць выкладваць для іх харчаванне. Адмысловая каманда з 5 чалавек увесь светлы час сутак сочыць з дапамогай тэлескопаў і перадатчыка за іх перамяшчэннем.

Хаця блізкі кантакт з птушкамі для публікі забаронены, аднак на працягу ўсяго лета за імі можна назіраць з дапамогай оптыкі са спецыяльна размешчаных пляцовак, каманда валанцёраў прадастаўляе любую інфармацыю па біялогіі і экалогіі віду і адказвае на пытанні.

Рэінтрадукцыя віду ў Паўднёвай Францыі паміж Пірэнеямі і Альпамі, пачалася ў 2012 і разлічана на наступныя 10 год. Бюджэт у 2014-15 гг быў амаль 500 тысяч эўра і складаўся з грошай з фонду рэгіянальнага развіцця Эўразвязу і вялікай колькасці спонсараў:

спонсары

Калі пасля выпуску летам 2014 году Адоніс за паўтара гады наведаў – акрамя “роднай”Францыі – Германію і Швайцарыю, а таксама на некалькі хвілін праляцеў над Італіяй, то сёлета малады барадач наведаў ужо Ліхтэнштэйн, Аўстрыю, Славакію, на некалькі гадзін заляцеў на захад Украіны (дзе гэта стала другой, але першай сучаснай рэгістрацыяй віду для краіны), Польшчу і у нядзелю, 26 чэрвеня, заляцеў у Беларусь!!!

Для таго, каб мець магчымасць індывідуальна пазнаваць выпушчаных маладых птушак з адлегласці, кожная з іх мае індывідуальна падабраную камбінацыю асветленых пёраў. Адоніс – не выключэнне, вось як яна выглядае на схеме:

Адоніс

Барадач насяляе скалістыя часткі гор, дзе птушкам лягчэй знайсці падаль – загінулых горных капытных. З-за гэтага ж часам сустракаецца вакол фермаў і аўтастрад на раўнінах. Від распаўсюджаны даволі шырока, розныя падвіды насяляюць горы Паўночна-Заходняй Афрыкі і і Паўднёва-Захаодняй Еўропы праз Малую Азію, Блізкі Усход, Манголію, Афганістан і частку Кітая.

Калі Беларуская арніта-фауністычная камісія зацвердзіць дадзеныя спадарожнікаў, гэта будзе другі новы від для нашай краіны, адзначны сёлета. Першым стаў кучаравы пелікан, адзначаны зімой на Магілёўшчыне.

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Выкарыстаны дадзеныя і ілюстрацыі з www.rapaces.lpo.fr

 

На гэтую тэму:

Новый вид птиц для Беларуси «видели» только спутники?

ЯК РЫБАКІ НОВЫ ВІД ПТУШАК ДЛЯ БЕЛАРУСІ АДКРЫЛІ + VIDEO

БОФК: В СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ СТАЛО 325 ВИДОВ - ДОБАВИЛИСЬ 4 И ИСКЛЮЧЕНЫ 2

РЭІНТРAДYКАВАНЫЯ ПТУШКІ ПРЫНОСЯЦЬ МІЛЬЁНЫ ФУНТАЎ ПРЫБЫЛІ

ПТИЦЫ МАЯ-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ

ПТИЦЫ АПРЕЛЯ-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ

ПТИЦЫ МАРТА-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ И СТРАНАХ-СОСЕДЯХ

ПТИЦЫ ФЕВРАЛЯ-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ И СТРАНАХ-СОСЕДЯХ

ПТИЦЫ ЯНВАРЯ-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ И СТРАНАХ-СОСЕДЯХ

ПОТЕНЦИАЛЬНЫЕ НОВЫЕ ВИДЫ ПТИЦ ДЛЯ БЕЛАРУСИ: КТО ОНИ?

ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ ПТИЦ, ОТМЕЧЕННЫХ В БЕЛАРУСИ В 2015 ГОДУ

Сокол-балобан (Falco cherrug) снова в Беларуси

 

 

Comments

Маладая птушка, перад пачаткам гнездавання даследуе Еўропу - можа дзе горы з'явіліся?

Абсалютна нармальныя паводзіны. Успрмнім маладых сокалаў-балобанаў - было падобна.