Сонечным, але халодным днём, пасля двух халодных начэй, нешта мяне затрымала на супрацьлеглым беразе Нёмана, хаця птушак там амаль не было. Я сам не разумеў чаго чакаю там, аднак як толькі павярнуў у бок маста, высока зверху пачуліся не вельмі гучныя, але напэўна ўсім знаёмыя крыкі шэрых журавоў (Grus grus).
Я падняў фотакамеру і даволі хутка знайшоў прыкладна сотню птушак, якія вялікімі кругамі падымалася ўсё вышэй і вышэй і час ад часу давалі сябе ўбачыць і зняць у розных ракурсах. Даволі ўмоўна яны паступова змяшчаліся на паўднёвы захад.
У той жа дзень увечары, але на нашым беразе ракі, я зноў пачуў знаёмыя крыкі. У гэты раз журавоў было прыкладна паўсотні і падняліся яны ўжо значна вышэй. Таму і знайсці іх у камеру заняло значна больш часу. А калі яны пад час лунання паварочваліся так, што ператвараліся ў тоненькія працяжнікі, я траціў іх і потым прыходзілася шукаць іх у небе ізноў. Гэтая група птушак змяшчалася на паўночны захад. Да захаду сонца і знікнення тэрмікаў яны пэўна маглі праляцець яшчэ некалькі кіламетраў. Але я ўжо развітаўся з імі і больш не шукаў. Да сустрэчы вясной.
Гродна, 24-09-2025
Аўтар - Дзьміры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ