Чаму барадач хутчэй за ўсё не ўвайдзе ў асноўны Спіс птушак Беларусі

барадач у Беларусі

Малады самец барадача (Gypaetus barbatus), які атрымаў мянушку Adonis, народжаны ў заапарку г.Астрава (Чэхія) 16.02.2014 г, быў выпушчаны ў дзікую прыроду на поўдні Францыі летам таго ж году ў рамах адной з праграм па рэінтрадукцыі віду. Калі пасля выпуску летам 2014 году Адоніс за паўтара гады наведаў – акрамя “роднай”Францыі – Германію і Швайцарыю, а таксама некалькі хвілін праляцеў над Італіяй, то ў 2016 годзе малады барадач заляцеў таксама ў Ліхтэнштэйн, Аўстрыю, Славакію, на захад Украіны, у Польшчу і 26 чэрвеня 2016 г, некалькі гадзін правёў у Кобрынскім раёне Беларусі!

Адзначыць перамяшчэнні птушкі і залёт у нашу краіну атрымалася толькі дзякуючы спадарожнікаваму перадатчыку – на жаль, калі інфармацыя пра яго залёт была атрымана, то выезд у канкрэтнае месца, адкуль быў атрыманы сігнал, не даў выніку - на той час барадач ужо пераляцеў ва Украіну. Апошні сігнал ад Адоніса быў атрыманы на прыканцы кастрычніка 2016 г. з Румыніі – або птушка загінула там, або перадатчык перастаў працаваць з-за тэхнічнай няспраўнасці:

мапа

Мапа падарожжаў барадача Адоніса ў 2014-2016 гг., з сайта www.bartgeier.org

У апошнія гады аднак з’явілася параўнальна шмат і “звычайных” назіранняў залётных барадачоў у краіны Паўночна-Заходняй і Усходняй Еўропы, якія знаходзяцца параўнальна далёка ад месцаў гнездавання віду ў гарах Францыі (у асноўным, Альпах) дзе від рэінтрадукуюць з 2012 году, і Пірэнеяў. Таму вельмі вялікая імавернасць таго, што ўсе апошнія залёты віду адбываліся птушкамі з рэінтрадукаванай французскай папуляцыі, якая вельмі павольна павялічваецца, але яўна не можа лічыцца той, якая самападтрымлівае сваю колькасць.

У Польшчы назіралі двух птушак са спадарожнікавымі перадатчыкамі з розных праграмаў рэінтрадукцыі віду ў Еўропе. Першая птушка – самка другога году жыцця, выпушчаная ў Швайцарскіх Альпах у 2012 г., на прыканцы мая праляцела праз заходнюю частку Польшчы. Другая ж птушка – той самы самец Адоніс, які заляцеў у Беларусь ў 2016 г., некалькі разоў пралятаў праз Польшчу летам і ўвосень. З-за таго, што абедзве птушкі паходзілі з няволі, іх залёты Фауністычная камісія палічыла ненатуральнымі і рэгістрацыі гэтыя таксама аднесены да катэгорыі Е.

Адпаведныя рашэнні на карысць аднесці апошнія рэгістрацыі барадача ў катэгорыю Е нацыянальных спісаў былі прыняты ў Бельгіі ў мінулым годзе (Rare Birds in Belgium in 2016), на прыканцы зімы ў Вялікабрытаніі і цяпер - у Даніі. Упершыню для Брытаніі малады барадач быў заўважаны 12 мая 2016 г. на поўдні Англіі, дзе пратрымаўся ў розных графствах амаль да канца месяца. Лічыцца, што тая ж неполаваспелая птушка 9 мая назіралася ў Бельгіі.

Паводле парадаў Асацыяцыі еўрапейскіх авіфауністычных камісій (AERC), усе рэгістрацыі – уключна з гістарычнымі - павінны быць аднесеныя ў адну з 4 катэгорый: А (яўна дзікая птушка, адзначаная пасля 01.01.1950 г.); В (яўна дзікая птушка, адзначаная толькі паміж 1800 і 1949 гг); С (інтрадукаваны або збеглы з няволі від, які стварыў незалежную гнездавую папуляцыю у краіне, або паходзіць з катэгорыі С іншай краіны); Е (збеглыя з няволі птушкі; рэ-інтрадуцэнты, якія не стварылі папуляцыі, здольныя самападтрымліваць сваю колькасць) і D (птушка незразумелага паходжання, якую нельга аднесці ў іншыя катэгорыі).

Да якой катэгорыі будзе аднесены залёт маладога барадача ў Беларусь, вырашыць Беларуская арніта-фауністычная камісія, але хутчэй за ўсё яе рашэнне будзе падобным на рашэнні калег з іншых краін Еўропы.

Таму, пакуль не будзе доказаў на карысць залётаў барадачоў з Пірэнеяў ці Каўказу, хутчэй за ўсе падобныя рэгістрацыі будуць атрымліваць статус відаў з катэгорыі Е. Віды з гэтай катэгорыі звычайна не ўключаюцца ў асноўны Спіс птушак краіны.

 

Паводле www.rapaces.lpo.fr (ілюстрацыя і частка дадзеных), www.birdguides.com , www.bartgeier.org , Stawarczyk et al. 2017, www.club300.dk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!

Новый вид птиц для Беларуси «видели» только спутники?

Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў са Спісу Клубу200 за 2017 год

В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ

Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы

РЭІНТРAДYКАВАНЫЯ ПТУШКІ ПРЫНОСЯЦЬ МІЛЬЁНЫ ФУНТАЎ ПРЫБЫЛІ

Стрынатка-крошка – новы для Беларусі від птушак- адляцела з уласным кальцом

 

Comments