Паўночная мармытуля – новы для Беларусі гняздуючы від птушак + VIDEO

Дзякуючы назіранням і фота Аляксандра Сербуна, сябра АПБ і арнітолага з Брэста, мы маем доказы гнездавання на тэрыторыі нашай краіны яшчэ аднаго віду птушак – паўночнай мармытулі (Iduna (Hippolais) caligata). Увечары 29 чэрвеня ён знайшоў гняздо гэтага віду з птушанятамі ў Аршанскім раёне на Віцебшчыне.

Першыя назіранні птушак гэтага новага для Беларусі віду адбыліся вясной-летам 2010 году, калі Віталій Яковіч адзначыў у Пухавіцкім раёне на Міншчыне трох спяваючых самцоў. З 25.05 да 05.07 ён таксама назіраў капуляцыю птушак і самца, які непакоіўся з кормам. Віталій зрабіў відэа спяваючых птушак (фрагмент якога можна ўбачыць тут: www.birdwatch.by/news/2101 ), аднак пошукі гнязда скончыліся безвынікова.


На наступны год зараснікі пустырнай расліннасці ў месцы мяркуемага гнездавання віду ў Пухавіцкім раёне былі скошаны і від больш там не адзначаўся.


І вось ужо сёлета, ў пачатку чэрвеня пад час правядзення ўлікаў птушак у сельскагаспадарчых біятопах Аляксандр Сербун адзначыў паўночную мармытулю ў Аршанскім раёне. Пры чым на поле канюшыны і ў ябланевым садзе спявалі не менш за 6 самцоў.


29 чэрвеня Аляксандр прыехаў туды спецыяльна і адсочваючы пару птушак у калгасным садзе, якая карміла птушанят, змог знайсці гняздо. Гняздо з 5 птушанятамі размяшчалася ў аснаванні скрыпеня вузкалістнага (Chemerion angustifolium) пад невысокай яблыняй.

Трэба адзначыць, што гэты яблыневы сад не стары, з дрэвамі 3-3,5 м вышыні, расліннасць паміж радамі яблынь выкашана, а паміж яблынямі застаўлена. Вось у гэтай паласе пераважна пустырнай расліннасці шырынёй каля трох метраў і загнездавалі мармытулі.

Аляксандр змог адзначыць там мінумум трох самцоў гэтага віду, так што знойдзенае ім гняздо, напэўна, не адзінае ў садзе.


Арэал віду разарваны: ад дэльты р.Волга і ўсходніх узбярэжжаў Каспійскага мора да цэнтральнай і паўднёвай Азіі (цэнтральных раёнаў Кітая), а таксама Паўночная Афрыка. Птушкі спарадычна залятаюць на поўнач і захад ад асноўных месцаў распаўсюджання і адзначаны ва многіх краінах усходняй і заходняй Еўропы.


Калі прыняць за 236-ты гняздуючы ў Беларусі від куліка-шыладзюбку (падрабязней пра гэта тут: www.birdwatch.by/news/4720 ), то паўночная мармытуля стала 237 відам птушак, гнездаванне якіх адзначана ў нашай краіне за апошнія прыкладна 160 год.


Віншуем Аляксандра з выдатнай знаходкай!


NB Рэгістрацыі і факт гнездавання павінны быць пацверджаны Беларускай арнітафауністычнай камісіяй (БАФК).

Фота і відэа Аляксандра Сербуна
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments