Новы для Беларусі від птушак – чайка-бургамістр – адзначаны пад Мінскам

чайка-бургамістр

Па нядзелях, калі большасць людзей адпачывае ад працы, арнітолагі і бёдуотчары стараюцца выкарыстаць свой выходны дзень для таго, каб паглядзець пад час восеньскага пралёту цікавыя віды птушак. Восень і пачатак зімы – найлепшы час для падобных назіранняў, пад час якіх часам атрымліваецца зрабіць сапраўднае адкрыццё. Менавіта такім стаў выезд мінскіх калег на палігон ЦБА пад Мінскам, дзе яны сёння адзначылі новы для краіны від – чайку-бургамістра (Larus hyperboreus).

Як адбылося гэтае адкрыццё, для нашага сайту распавядае Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”:  

“Калі мы прыехалі на палігон “Паўночны”, чайкі ляталі вакол нас і мы не ведалі, дзе яны сядуць. Таму раздзяліліся – Ірына Самусенка з Таццянай Каржыцкай пайшлі ў адзін бок, а я – ў іншы. Прыйшлося доўга чакаць, пакуль чайкі сядуць і я спусціўся ўніз з пагорка. Раптам абярнуўся – а схіл увесь у чайках! Тады я стаў разглядаць іх у трубу, каб прачытаць магчымыя каляровыя кольцы і заўважыў чайку з чыста белымі махавымі пёрамі.

чайка-бургамістр

Адразу зразумеў, што гэта чайка-бургамістр! (Пра тое, што вельмі падобна – з чыста белымі  махавымі - выглядае ісландзкая чайка, я ўспомніў потым. Сумневаў у мяне не было, хаця гэта магла быць і нейкая крупная чайка-леўцыст /часткова пазбаўленая пігментацыі/ - падобны выпадак ужо быў зімой на Нямізе. Але прапорцыі выдавалі ў “маёй” чайцы толькі бургамістра) Я стаў тэлефанаваць Іры – яна не падымала тэлефон, за вуглом метрах у 50 ад мяне паказалася Таццяна і я закрычаў ёй пра новы від і што гэта чайка-бургамістр! Але і Таццяна не пачула мяне. Тады прыйшлося застаівць трубу і бегчыза імі.

На шчасце, калі мы разам вярнуліся, чайка яшчэ сядзела. Мы паспелі пафатаграфаваць яе і добра разгледзець да таго, як усе чайкі раптам узляцелі. І хаця потым яны яшчэ некалькі разоў сядалі ў розных месцах палігона, за наступныя больш чым 2 гадзіны мы так і не змаглі знайсці “нашу” чайку яшчэ раз.

Гэта чацьвёрты новы для Беларусі від птушак, які мне асобна або з калегамі атрымалася адзначыць. Перад чайкай-бургамістрам былі чорнагаловы рагатун, пагоніч-крошка і горны свірстун.”

Пра іншыя важныя абставіны адкрыцця і звязаныя з ім эмоцыі расказвае кандыдат біялагічных навук Ірына Самусенка, кіраўнік лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтру НАН Беларусі па біярэсурсах:

“Наша лабараторыя арніталогіі з гэтага году займаецца вывучэннем птушак на звалках смецця. Для гэтага мы атрымалі спецыяльны дазвол і рэгулярна наведваем 3 палігоны ЦБА вакол Мінска. Асаблівую ўвагу звяртаем на чаек і крумкачовых птушак, якія дзякуючы вялікім памерам і параўнальна вялікай колькасці могуць уплываць на сваё асяроддзе і нават часам на жыццё людзей. Найбольш нас цікавіць відавы і колькасны склад гэтых птушак, якія змены адбываюцца на працягу году і ці птушкі адлятаюць ці аселыя, а калі адлятаюць – то куды?

Вясной і летам мы выязжалі на кожны з трох абраных вялікіх палігонаў не радзей за 2 разы на месяц, увосень пачалі рабіць улікі і адчытваць інфармацыю з калец раз на месяц. Але аказалася, што птушак на звалках застаецца шмат, таму мы выбралі палігон “Паўночны” і апошні час прызжаем сюды штотыдзень.

Самыя цікавыя рэгістрацыі на мінскіх звалках, якія мы зрабілі да сённяшняга дня, былі назіранні чорнагаловых чаек (адна з іх аказалася з польскім кальцом), марской чайкі (з фінскім кальцом) і чаек-чарнакрылак (некаторыя з іх мелі кольцы са Скандынавіі).

Цяпер назіраць за птушкамі на звалцы стала цяжэй, бо іх вялікая колькасць прыцягвае пільную ўвагу драпежных птушак. Першыя дзве гадзіны пасля сённяшняга прыезду сюды мы з калегамі не маглі выбраць адпаведнае для назіранняў месца.

Калі мяне паклікаў Аляксандр і паведаміў пра новы для Беларусі від побач, у мяне былі сумневы ў адназначнасці вызначэння нават пасля назірання ў трубу. Пакуль не дайду да хатняга кампутара каб разгледзець без спеху зробленыя здымкі, не гляну ў літаратуру і вызначальнікі…

чайка-бургамістр

Для мяне – як некалі з чорнагаловым рагатуном – чайка-бургамістр павінна была выглядаць большай. Таму і сумневы заставаліся…

Канешне, я моцна ўзрадавалася – як і іншыя! Убачыць на свае вочы нешта незвычайнае – заўсёды цікава. Але, напэўна, больш за ўсіх радавалася Таццяна. Яна ўпершыню прыехала на звалку, каб дапамагчы прачытаць кольцы і да апошняга моманту ў яе былі моцныя сумневы ці яна зможа гэта зрабіць у такім спецыфічным для назіранняў месцы J

Маё пажаданне сябрам і калегам, якія як і мы выязжаюць рэгулярна каб назіраць птушак навокал, больш уважліва глядзець, дзяліцца сваімі назіраннямі і асабліва – прачытанымі кольцамі з нашым Цэнтрам кальцавання птушак.

Дзякуючы падобнай супрацы часта па крупіцах збіраецца каштоўная навуковая інфармацыя.”

Калі Беларуская арніта-фауністычная камісія зацвердзіць гэтае назіранне (і ўсе папярэднія рэгістрацыі новых для Беларусі відаў птушак за мінулыя амаль два гады), чайка-бургамістр можа стаць 330-м відам нашай арнітафауны.

 Від распаўсюджаны на паўночных марскіх узбярэжжах і астравах Еўразіі і Паўночнай Амерыкі, дзе гняздуе і застаеца пасля сезону размнажэння. Углыб сушы залятае спарадычна і на нашым кантыненце адзначана ў Германіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Аўстрыі, Швайцарыі, Гішпаніі, Партугаліі, на Мальце, у Італіі, б.Югаславіі, Румыніі, Малдавіі, ва Украіне і некаторых архіпелагах і астравах на поўдзень ад Палярнага кола.

Цяпер да гэтых краін далучылася і Беларусь!

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Здымкі Ірыны Самусенка і Аляксандра Вінчэўскага

 

 

На гэтую тэму:

Як рыбакі новы від птушак для Беларусі адкрылі + VIDEO

Новы для Беларусі від птушак адзначаны на Нёмане ў межах Гродна

Новы для Беларусі від птушак заляцеў у арніталагічны заказнік на Гарадзеншчыне

Новы для Беларусі від птушак – пячураўка-зарнічка – адляцеў з уласным кальцом

Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!

БОФК: В Списке птиц Беларуси стало 325 видов - добавились 4 и исключены 2

Потенциальные новые виды птиц для Беларуси: кто они?

ПТИЦЫ ОКТЯБРЯ-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ И СТРАНАХ-CОСЕДЯХ

“На сібірскую завірушку? – станавіся ў чаргу!” Пра налёт віда ў Еўропу і ці варта чакаць яго ў Беларусі