Май можа стаць рэкордным для Беларусі па колькасці адзначаных новых для нашай краіны відаў птушак. Сёлета ў пачатку месяца Андрэй Шэўчык сфатаграфаваў у Калінкавіцкім раёне чорнагаловага сібірскага ерчыка, і вось толькі цяпер стала вядома, што яшчэ адзін новы від быў злоўлены ў канцы мая мінулага году і таксама на Гомельшчыне. Гэта - бледная перасмешка (Hippolais pallida).
Пад час навуковай экспедыціі групы мінскіх арнітолагаў па вывучэнню асаблівасцяў міграцыі садовай стрынаткі з дапамогай геалоджэраў у складзе Дзмітрыя Жураўлёва і Валерыя Дамброўскага (НВЦ НАН Беларусі па біярэсурсах), а таксама Віталія Яковіча (Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства) у Нараўлянскім раёне між іншых атрымалася злавіць у сеткі птушку, якую самастойна мы вызначыць не змаглі.
І тут неабходна невялікае адступленне. Справа ў тым, што менавіта Віталій Яковіч стаў першым, хто ў 2010 годзе адзначыў у Беларусі паўночную мармытулю. Калі мы цяпер ехалі ў экспедыцыю, то жартавалі, што Віталь проста абавязаны паказаць гэты від. Трымаючы ў руках злапаную і невядомую нам птушку, мы не мелі ўяўлення кім яшчэ яна можа быць акрамя паўночнай мармытулі. Пячураўкі, чаротаўкі і зялёная перасмешка ніяк не пасавалі і былі адмецены як непасуючыя адна за адной.
Нам трэба было пераязжаць на новае месца, таму мы знялі з птушкі стандартныя і неабходныя прамеры, сфатаграфавалі і адпусцілі. Аднак сумневы ў правільнасці вызначэння засталіся.
Да заканчэння палявога сезону было яшчэ шмат часу і не было магчымасці гэтай загадкай займацца такім чынам, каб атрымаць адназначны адказ на яе. Да таго ж для нашых калег з Беларусі – паўночная мармытуля і блізкія да яе віды, якія жывуць ад Міжземнамор’я да Сярэдняй Азіі – малазнаёмая экзотыка. Таму мы вырашылі звярнуцца па дапамогу да Лорана дэ Монжана. Гэты французскі арнітолаг некалькі гадоў працаваў у Беларусі на рубяжы 1990-х-2000-х гадоў і з’яўляецца аўтарам аднаго з найлепшых вызначальнікаў для вызначэння птушак у руках.
Даслалі яму прамеры і фотаграфіі нашай птушкі і сталі чакаць. Адказ стаў для нас сапраўдным сюрпрызам- наша птушка аказалася па меркаванню Ларана … бледнай перасмешкай! Калега працаваў з гэтым відам і нават кальцаваў яго, таму сумневаў у правільнасці вызначэння ў яго не было.
Варта адзначыць, што від распаўсюджаны ў Афрыцы і ад паўднёва-заходняй Еўропы праз Балканы ў Іране і паўднёва-усходняй Азіі, бліжэйшае вядомае месца гнездавання віду- Адэская вобласць ва Украіне.
І хаця час ад часу бледныя перасмешкі залятаюць у многія еўрапейскія краіны, якія знаходзяцца на поўнач ад месцаў гнездавання, сустрэць яе ў Беларусі не чакаў ніхто з нас.
Рэгістрацыі многіх рэдкіх і новых для краіны відаў птушак павінны быць зацверджаны Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй (БАФК). Таму толькі пасля таго, як яна пацвердзіць правільнасць вызначэння, новы від птушак афіцыйна можна будзе дадаць у Спіс птушак Беларусі.
Дзмітрый Жураўлёў
Паводле https://wildlife.by (тэкст; здымкі Валерыя Дамброўскага) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ
ПОТЕНЦИАЛЬНЫЕ НОВЫЕ ВИДЫ ПТИЦ ДЛЯ БЕЛАРУСИ: КТО ОНИ?
У фауне Беларусі з’явіўся новы гняздуючы від птушак – шыладзюбка!
НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ЧАЙКА-БУРГАМІСТР – АДЗНАЧАНЫ ПАД МІНСКАМ
Як рыбакі новы від птушак для Беларусі адкрылі + VIDEO
Паўночная мармытуля – новы для Беларусі гняздуючы від птушак + VIDEO
Знаёмцеся, паўночная мармытуля (Iduna caligata) + video
Новы від птушак – паўночная мармытуля – адзначаны ў Беларусі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ