Першыя рэцэнзіі на другое выданне „Collins Bird Guide”

   З’яўленне другога -  дапоўненага і папраўленага - выдання знакамітага вызначальніка стала найбольш чаканай падзеяй надыходзячага году. Некаторыя шчасліўцы ўжо атрымалі магчымасць пагартаць новую кнігу, першыя рэцэнзіі на яе з’явіліся на форуме BirdForum.net.

   Хаця фармат вызначальніка застаўся без зменаў, ён стаў таўсцейшым: з 400 старонак павялічыўся да 448. Павялічылася і колькасць старонак, адведзеных толькі пад тэкст: да 393 з 365. Некаторыя рэцэнзенты вельмі хваляць новыя, больш насычаныя колеры малюнкаў. Але і тут не абыйшлося без недахопаў – між іншым, зазначаюць зацёмную перадачу апярэння самак луней. Цікава, што не гледзячы на большую колькасць малюнкаў, іх памеры павялічыліся і яны змешчаны на старонках не так сціснута, як раней, з’явіліся малюнкі новых відаў і падвідаў, на якія раней не было месца.
    Змяніўся і парадак прадстаўлення ў вызначальніку некаторых атрадаў: так, гагачы і коўры перасунуты з пачатку кнігі далей, а пачынаюць вызначальнік Гусепадобныя. У параўнанні з першым выданнем дадаткова апісаны 41 від, з якіх 33 віды – вынік працы таксаномаў па падвышэнню статусу падвідаў.
Між іншым, з’явіліся падрабязныя апісанні і малюнкі для паўночнай казаркі Branta hutchinssii (у апошнія гады гэты від амаль штогод сустракаецца ў Польшчы). З-за больш частых рэгістрацый у Еўропе было вырашана прадставіць у вызначальніку і іншых не еўрапейскіх качак: Anas carolinensis, Aythya affinis, Aythya americana, A. valisineria, Bucephala albeola, Mergus cucullatus, Melanitta americana ды іншых.
Сярод драпежных птушак дадалося апісанне чубатага асаеда Pernis ptilorhyncus і егіпецкага каршуна Milvus aegyptius з Блізкага Ўсходу.
     Амаль рэвалюцыйныя змены адбыліся для чаек, падрабязна апісаныя віды з групы чайкі-клыгуна – між іншым, разгледжаны армянская чайка і паўночнаамерыканскі від Larus smithsonianus).
Вялікія змены адбыліся на старонках з падкаменкамі і дададзены некаторыя рэдка залятаючыя ў Еўропу амерыканскія віды драздоў. Змены адбыліся і на табліцах з лескамі і пячураўкамі, дзе цяпер можна знайсці віды, выдзеленыя з ранейшых падвідаў.
Некаторыя віды і іх ілюстрацыі з заключнай часткі (вельмі рэдка залятаючыя птушкі і птушкі з напоўдзікімі папуляцыямі ў Еўропе) былі перанесеныя ў асноўныя табліцы вызначальніка.
 

Афіцыйная дата пачатку прадажаў новага выдання – сярэдзіна лютага наступнага году, цана без скідак на папярэднія замовы – амаль 40 даляраў.


Паводле www.birdwatching.pl і www.harpercollins.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by