Ужо не зіма, але яшчэ і не вясна: назіранні птушак са спісу Клуба200 ў сакавіку-2018

белашчокія казаркі

Спецыфічная сёлетняя вясна ўнесла свае карэктывы ў міграцыю многіх відаў птушак. І хаця для большасці яна пачалася ў больш-менш звычайныя тэрміны, аднак масавай міграцыі ні кулікоў, ні качак дагэтуль няма, таму будзем спадзявацца, што самыя цікавыя вясновыя рэгістрацыі яўна чакаюць нас у красавіку і траўні. Усяго за мінулы месяц было атрымана 25 паведамленняў пра назіранні толькі 9 відаў са Спісу Клубу200, прычым да вясновых мігрантаў з іх можна аднесці толькі чорнагаловага ерчыка і марскую чайку, бо нават белашчокія казаркі (Branta leucopsis) ўпершыню для Беларусі перазімавалі ў Магілёве.

У мінулым годзе за сакавік было зроблена 33 паведамленні і з “зімовых” відаў былі адзначаныя толькі горная і попельная чачоткі, іншыя 11 відаў (акрамя маркута і чырвонагаловага каралька ) можна лічыць менавіта вясновымі мігрантамі.

Магчыма з-за таго, што снег ляжаў у заходняй частцы Беларусі яшчэ першы тыдзень каляндарнай вясны, а на ўсходзе краіны яшчэ і не сыходзіў цалкам, маем шмат як для сакавіка паведамленняў пра назіранні тыпова “зімовых” для нас відаў. І пачнем агляд менавіта з іх:

Рагаты жаўрук (Eremophilla alpestris) – ажно 10 паведамленняў пра сакавіцкія сустрэчы з відам, прычым як з Гарадзеншчыны, так і з Берасцейшчыны, Цэнтральнай і Усходняй Беларусі. Найбольш цікавымі з іх можна лічыць назіранне загінулага ў межах гораду рагатага жаўрука ў Мазыры, зробленае Лідзіяй Барысавай і ажно некалькі чародак віду, якія назіраў Сяргей Шакала ў апошні дзень сакавіка ў Магілёўскім раёне.

https://youtu.be/wkftQNNYEug

Сняжурка (Plectrophenax nivalis) – другі па колькасці назіранняў сакавіцкі від са Спісу Клубу200 з 7 рэгістрацыямі з Заходняй і Цэнтральнай Беларусі. Большасць чародак не перавышала 50 сняжурак, але ў Чэрвенскім раёне 08.03 атрымалася адзначыць прыкладна 200 асобін.

птушкі

Сняжуркі і рагатыя жаўрукі ў Пінскім раёне, 04-03-2018. Здымак Станіслава Верталя

Яшчэ адзін “тыпова зімовы” від - Снежны падарожнік (Calcarius lapponicus), але пра яго тыповасць для нашай тэрыторыі мы даведаліся менавіта гэтай зімой, бо мінулагоднія назіранні маглі быць выключнымі. У пачатку сакавіка атрымалася зрабіць тры рэгістрацыі, прычым для Гарадзеншчыны была знойдзена новая, трэцяя кропка зімоўкі віду.

Тыпова вясновым назіраннем можна лічыць дзве рэгістрацыі гняздуючага амаль выключна на паўднёвым захадзе краіны Чорнагаловага ерчыка (Saxicola rubecula). Першая была зроблена 26.03 ў Брэсце , другая 31.03 ў Кобрыне. У абодвух выпадках адзначаны самцы ў больш-менш звычайныя даты прылёту птушак на месцы гнездавання.

птушка

Самец чорнагаловага ерчыка ў Брэсце, 26-03-2018. Здымак Максіма Каласкова.

Іншыя віды былі адзначаны за месяц толькі аднойчы. Найбольш цікавай уяўляецца рэгістрацыя новага месца магчымага гнездавання Сіпухі (Tyto alba), зробленая ў Маларыцкім раёне на аснове знойдзеных выплюек характэрнай для віду формы. Зразумела, што фармальна нават такая знаходка патрабуе пацверджання фотаздымкам ці запісам голасу там ці паблізу савы, але адзін з самых рэдкіх гняздуючых відаў Беларусі ў невядомым дагэтуль месцы – гэта выдатная знаходка!

выплюйкі сіпухі

Свежыя выплюйкі сіпухі. Маларыцкі раён, 14-03-2018, здымак Дзяніса Кіцеля.

Мінск і наваколле ў апошнія гады вядомыя як месца масавай зімоўкі і міграцыі розных відаў чаек. Таму першая для гэтай вясны, але другая для гэтага году і ў тым самым горадзе знаходка тут Марской чайкі (Larus marinus) не павінна здзіўляць. Канешне, прыемна назіраць такі від у сталіцы, але акрамя мінскіх бёрдэраў, на жаль, ніхто не паспеў паглядзець гэты від ні зімой, ні ў гэты раз.

птушкі

Дарослая марская чайка сярод рагатух і чаек-клыгуноў, Мінск, 22-03-2018. Здымак Аляксандра Вінчэўскага

Белая сініца (Cyanistes cyanus) – яшчэ адзін з відаў, які гняздуе ў нашай краіне на абмежаванай (поймай Прыпяці і яе прытокаў) тэрыторыі. Таму любая сустрэча з гэтым відам цікавая. Тым больш – зробленая па-за сезонам гнездавання. У сакавіку дзякуючы неякасным здымкам, зробленым у цікавым ракурсе параўнальна далёка ад вядомых месцаў гнездавання віду ажно ў Крэва на Смаргоншчыне, разгарэлася гарачая дыскусія пра правільнасць вызначэння віду ў якасці белай сініцы. На наш погляд, здымкі не даюць магчымасці скончыць яе адназначна, але залёты віду далёка на поўнач і захад вядомыя і любы падобны выпадак вельмі цікавы. Не менш цікавая рэгістрацыя 2-3 пар віду ў пойме Прыпяці пад Туравам 25.03 можа сведчыць пра канец сакавіка як пра пачатак гнездавання віду.

птушка

Белая сініца, Жыткавіцкі раён. 25-03-2018 Здымак Вольгі Бабковай.

Першая і пакуль адзіная вясновая рэгістрацыя Стучка (Lymnocryptes minimus), зробленая ў апошні дзень месяца на Камянеччыне, можа адлюстроўваць як зімоўку там віду, так і пралёт да месцаў гнездавання.

Так ці інакш нас чакаюць красавіцкія назіранні птушак, якія, спадзяемся, будуць больш вясновымі і выніковымі.

Для www.birdwatch.by падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На верхнім здымку Уладзіміра Бондара – белашчокія казаркі, Магілёў, 20.03.2018 г.

 

 

На гэтую тэму:

ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК

Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў са Спісу Клубу200 за 2017 год

ПТИЦЫ МАРТА-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ И СТРАНАХ-СОСЕДЯХ

В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ