Станцыі кальцавання “Сасновы бор” на поўначы Беларусі патрэбная падтрымка!

Каб станцыя кальцавання птушак “Сасновы бор” змагла працягваць працаваць у 2018-19 гг, на закупку сетак для адлову птушак і калец неабходна сабраць 2400 беларускіх рублёў. Як і куды можна пералічыць грошы, глядзіце на старонцы “Талакі”, прысвечанай гэтаму праекту тут: www.talaka.org/projects/2918/fund

А ніжэй што і як мы робім, чаго ўжо дасягнулі і на што будуць патрачаны вашыя грошы.


Наша станцыя кальцавання птушак “Сасновы бор” знаходзіцца на самай поўначы Беларусі ў аднайменным хутары (Расонскі раён Віцебскай вобласці) на тэрыторыі заказніка “Чырвоны бор”, які таксама з’яўляецца Тэрыторый, важнай для птушак міжнароднага значэння. Адловы і кальцаванне птушак праводзяцца тут рэгулярна з 2014 г. За гэты час мы акальцавалі больш 20 тысяч птушак 108 відаў. Пазней “нашы”птушкі былі сустрэтыя ў 10 краінах Еўропы (Літве, Латвіі, Нарвегіі, Польшчы, Партугаліі, Украіне, Фінляндыі, Чэхіі, Швецыі, Эстоніі). А прайшло ўсяго 4 гады з пачатку нашых даследаванняў! Для некаторых відаў атрымана зусім новая для Беларусі  інфармацыя па феналогіі пралётаў, месцах зімоўкі, працягласці жыцця і гд..

пераадлоў

Адзін з прыкладаў дзе, калі і на якой адлегласці ад месца нашага кальцавання быў пераадлоўлены таўстадзюб.


Дзякуючы нашай працы на станцыі атрымалася дадаць у Спіс птушак Беларусі два новыя віды: пячураўку-зарнічку і стрынатку-крошку. Усе сустрэчы рэдкіх відаў падрабязна з’яўляюцца на старонках Клуба200 грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».


На сённяшні дзень у Беларусі працуюць дзве станцыі кальцавання птушак: на самым поўдні краіны, у Тураве (яна спецыялізуецца на адлове і кальцаванні кулікоў і працуе, у асноўным, вясной і ўвосень) і наша, у Сасновым бару. Мы ловім і кальцуем розныя групы птушак, але ў асноўным гэта Вераб’інападобныя, совы і драпежныя птушкі. З-за параўнальна абмежаванага запыту на патрэбы кальцавання ў нашай краіне, усё неабходнае для яго трэба закупаць за мяжой. Мы робім гэта ў Польшчы, дзе кошт адной спецыяльнай сеткі пачынаецца ад 60 эўра, а сотня калец каштуе 4-6 эўра ў залежнасці ад іх памераў і сплаву метала.  Да гэтага моманту мы выкарыстоўвалі на гэта ўласныя сродкі, перыядычна Беларускі Цэнтр кальцавання птушак пры НВЦ па біярэсурсах НАН Беларусі дапамагаў нам і сеткамі, і кольцамі. Аднак з павелічэннем працягласці працы нашай станцыі і колькасці акальцаваных птушак стала зразумела, што самастойна нам пацягнуць далей будзе немагчыма. Цяпер для нармальнай працы штосезон нам неабходна каля 20 сетак і каля 30 тысяч калец.

акальцаваны арол-маркут

Аўтар з акальцаваным арлом-маркутом.

Звычайна Станцыя работае на рэгулярнай аснове з канца жніўня да канца лістапада, у іншы час толькі калі ў кальцавальнікаў ёсць вольны час. Сёлета мы плануем пачаць адловы 1 жніўня і скончыць у снежні. У рабоце Станцыі ўдзельнічаюць прафесійныя арнітолагі з сертыфікатамі кальцавальнікаў птушак і валанцёры. Насамрэч, кальцавальнікаў таксама можна называць валанцёрамі, бо мы не атрымліваем зарплату за сваю працу.


Усе, хто фінансава падтрымаюць наш праект, будуць з радасцю сустрэтыя ў Сасновым бару на экасядзібе “Заімка Лешага”: для Вас будзе праведзена экскурсія па Станцыі, таксама можна будзе паназіраць за працай кальцавальнікаў. Мы навучым правільна трымаць птушак розных груп, пасвяцім у “прэмудрасці” відавога вызначэння, полу і ўзросту адлоўленых птушак. Для тых, хто ахвяруе вялікія грошы на падтрымку Станцыі, мы дарым сертыфікат на актыўны адпачынак на экасядзібе “Заімка Лешага” і правядзем экскурсію па прыроднаму комплексу “Чырвоны бор”.


Загадзя дзякуем Вам за падтрымку!


Дзяніс Кіцель, фота з архіву аўтара

 


На гэтую тэму:

Стрынатка-крошка – новы для Беларусі від птушак- адляцела з уласным кальцом

Новы для Беларусі від птушак – пячураўка-зарнічка – адляцеў з уласным кальцом

Колькі год кальцаванню птушак?

Новы рэкорд - мільён закальцаваных птушак за год

Арніталогія ўжо ніколі не будзе ранейшай?