Агляд цікавых назіранняў за студзень-2017: снежны падарожнік і тундравыя ўсе-ўсе-ўсе

снежны падарожнік

Мінулы месяц можна смела называць выдатным пачаткам года для назіральнікаў птушак не толькі з-за колькасці атрыманых Клубам200 паведамленняў – ажно 55 пра 11 відаў! (нагадаем, за ўвесь рэкордны 2016 год іх было атрымана 420), але і з-за змены поглядаў на зімовыя назіранні і іх вартасць.

Цікавосткі пачаліся сёлета з першага дня, а нават і за два дні да новага году. Бо менавіта тады Лідзіі Барысавай атрымалася адзначаць на ачышчальных сажалках Мазырскага НПЗ чырвонашыйную коўру (Podiceps auritus), якую у першы дзень студзеня там жа знайшоў Андрэй Шэўчык.

Ён жа мог “стварыць” мега-сенсацыю тры дні пазней, але яна затрымалася амаль на два тыдні і “перамясцілася” на Міншчыну…

Справа ў тым, што 04.01 толькі разглядаючы на кампутары “тэхнічныя здымкі” змешанай зграйкі рагатых жаўрукоў і сняжуркі з-пад Калінкавіч, Андрэй адзначыў птушку, падобную на снежнага падарожніка (Calcarius lapponicus)! Аднак якасць здымкаў і меркаваная рэдкасць віда ў нас (першы і адзіны здымак якога быў зроблены ў 2011 годзе!) не дазволілі адназначна радавацца.

Аднак пра ўсё  па парадку…

Паводле прымаўкі пра “свята месца…” сенсацыя месяцу таксама прыляцела з поўначы, але і затрымалася на поўначы Беларусі: на другі дзень года Валер Кавалёнак на роднай Шаркаўшчыне выглядзеў і зрабіў шыкоўныя здымкі савы-бярозаўкі (Surnia ulula)! І хаця від гэты адзначаецца ў Беларусі ў апошні час у невялікай колькасці амаль штогод, не толькі гэта перашкодзіла прайсці студзеню пад знакам гэтай прыгажуні.

сава-бярозаўка

Здымак Валерыя Кавалёнка

Цікава, што дзякуючы саве-бярозаўцы каманда мінскіх бёдуотчараў 04.01 змагла недалёка ўбачыць, але не сфатаграфаваць сокала-падарожніка (Falco peregrinus).

Дзяніс Кіцель працягваў час ад часу (як і ў мінулым годзе) выцягваць з сеткі міні-станцыі кальцавання птушак на самым поўначы Рассоншчыны попельных чачотак (Carduelis hornemanni): 03.01 былі злапаныя і акальцаваныя 3 птушкі, 04.01 – адна. Гэтае месца застаецца адзіным на працягу мінулай восені і гэтай зімы, дзе ў нашай краіне гэты від быў адзначаны.

попельная чачотка

Здымак Дзяніса Кіцеля

У вусце Свіслачы (Нёманскай) разам з вялікай колькасцю іншых качак да вялікіх маразоў засталася зімаваць самка нырка-плёсаўкі (Aythya marila), адзначаная там 02.01.

Каб убачыць лайфер і абудзіць мінскіх бёдуотчараў, у сталіцу 05.01 прыехаў Станіслаў Верталь і ў самым цэнтры горада сфатаграфаваў нырка-маранку (Clangula hyemalis)!

нырок-маранка

Здымак Станіслава Верталя

Аднак на гэтым сенсацыі не скончыліся, бо па словах Дзяніса Кіцеля “недзе прарвала падарожнікаправод” і 8 рэгістрацый снежных падарожнікаў (Calcarius lapponicus) павалілі адна за адной, ды яшчэ і ў розных мясцінах Беларусі! І пачаліся яны з без сумневаў гістарычнага назірання Аляксандра Вінчэўскага 10.01 адной птушкі на Чэрвеншчыне.

Аказалася, што або гэтая зіма (як і для большасці краін-суседзяў) выключна багатая на гэты від, або – што больш імаверна – мы проста не ведалі дзе і як іх шукаць!

снежны падарожнік

Здымак Андрэя Шэўчыка

Такім чынам, наступныя выезды знайшлі яшчэ некалькі падарожнікаў параўнальна недалёка ад месца першай рэгістрацыі на Чэрвеншчыне: 15.01 5-6 птушак, у той жа дзень 2 птушкі ў Гродзенскім раёне, 1 птушка 16-17.01 ізноў у Чэрвенскім раёне,  і 17.01. спачатку 1 і 5-7 падарожнікаў, а потым ажно 23! у іншым месцы пад Калінкавічамі! Праз 4 дні, 21.01 3 падарожніка адзначылі на ўскрайку Смілавічаў.

бёрдэры ўзімку

Мінскія бёрдэры замаскіраваліся ад зімовых птушак :) Здымак Tserashonak Viktoryia

Падарожнікі заставаліся амаль на тых самых месцах, што і тыдзень таму 22.01 у Калінкавіч і ў Гродзенскім раёне, і павялічылі сваю колькасць да мін 10 асобін у адным з месцаў іх папярэдняга назірання на Чэрвеншчыне.

Аднак мы ўжо ведаем, што падарожнікі са студзенем не скончыліся, і проста чакаюць нас і ў новых, і ў старых месцах).

 

Як ні дзіўна, горныя чачоткі (якіх, напэўна, варта ўсё ж называць горнымі канаплянкамі ) (Carduelis flavirostris) таксама сустракаліся ў студзені параўнальна рэгулярна, але не так часта, як падарожнікі: мін 1 птушка была адзначана 08.01 ў Бераставіцкім раёне, 15.01 і ў наступныя дні ад 10 да 15 птушак назіралі ў Чэрвенскім раёне; 17.01 каля 60 птушак у Гродзенскім раёне; 26.01 пр. 15 асобін упершыню для Віцебскай вобласці зарэгістравалі ў Полацкім раёне і мін 2 птушкі 29.01 трымаліся ў вялізнай зграі з іншымі тундравымі відамі ў Гродзенскім.

горныя чачоткі

Здымак Дзьмітрыя Якубовіча

Не падвялі ў студзені і нашы найбольш звычайныя, але ад гэтага не менш прыемныя зімовыя госці: рагатыя жаўрукі і сняжуркі.

Рагатыя жаўрукі (Eremophila alpestris) былі адзначаныя амаль па ўсёй Беларусі: у Гродзенскім раёне 03.01, 10.01, 15.01, 22.0104.01 і 22.01– пад Калінкавічамі, у Камянецкім раёне 06.01, у Нясвіжскім 09.01; у Чэрвенскім 14.01,15.01, 17.01 і 22.01; у Маларыцкім раёне 18.01., 28.01 на ўскрайку Заслаўя.

Рагатыя жаўрукі (разам са сняжуркамі) назіраліся ў рэкорднай для Беларусі колькасці на Гарадзеншчыне паміж вв.Лаша і Сухая Даліна 29.01. На працягу пр. 5 км у колькасці каля 500/50 і 100/40 і пр. 35 асобін! Разам гэта дае больш за 600 рагатых жаўрукоў на параўнальна невялікай адлегласці!

рагаты жаўрук

Здымак Мікалая Гулінскага

Сняжуркі таксама назіраліся ў параўнальна вялікай колькасці і ў многіх месцах. Іх бачылі пад Калінкавічамі 04.01; у Шаркаўшчынскім раёне 07.01; 07.01, 15.01 16.01 і 22.01 у Чэрвенскім раёне (16.01 там трымалася пад 300 птушак – “другі” вынік для нашай краіны), 09.01 у Нясвіжскім раёне; 10.01 і 29.01 – у Гродзенскім раёне;  11.01 – у Бераставіцкім раёне.

сняжурка

Здымак Dmitry Yakubovich 

Амаль увесь студзень на прывадзе трымаліся арлы-маркуты (Aquila chrysaetоs) ў в.Сасновы бор на Рассоншчыне. Прычым раніцай 20.01 іх там было ажно 3 птушкі, што і зафіксавала аўтаматычная камера!

Застаецца яшчэ як мінімум адзін месяц больш-менш сапраўднай зімы каб убачыць тундравыя віды птушак і паспрабаваць канчаткова разгадаць загадку снежнага падарожніка ў нашай краіне.

Падобна, што і ў лютым ад цікавых назіранняў будзе горача шмат каму з нас!

 

Падрыхтаваў для сайта “Птушкі штодня” Дзьмітры Вінчэўскі

Верхні здымак снежных падарожнікаў Андрэя Шэўчыка

 

На гэтую тэму:

КЛУБ200: ТОП-13 НАШИХ САМЫХ ИНТЕРЕСНЫХ НАБЛЮДЕНИЙ ПТИЦ В 2016 ГОДУ

В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ

ПТИЦЫ ДЕКАБРЯ-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ И СТРАНАХ-CОСЕДЯХ

ПТИЦЫ НОЯБРЯ-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ И СТРАНАХ-CОСЕДЯХ

ПТИЦЫ ОКТЯБРЯ-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ И СТРАНАХ-CОСЕДЯХ

ПТИЦЫ СЕНТЯБРЯ-2016: ОБЗОР РЕДКИХ ВИДОВ В БЕЛАРУСИ И СТРАНАХ-CОСЕДЯХ

СЁННЯ ЗРОБЛЕНА 401-Е ПАВЕДАМЛЕННЕ У КЛУБ200 ЗА 2016 ГОД !

 

Comments