Birdrace-2018: сталі магчымымі каманды з 3 і 4 удзельнікаў + іншыя змены ў правілах

Сёлета ў другую суботу верасня - 08.09, адбудзецца чарговы, ужо пятнаццаты Адкрыты чэмпіянат Беларусі па спартыўнай арніталогіі, які прынята коратка называць Birdrace (Гонка за птушкамі). На працягу 12 гадзін, з 6 да 18.00 каманды па ўсёй краіне паспрабуюць адзначыць як мага больш відаў птушак. Цікава, што ўпершыню стала магчымым спаборнічаць у камандах з трох ці чатырох чалавек.

Іншыя важныя змены і ўдакладненні ў Правілы чэмпіянату былі прынятыя Цэнтральным Саветам АПБ і пачынаюць дзейнічаць з гэтых гонак – яны вылучаныя ніжэй тлустым шрыфтам.

Каб зарэгістраваць каманду, неабходна даслаць да 18.00 пятніцы, 07.09.2018 назву, персанальны  склад (+узрост непаўнагадовага чальца – калі ён ёсць), пазначыць капітана, мабільны тэлефон для сувязі і месца старту на электронныя адрасы Аргкамітэту: info@ptushki.org з копіяй на harrier@tut.by

Жадаем задавальнення ад цікавай сустрэчы з сябрамі і птушкамі!

 

Правілы Адкрытага чэмпіянату Беларусі па спартыўнай арніталогіі (новая рэдакцыя, 2018)

 

1. У спаборніцтвах удзельнічаюць каманды з 3 ці 4 чалавек. У камандзе не можа быць больш аднаго чальца, маладзейшага за 18 гадоў. Кожная каманда да 18.00 напярэдадні спаборніцтваў паведамляе ў аргкамітэт назву каманды, яе склад, колькасць і дакладны ўзрост удзельніка, маладзейшага за 18 гадоў, месца старту і нумар тэлефона для сувязі з камандай. Змены ў складзе каманды або новае месца старту паведамляюцца ў аргкамітэт да пачатку спаборніцтваў. Склад каманды не можа мяняцца пасля пачатку спаборніцтваў. 

2. Разам з чальцамі каманды пад час спаборніцтваў могуць знаходзіцца іншыя людзі: кіроўца, журналіст(ы), назіральнік(і). Аднак ніхто, акрамя чальцоў каманды, не можа браць удзел у пошуку і/або вызначэнні птушак.

3. Спаборніцтвы адбываюцца з 6.00 да 18.00 на працягу 12 гадзін.

4. Для перасоўвання пад час спаборніцтваў можна выкарыстоўваць любыя транспартныя сродкі.

5. Усе чальцы каманды пад час перамяшчэнняў павінны знаходзіцца ў адным транспартным сродку. Калі гэта немагчыма – напрыклад, для каманды на роварах, чальцы каманды павінны знаходзіцца на адлегласці, якая дазваляе галасавы кантакт паміж усімі чальцамі каманды. Пад час спаборніцтваў чальцы каманды павінны знаходзіцца на адлегласці, якая дазваляе галасавы кантакт паміж усімі чальцамі каманды.

6. Перамагае каманда, якая з 6.00 да 18.00 зарэгіструе ў дзень правядзення спаборніцтваў найбольшую колькасць відаў дзікіх птушак у прыродных умовах на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

7. Падчас спаборніцтваў кожная каманда вядзе спіс зарэгістраваных відаў птушак. Улічваюцца толькі тыя віды, якія ўбачылі або пачулі ўсе чальцы каманды. Від, вызначаны па голасе, пазначаецца ў спісе скрыпічным ключом. Спіс птушак павінен весціся ў сістэматычным або храналагічным парадку на беларускай, рускай або лацінскай мове, з пазнакай вадаёму, населенага пункту або ўрочышча, дзе зарэгістраваны кожны від і колькасць асобін, адзначаных у час, калі від сустрэты ўпершыню.

Забараняецца спецыяльна палохаць птушак ці рабіць іншыя дзеянні, каб ускладніць або зрабіць немагчымым назіранне птушак іншай камандзе.

Усе чальцы каманды павінны быць гатовымі даць тлумачэнні членам журы па завяршэнні спаборніцтваў пра абставіны назірання і вызначэння відаў са спісу каманды, а таксама (калі спатрэбіцца) па зноў усталяваных спрэчных момантах.

8. Аб рэгістрацыі дваццатага віду і кожнага наступнага дзясятага каманды па мабільным тэлефоне паведамляюць у аргкамітэт у наступным парадку: каманда, нумар віду і яго назва.

9. Aргкамітэт можа абвесціць пункт фінішу для нейкага рэгіёна. 

10.    Нельга выкарыстоўваць запісы галасоў птушак, сеткі або любыя іншыя прыстасаванні, акрамя бінокляў, труб, відэа- і фотакамер,транспарту і вызначальнікаў.

11. Да 18.00 усе каманды павінны паведаміць у аргкамітэт фінішную колькасць зарэгістраваных відаў, што можна зрабіць любым зручным спосабам, напрыклад, праз смс. За кожныя 5 хвілін спазнення са спісу каманды здымаецца адзін від. Да 18.45 у аргкамітэт трэба перадаць поўны спіс відаў. У аргкамітэт перадаюцца палявыя запісы, а не чыставік. Спіс можна перадаць па факсу, а адсканаваны або сфатаграфаваны – па электроннай пошце.

Кожная каманда па заканчэнні спаборніцтваў высылае ў аргкамітэт фота каманды з оптыкай, з якой яна выступала (трубы, біноклі, фотакамеры).

Чальцам аргкамітэта і журы забараняецца паведамляць трэцім асобам фінішную колькасць зарэгістраваных відаў  да 18.00. У выпадку парушэння вінаваты адхіляецца ад удзелу ў чэмпіянаце ў любой якасці на працягу 3 гадоў.

12. Пасля правядзення чэмпіянату журы вызначае каманду-пераможцу і месцы іншых каманд, пра што аргкамітэт паведамляе ўсім камандам на пакінутыя імі нумары тэлефонаў. У выпадку аднолькавай колькасці адзначаных відаў перамагае каманда, якая паведаміла, што скончыла раней.

13. Спрэчныя сітуацыі вырашае Журы. Журы можа звяртацца да чальцоў камандаў па ўдакладненні. Аргкамітэт/Журы можа на час спаборніцтваў даслаць назіральніка ў любую з каманд.

Любая каманда - удзельнік спаборніцтваў пасля абвяшчэння папярэдніх вынікаў чэмпіянату і апублікавання спісаў птушак, адзначаных падчас чэмпіянату, мае права на працягу 2 дзён падаць у электронным выглядзе апеляцыю арганізатарам чэмпіянату для наступнага разгляду журы. Апеляцыяй з'яўляецца аргументаваная заява з апісаннем магчымых фактаў парушэнняў правілаў альбо іншых абставінаў, якія могуць быць асновай для перагляду папярэдняга рашэння журы. Апеляцыя павінна быць узгодненая ўсімі ўдзельнікамі каманды. Арганізатары чэмпіянату адказваюць за аператыўную арганізацыю работы Журы па разглядзе апеляцый і своечасовае інфармаванне ўдзельнікаў чэмпіянату аб прынятых журы рашэннях. Пры разглядзе апеляцыі журы мае права запытаць інфармацыю ў любога ўдзельніка чэмпіянату, а таксама прыцягнуць незалежных экспертаў для абмеркавання спрэчных пытанняў і вынясення рашэння. Адмова або несвоечасоваяпадача дадатковай інфармацыі на запыт арганізатараў чэмпіянату, а таксама выяўленне парушэнняў правілаў чэмпіянату можа быць падставай для перагляду папярэдняга рашэння журы.

14. Канчатковае рашэнне Журы абскарджанню не падлягае.

Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага