Першыя гусі-піскулькі (Anser erythropus) раніцай у пятніцу, 21 верасня, прыляцелі на возера Kerkini на поўначы Грэцыі. Сярод амаль 40 птушак, 17 – птушаняты гэтага году. Хутчэй за ўсё разам з гэтай групай ляцеў і самец піскулькі, які атрымаў мянушку Mr. Blue, са сваёй сям’ёй. Гусі-піскулькі – самыя невялікія па памерах гусі і самыя нешматлікія прадстаўнікі атраду Гусепадобныя ў арктычных тундрах Еўразіі. Таму кожнае паведамленне пра сустрэчу з імі – вельмі каштоўнае. Тым больш для нашай краіны, дзе апошнія дзесяцігоддзі вядома толькі пра тры пацверджаныя дакументацыйна сустрэчы віду.
Самец Mr Blue быў адлоўлены супрацоўнікамі Нарвежскага арніталагічнага таварыства Norsk Ornitologisk Forening на самай поўначы Нарвегіі ў мае гэтага году і атрымаў ашыйнік з GPS-GSM перадатчыкам. Дзякуючы гэтаму магчыма дакладна адсочваць яго перамяшчэнні. Такім чынам, 18.09 ён распачаў восеньскую міграцыю і на працягу трох наступных сутак праляцеў больш 3 тысяч км над Нарвегіяй, Фінляндыяй, Расіяй, Эстоніяй, Латвіяй, Літвой, Беларуссю (дзе сігналы атрыманы 19 і 20.09), Украінай, Румыніяй, Сербіяй, Паўночнай Македоніяй і Балгарыяй і раніцай быў на поўначы Грэцыі, дзе і застанецца на зімоўку або паляціць яшчэ далей на поўдзень – да мяжы з Тцрцыяй:
На жаль, ніхто з нашых арнітолагаў і бёрдуотчараў гэты пралёт на ўласныя вочы не бачыў, але гэта не першы выпадак для Беларусі, калі перамяшчэнні віду, зарэгістраваныя толькі дзякуючы падобным прыладам, выкарыстоўваліся для рэгістрацыі знаходжання ў нас рэдкіх відаў: напрыклад, сокала-балабана, арла-магільніка або стэпавага луня.
Агульная колькасць усіх ізаляваных адна ад адной гнездавых папуляцый піскулькі ў Феннасканды і Расіі ацэньваецца ў 16-27 тысяч асобін. Аднак у апошняе стагоддзе адбылося некалькі катастрафічных змяншэнняў колькасці віду ў Паўночнай Еўропе і феннаскандынаўская папуляцыя, прадстаўнікі якой як раз і ляцяць на зімоўку праз Беларусь, працягвала змяншацца ў 1990-2008 г, калі і была адзначана найменшая лічба піскулек там - толькі 20 гняздуючых пар. Практычна ўсе птушкі, пра якіх вядома, гняздуюць у апошнія гады на скрайняй поўначы Нарвегіі, хаця асобныя пары таксама могуць пэўна сустракацца і ў Швецыі з Фінляндыяй. Гэта непараўнальна з прыкладна 10 тысячамі гняздуючых пар у тундры Паўночнай Еўропы на пачатку мінулага стагоддзя. Асноўныя прычыны такога катастрафічнага змяншэння колькасці гэтай папуляцыі застаюцца невядомымі, але лічыцца, што адна з іх – паляванне пад час пралёту і на месцах зімоўкі.
Тым не менш, у апошнія гады дзякуючы спецыяльнай праграме па рэгуляцыі колькасці ліс (зялёныя слупкі ў дыяграме для 2008-16 гг) падзенне колькасці гняздуючых піскулек атрымалася прыпыніць і пачалося яе павольнае павелічэнне:
З біягеаграфічнага пункту гледжання да феннаскандынаўскай папуляцыі належаць таксама піскулькі з Кольскага паўвострава (Расія), аднак, на жаль, пра сучасны статус віду там і пра шляхі іх міграцыі і месцы зімоўкі нічога невядома.
У Швецыі апошні пацверджаны выпадак гнездавання прадстаўнікоў т.зв. дзікай папуляцыі адбыўся яшчэ ў 1991 годзе. Адпячаткі лап дарослых і птушанят былі адзначаныя ў падыходзячым для гнездавання месцы ў 1996, а адзіночны самец з гнездавымі паводзінамі ў 1998 годзе. Усе іншыя рэгістрацыі віду ў гнездавы час адназначна лічацца назіраннямі рэінтрадукаваных у краіне птушак.
У Фінляндыі апошні выпадак гнездавання адбыўся ў 1995 годзе, хаця практычна штогод птушкі адзначаюцца паблізу падыходзячых для гнездавання месцаў.
Шляхі міграцыі
Дзякуючы спадарожнікаваму сачэнню мы ведаем, што негняздуючыя і непаспяхова гняздуючыя піскулькі з невялікай феннаскандынаўскай папуляцыі ліняюць параўнальна далёка на ўсход на Канінскім паўвостраве, востраве Калгуеў і нават на Таймыры на поўначы Расіі. Потым яны ляцяць т.зв. цэнтральна-азіяцім пралётным шляхам і зімуюць у Грэцыі.
Паспяхова гняздуючыя гусі ліняюць там, дзе і размнажаюцца, а ўвосень збіраюцца разам на балотах Valdak на поўначы Нарвегіі, пасля чаго ляцяць над Карэліяй, краінамі Балтыі, Беларуссю або Польшчай і Германіяй і далей на поўдзень праз важныя для адпачынку месцы ў Венгрыі (Hortobágy) і паўночнай Грэцыі (возера Kerkini) у дэльту ракі Evros на паўночны усход Грэцыі ля мяжы з Турцыяй.
Птушкі з больш усходніх папуляцый хутчэй за ўсё выкарыстоўваюць тыя самыя месцы зімоўкі, што і феннаскандынаўскія, але ляцяць туды над далінай р.Обь і праз паўночна-заходні Казахстан і Чорнае мора.
Вясной піскулькі выкарыстоўваюць больш заходнія міграцыйныя шляхі і гусі у Феннаскандыю ляцяць, напрыклад, праз усходнюю Польшчу. Таму адзначыць гэты від вясной у Беларусі яшчэ меншая верагоднасць, чым увосень.
Паводле Safeguarding the Lesser White-fronted Goose і www.piskulka.net (здымак, дыяграма і мапы) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На здымку - Mr.Blue з ашыйнікам
На гэтую тэму:
Новый вид птиц для Беларуси «видели» только спутники?
Месцы зімовак малых лебедзяў з Ямала- нечаканыя вынікі
Больш частыя сустрэчы малых лебедзей у Беларусі – вынік утварэння новых месцаў зімоўкі?
НЕЧАКАНА: ТЫЯ Ж САМЫЯ ВЯСКОВЫЯ ЛАСТАЎКІ ЛЯЦЯЦЬ ЗУСІМ РОЗНЫМІ ПРАЛЁТНЫМІ ШЛЯХАМІ УВОСЕНЬ І ВЯСНОЙ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ