Дакументацыйныя здымкі і відэа
Мала-памалу назіранні арланаў-белахвостаў (Haliaeetus albicilla) і над горадам, і нават у цэнтры гораду ўжо амаль не здзіўляюць. Нават калі яны адбываюцца не зімой, а летам. І тое, пра што раней нават не марылася, паступова рассоўвае свае межы.
Гэтай зімоў я бачыў арланаў над Нёманам даволі часта - як мінімум дзве розныя птушкі ляталі ўніз і уверх па плыні хутчэй за ўсё штодня і калі б была мэта ўбачыць іх таксама штодня, на гэта быў бы патрэбны хутчэй за ўсё толькі час.
А ў пачатку вясны здарылася тое, пра што я і марыць не мог. Я здымаў гілёў на краю высокай надпойменнай тэрасы недалёка ад Каложскага парку і з боку цэнтру гораду пачыў дзіўныя крыкі, якія чамусьці мне найбольш нагадвалі крыкі дзятла, хаця і яўна адрозніваліся ад таго, што я чуў ад дзятлаў раней.
Я хутка выйшаў на максімальна адкрыты край тэрасы і нават пачаў углядвацца ў дрэвы перада мной каб заўважыць сілуэт дзіўнага дзятла. Але тут заўважыў далёка і параўнальна высока спачатку дзве, а потым чатыры вялікія птушкі. Зум у камеры пацвердзіў - гэта арланы! Яны ляталі шырокімі кругамі, то трымаючыся сваёй пары і тады была добра бачная розніца ў памерах паміж самцом і самкай (якая выразна большая), то аддаляючыся адзін ад аднаго. Час ад часу яны крычалі і я здзівіўся - як я мог паблытаць гэтыя гукі з крыкамі дзятла?
Адлегласць да птушак, якую было цяжка ацаніць, тым не менш давала магчымасць сказаць, што такавалі яны недзе бліжэй да цэнтру гораду не вельмі далёка ад ракі і паступова перамяшчаліся ў маім кірунку. Сачыць за 4 птушкамі адначасова хутка аказалася немагчыма і куды падзелася больш дальняя пара, я не зразумеў, а бліжэйшая да мяне значна наблізілася і таксама прапала за высокімі дрэвамі, якія засланялі мне большую частку далягляду знізу.
Потым аказалася, што я назіраў за арланамі (толькі) 7 хвілін, але эмоцыі ад ўбачанага трымаюцца дагэтуль.
Гродна, 02-03-2026
---------------------------
PS Гэтая гісторыя мела нечаканы працяг. Прайшло 2 тыдні, я збіраўся спілаваць амерыканскі ясенелістны клён, які хутка вырас зусім побач з пасаджанай мной некалькі гадоў таму рабінай і нават абагнаў яе па вышыні і таўшчыні. З-за таго, што я не зрабіў гэта раней, цяпер спілаваць яго ў зямлі было занадта цяжка, таму я вынес лесвіцу і ўжо прыставіў да рабіны каб пілаваць клён там, дзе ён танчэйшы, як пачуў з усходу ўжо знаёмыя крыкі. Арланы! Я хуценька злез з лесвіцы, убачыў пару птушак, якія паступова змяшчаліся не надта высока у бок цэнтру гораду і пабег грукаць сыну ў вакно (мы жывем на першым паверсе), жэстамі паказваючы, што мне патрэбны фоцік. Хаця я атрымаў камеру праз адчыненае вакно даволі хутка, птушкі ўжо значна змясціліся ў мой бок і я паспеў зрабіць толькі два здымкі, на адным з якіх як раз бачная пара за дахам суседняга з нашым домам будынка (гл. апошні здымак).
Гэтае назіранне 'зрабіла' мой дзень, а такаванне арланаў над горадам - маю вясну.
Гродна, 15-03-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ