Сокал-падарожнік зноў загняздуе ў Беларусі

Каб гэтая мэта ажыццявілася, на працягу двух дзён на пры канцы мінулага тыдня працавалі прадстаўнікі ГА "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) з розных рэгіёнаў, Мінлесгаса і Мінпрыроды, НВЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, Інстытуту эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча НАН Беларусі, а таксама Таварыства на карысць дзікіх жывёл "Сокал" (Stowarzyszenie Na Rzecz Dzikich Zwierząt „Sokół”) з Польшчы.

 Першая міжнародная сустрэча, прысвечаная планам па ўзнаўленню і ахове папуляцыі сокала-падарожніка (Falco peregrinus) у Беларусі выпрацоўвала канцэпцыі неабходных дакументаў на аснове досведу польскіх калег.

Апошні вядомы выпадак гнездавання гэтай адной з найпрыгажэйшых драпежных птушак у Беларусі вядомы ў 1973 годзе з балота Обаль-2 (Віцебшчына). Пасля гэтага вандроўных сокалаў сустракалі часам на міграцыі і на зімоўцы, аднак ніводнага гнязда больш не знойдзена.

Некаторыя з прыродных былых месцаў гнездавання дагэтуль засталіся амаль у нязмененым выглядзе, што дае невялікую надзею на магчымасць самастойнага вяртання віду ў нашу краіну.

Гэты сярэдні кулён быў злапаны і з'едзены вандроўным сокалам пад час міграцыі праз верхавыя балоты Віцебшчыны (здымак Уладзіміра Іваноўскага).

Менавіта верхавыя балоты Беларускага Паазер'я (на здымках з прэзентацыі Ўладзіміра Іваноўскага) вядомыя як апошнія месцы гнездавання віда ў нашай краіне:

Падобная сітуацыя, толькі  з адрозненнем у гадах знікнення адбывалася амаль па ўсяму касмапалітычнаму арэалу вандроўнага сокала. Асноўнай праблемай для існавання віду стала шырокае выкарыстанне ДДТ, які не толькі непасрэдна забіваў сакалоў, але і ускосна дзейнічаў на фізіялогію і паводзіны птушак праз назапашванне ў тканках і адкладку самкамі яек з вельмі тонкім шкарлупіннем (гл.здымак з прэзентацыі Януша Сяліцкага). Пад час інкубацыі шкарлупінне трэскалася і птушаняты гінулі на розных стадыях яшчэ ў яйках.

У 1963 годзе вядомае апошняе месца пастаяннага гнездавання віду ў Польшчы ў даліне Барычы. Пасля гэтага да 1998 году, калі выпушчаныя разведзеныя сакольнікамі ў вальерах сокалы загнездавалі на Палацы культуры і навукі ў Варшаве, былі вядомыя толькі 3 адзінкавыя выпадкі гнездавання ў Польшчы.

З 1990 году ў гэтай краіне былі выпушчаныя 402 маладыя сокалы, выгадаваныя як у Польшчы, так і ў Германіі. Цяпер птушкі рэгулярна гняздуюць у розных гарадах і гарах гэтай краіны, але пакуль што не знойдзена ніводнага гнязда на дрэвах.

Праблема ў тым, што вандроўныя сокалы могуць без дапамогі чалавека заняць біятопы для гнездавання ў гарах і ў паселішчах чалавека (якія нагадваюць горы), магчыма - на балотах і ў тундры (дзе яны гняздуюць на зямлі), але для таго, каб птушкі занялі свой мінулы арэал ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе ў лясах і загнездавалі на дрэвах, птушанят трэба выпускаць менавіта з вальераў, размешчаных на дрэвах.

Птушаняты, выведзеныя ў няволі і потым рэінтрадукаваныя ў прыроду і дзікія птушкі атрымліваюць кольцы рознага колеру каб потым можна было прасачыць індывідуальны выбар партнёраў і гнездавых біятопаў.

Менавіта таму каб вандроўныя сокалы зноў загнездавалі ў лясах нашай краіны, неабходна спецыяльная праграма па іх рэінтрадукцыі і ахове.

Калі ўсё атрымаецца, то першыя птушаняты змогуць быць выпушчаныя ў нашых лясах ужо ў наступным годзе.

Пад час семінару спецыялісты з розных ведамстваў і арганізацый абмяркоўвалі, як больш паспяхова праводзіць рэінтардукцыю і як павінны выглядаць дакументы для яе пачатку ў Беларусі:

Віцэ-прэзідэнт "Сокала" Януш Сяліцкі паказвае брашуру пра вандроўнага сокала, якую атрымалі 12 тысяч леснікоў па ўсёй Польшчы.

Старшыня АПБ Аляксандр Вінчэўскі распавядае пра розныя аспекты рэінтрадукцыі віду ў Заходняй Еўропе.

Пад час прэзентацый:

Сябра Цэнтральнага Савету АПБ Уладзімір Іваноўскі, загадчык лабараторыі арніталогіі НВЦ па біярэсурсах НАН Беларусі Валерый Дамброўскі, браты Славамір і Януш Сяліцкія (таварыства "Сокал") і старшыня АПБ Аляксандр Вінчэўскі пад час працы ў малых групах.

Супрацоўнік Інстытуту эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча Максім Ярмохін прэзентуе вынікі працы сваёй малай групы.

Падрыхтаваў (тэкст і здымкі з прэзентацый і сустрэчы) Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Comments

"Мундуровы"  - гэта Міхаіл Моцевіч, дырэктар ГЛХУ "Лідскі лясгас".

Тураў пакуль што не быў у планах ні першапачатковага, ні наступных выпускаў.

А калі сур'ёзна, то натуральны і хуткі драпежнік быў бы толькі на карысьць мігрыруючым і гняздуючым кулікам. З'ядаў бы слабейшых:)