Адыходзячы верасень запомніцца яўна нераўнамернымі рэгістрацыямі птушак са спісу Клуба200: за выключэннем 2, усе яны з 36 адбыліся ў першай палове верасня. І большасць – як і чакалася – сталі вынікам пошукаў камандамі-удзельніцамі XV Адкрытага чэмпіянату па спартыўнай арніталогіі як напярэдадні спаборніцтваў, так і пад час іх. Аднак, не гледзячы на нашмат менш паведамленняў у параўнанні з мінулым вераснем, - у 2017 іх было ажно 49, адзначаных відаў было амаль столькі ж – 19 гэтым вераснем супраць 20 у верасні 2017-га.
Назіраннем нумар адзін для верасня можна лічыць Паморніка (Stercorarius sp.), якога Дзьмітры Вінчэўскі назіраў на Нёманам у Гродзенскім раёне 12.09.2018 г. На жаль, па яго дакументацыйных здымках складана вызначыць птушку да віду, але зразумела, што пасуюць або караткахвосты, або даўгахвосты паморнікі. У абодвух выпадках гэта вельмі цікавая рэгістрацыя – так, калі гэта караткахвосты паморнік, то гэта будзе трэцяя сёлета, але толькі восьмая рэгістрацыя віду для краіны (пра папярэднія сёлетнія рэгістрацыі віду падрабязней ТУТ). Калі ж гэта ўсё ж малады даўгахвосты паморнік – пра што кажа большасць спецыялістаў, то гэта будзе толькі чацьвёртая рэгістрацыя віду для краіны. Цікава, што папярэдняя (маладой птушкі цёмнай морфы) адбылася ў 2014 фактычна ў тым самым месцы на павароце Нёмана – тады паморнік назіраўся там з канца жніўня троху больш за 2 тыдні.
Другая па значнасці рэгістрацыя верасня адбылася толькі дзякуючы спадарожнікаваму перадатчыку, размешчанаму ў траўні на самцы Гуся-піскулькі (Anser erythropus) з Нарвегіі. Да канца незразумела, ці ляцеў гэты гусь праз Беларусь сам 19-20.09, ці ўсё ж разам з групай іншых піскулек, бо хутчэй за ўсё як мінімум разам з сям’ёй, а як максімум з іншымі піскулькамі з таго самага месца гнездавання ў Нарвегіі агулам да 40 птушак, бо менавіта ў такой колькасці яны былі заўважаныя адначасова на поўначы Грэцыі пасля пралёту праз нашу і іншыя краіны на шляху на зімоўку. Цікава адзначыць, што прыкладна з пачатку стагоддзя (калі доказы рэгістрацыі гэта рэдкага віду стала патрабаваць БАФК) ў нашай краіне былі доказы пралёту піскулек толькі з рэінтрадукаванай шведзкай папуляцыі віду. Гэта былі 3 маладыя самцы, закальцаваныя ў тым самым месцы ў той самы дзень у Швецыі і былі застрэленыя паляўнічымі як белалобыя ў розных частках Беларусі: адзін у 2015 і два – у 2017 г. Невядома, ці гэта былі ўжо патомкі рэінтрадукаваных птушак, ці гэтыя гусі былі рэінтрадукаваныя ў прыроду, таму вельмі магчыма, што атрыманыя дадзеныя са спадарожнікаў аб пралёце дзікіх піскулек з Нарвегіі стануць першымі сведчаннямі пралёту менавіта птушак з дзікай папуляцыі.
Мапа з перамяшчэння самца гусі-піскулькі Mr Blue з Safeguarding the Lesser White-fronted Goose
Першы сёлета і пакуль што адзіны Стэпавы лунь (Circus macrourus), дарослы самец, быў адзначаны камандай “Чыжыки на Пыжике” пад час трэніроўкі да Birdrace-2018 07.09. Наўрацці значнае змяншэнне сёлета колькасці рэгістрацый віду на пралёце адлюстроўвае змяншэнне гняздуючай папуляцыі на усход ці паўночны ўсход ад нас у Расіі і Фінляндыі. Але ў кастрычніку адзначыць гэты від у нас ужо маларэальна. Таму хутчэй за ўсё гэтая рэгістрацыя застанецца адзінай для гэтага году (здымак Ірыны Самусенка):
Нешматлікі сёлета на пралёце і Сокал-падарожнік (Falco peregrinus). У верасні толькі адна рэгістрацыя дарослай птушкі адбылася 04.09.2018.:
Здымак Максіма Шастакова.
У пачатку верасня, як мы і прагназавалі, праз Беларусь працягвалі ляцець на зімоўку Сокалы-шулёнкі (Falco vespertinus). Адзінкавыя птушкі былі адзначаныя ў розных частках краіны: 01.09. у Мінскім раёне, 08.09 (пад час Birdrace-2018) у Лунінецкім, Брэсцкім, Жабінкаўскім і Драгічынскім раёнах Берасцейшчыны.
Адзіная Пярэстая качка (Tadorna tadorna) была адзначана на паўднёвым усходзе Беларусі 15.09. Гэта толькі чацвёртая рэгістрацыя віда ў 2018 годзе. Шанцы на павелічэнне колькасці назіранняў сёлета, хутчэй за ўсё, мінімальныя.
Малыя белыя чаплі (Egretta garzetta) працягвалі чакаць назіральнікаў 12.09 на паўднёвым захадзе краіны ужо амаль другі месяц. Гэта, пэўна, самае працяглае назіранне віду ў нас.
Таксама параўнальна доўга – ажно з 30.07.2018, знаходзілася на тым самым рыбгасе ў Цэнтральнай Беларусі маладая Чырвоная чапля (Ardea purpurea), дзе і была адзначаная ў чарговы раз 10.09.
Як звычайна для верасня, у параўнальна невялікай колькасці ляцелі паўночныя віды кулікоў:
Кулік-гразевік (Limicola falcinellus) адзначаўся за месяц 4 разы: 07.09 у Чэрвенскім раёне, і 08.09 у Жабінкаўскім, Лоеўскім і Драгічынскім раёнах.
Пясчанку (Calidris alba) бачылі за верасень двойчы, абодва разы 10.09 – у Вілейскім і Чэрвенскім раёнах.
Здымак Таццяны Каржыцкай.
Сявец (Pluvialis squatarola) працягваў ляцець да канца верасня і быў адзначаны 08.09 у Бярозаўскім раёне і спачатку адна птушка 26.09, а потым дзве 30.09 у Магілёўскім раёне (здымак Уладзіміра Бондара):
Кругланосы плывунчык (Phalaropus lobatus) за месяц рэгістраваўся двойчы: 01.09 у Чэрвенскім і 08.09 у Бярозаўскім раёне.
Каменяшарка (Arenaria interpres) была адзначана ў верасні толькі аднойчы – 10.09 у Чэрвенскім раёне.
Ісландскі пясочнік (Calidris canutus) таксама рэгістраваўся за месяц толькі раз – 08.09 у Драгічынскім раёне.
Крычку-чэграву (Sterna caspia) бачылі за верасень двойчы: 08.09 у Бярозаўскім і 12.09 у Маларыцкім раёнах.
Здымак Ірыны Самусенка
Малая чайка (Larus minutus) у колькасці 4 птушак была адзначана 08.09 у Лунінецкім раёне.
Сустрэчы з Пячураўкай-зарнічкай (Phylloscopus inornatus) ужо не ўспрымаюцца як амаль сенсацыйныя, бо з моманту іх першай рэгістрацыі ў 2014 цяпер штовосень адлаўліваюцца на станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор”, што на поўначы Віцебшчыны. Так было і сёлета – па адной птушцы былі закальцаваныя на станцыі 11.09 і 15.09. Аднак пад час Birdrace-2018 каманда Old School Birders магла “зламаць” манаполію на гэты від у Беларусі – яе чальцы пачулі адзінкавую пазыўку віда ў пойме Свіслачы ў Гродзенскім раёне 08.09., але, на жаль, ні запісаць яе, ні пачуць іншыя так і не атрымалася каб напэўна пацвердзіць рэгістрацыю і сабраць яе доказы.
Здымак Дзяніса Кіцеля
Чарнагаловы ерчык (Saxicola rubecula) вядомы гнездаваннем толькі з паўднёвага захаду і усходу Беларусі. Таму рэгістрацыі птушак 08.09 у Маларыцкім і Бярозаўскім раёнах не павінны здзіўляць. А вось назіранне яўна пралётнага ерчыка 30.09 у Магілёве можна лічыць невялікай сенсацыяй і першай рэгістрацыяй віду на Магілёўшчыне (здымак Уладзіміра Бондара):
Адзіная рэгістрацыя Шчуркі-пчалаедкі (Merops apiaster) у першы дзень верасня ў Цэнтральнай Беларусі па голасу недалёка ад вядомай там раней калоніі можа быць адной з самых позніх рэгістрацый віду ў нашай краіне.
На падлёце да нас - паўночныя качкі і гагачы як мінімум. Таму сустрэнемся з рэдкімі птушкамі ў кастрычніку пры любым надвор’і!
Агляд падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак гуся-піскулькі з перадатчыкам, які праляцеў над Беларуссю, з Safeguarding the Lesser White-fronted Goose
На гэтую тэму:
НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – СТРЫНАТКА-РЭМЕЗ – АДЛОЎЛЕНА НА ПОЎНАЧЫ КРАІНЫ!
САМЫЯ РЭДКІЯ ГУСІ ЕЎРОПЫ ПРАЛЯЦЕЛІ НАД БЕЛАРУССЮ НА ЗІМОЎКУ Ў ГРЭЦЫЮ
ВОСЕНЬСКАЯ МІГРАЦЫЯ І АГЛЯД НАШЫХ НАЗІРАННЯЎ РЭДКІХ ПТУШАК ЗА ЖНІВЕНЬ-2018
УЖО НЕ ЗІМА, АЛЕ ЯШЧЭ І НЕ ВЯСНА: НАЗІРАННІ ПТУШАК СА СПІСУ КЛУБА200 Ў САКАВІКУ-2018
ЗІМА-2018: НАШЫ САМЫЯ ЦІКАВЫЯ НАЗІРАННІ ПТУШАК
СООБЩЕНИЕ БОФК: СПИСОК ПТИЦ БЕЛАРУСИ УВЕЛИЧИЛСЯ НА 3 НОВЫХ ВИДА
Агляд назіранняў новых і рэдкіх для Беларусі відаў са Спісу Клубу200 за 2017 год
ПЕРШЫ ДЛЯ ПОЛЬШЧЫ СВІРСТУН ГАДЛЕЎСКАГА АДЗНАЧАНЫ НА ВЫХОДНЫХ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ