У фауне Беларусі з’явіўся новы гняздуючы від птушак – шыладзюбка!

шыладзюбка

Штогод у нашай краіне адзначаюцца новыя віды птушак. Адбываецца гэта не толькі дзякуючы павелічэнню ўвагі да назіранняў, але таксама і з-за натуральных зменаў у шляхах міграцыі або месцах зімоўкі ці нават гнездавання асобных відаў.  І менавіта інфармацыя пра выпадкі гнездавання новых відаў з’яўляецца, напэўна, найбольш каштоўнай, бо такія выпадкі адзначаюцца нашмат радзей, чым рэгістрацыя новых відаў на пралёце ці зімоўцы і могуць пацвердзіць агульныя тэндэнцыі ў павелічэнні гнездавога арэалу. Так атрымалася і ў выпадку вялікага і надзвычай прыгожага віду кулікоў – шыладзюбкі (Recurvirostra avosetta).

У нашай краіне від быў упершыню адзначаны Г.Пузанкевічам у 1994 годзе ў Смалявіцкім раёне на Міншчыне. Спатрэбілася яшчэ 14 год, каб шыладзюбак змаглі ўбачыць у Беларусі ізноў: адну птушку назіралі ў красавіку 2008 недалёка ад Турава на Гомельшчыне. З гэтага часу шыладзюбак сталі бачыць часцей, амаль штогод адбываліся назіранні. Так, напрыклад, у 2012 годзе была рэгістрацыяптушак на пралёце і першая спроба гнездавання на разлівах у Гомельскім раёне – тады тры пары былі адзначачныя на гнёздах, але ніводная з іх не адклала яйкі (прынамсі даказаць гэта не атрымалася), таму лічыць гэта сапраўдным выпадкам гнездавання нельга - вырашыла Беларуская арніта-фауністычная камісія.  

У 2013, 2014 і 2015 гг шыладзюбкі былі адзначныя толькі аднойчы на пралёце, у 2016 колькасць рэгістрацый віду павялічылася да 3, сёлета- ужо да 5! Прычым адзначаюцца шыладзюбкі ў розных рэгіёнах краіны: і на поўдні, і на захадзе, і на поўначы, і ў цэнтры, і на ўсходзе.

Першыя 2 птушкі былі адзначаныя сёлета амаль месяц таму ў наваколлі Турава – 2 птушкі назірала Яўгенія Лучык 23 красавіка. Потым , праз тыдзень, на залітым Тураўскім балонні назіралі 4 птушак, якія там такавалі. Хутчэй за ўсё тыя ж шыладзюбкі пераннесліся на запоўненыя вадой сажалкі ачышчальных збудаванняў Турава, дзе неаднакротна назіраліся побач з хадулачнікамі. Сямён Левы першым адзначыў шыладзюбак на гняздзе яшчэ 12 мая, 

І вось сёння ў Яўгеніі Лучык атрымалася праверыць яго і аказалася, што ў ім поўная кладка- 4 яйкі!

гняздо

Такім чынам, у Спісе гняздуючых птушак нашай краіны дадаўся яшчэ адзін від – шыладзюбка!

Цікава, што шыладзюбкі- падобна да хадулачнікаў – напэўна, адзіныя віды кулікоў, якія пашыраюць свой гнездавы арэал у Еўропе. Так, від рэгулярна гняздуе у дэльце Нёмана ў Літве з 1993 г, а з 1994 – у розных месцах Польшчы.

Ва Ккраіне від гняздуе пераважна на ўзбярэжжах Чорнага і Азоўскага марэй. Напэўна, найбліжэйшая да Турава рэгістрацыя гнездавання адбылася ў 2012 г. пад Чаркасамі

На пачатак 2017 году для нашай краіны як гняздуючыя хаця б аднойчы адзначныя 230 відаў птушак. Прычым апошнім новым гняздуючым відам стала яшчэ пяць гадоў таму паўночная мармытуля – 2 гнязды гэтага віду знайшоў у Аршанскім раёне Аляксандр Сербун у чэрвені 2012 году.

Васямнаццаць з гэтых 230 відаў гнездавалі у нас толькі аднойчы або вельмі рэдка (юрок, чайка-чарнакрылка, пярэстая качка, кулік-палянік, качка-свіцьва, хадулачнік, кулік-стучок, чырвонагаловы каралёк ды іншыя), або гнездавалі выпадкова пад час інвазій віду ў Еўропу (сцяпная ціркушка).

Нагадаем, што афіцыйны Спіс птушак Беларусі на пачатак 2017 году складае 329 відаў і пры чарговым паседжанні Беларускай арніта-фауністычнай камісіі мае ўсе шанцы на павелічэнне.

 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымкі Яўгеніі Лучык з Turov Ringing Station

 

 

На гэтую тэму:

В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ

НЕ ПРАЙШЛО І ТЫДНЯ, А ПАД МІНСКАМ АДКРЫТЫ ЯШЧЭ АДЗІН НОВЫ ВІД ПТУШАК ДЛЯ БЕЛАРУСІ – ЖАЎТАНОГАЯ ЧАЙКА!

НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ЧАЙКА-БУРГАМІСТР – АДЗНАЧАНЫ ПАД МІНСКАМ

Як рыбакі новы від птушак для Беларусі адкрылі + VIDEO

Паўночная мармытуля – новы для Беларусі гняздуючы від птушак + VIDEO

КЛУБ200: ТОП-13 НАШИХ САМЫХ ИНТЕРЕСНЫХ НАБЛЮДЕНИЙ ПТИЦ В 2016 ГОДУ

ПОТЕНЦИАЛЬНЫЕ НОВЫЕ ВИДЫ ПТИЦ ДЛЯ БЕЛАРУСИ: КТО ОНИ?