Сезонныя адрозненні паміж рознымі пралётнымі шляхамі пад час міграцыі на месца зімоўкі і назад, на месцы гнездавання вясной, былі знойдзены ўжо для многіх відаў птушак з Еўропы - гэта так званыя "петлявыя міграцыі" (loop migrations). Аднак дагэтуль былі вядомыя толькі некалькі відаў, якія выкарыстоўваюць вельмі розныя пралётныя трасы для сваіх сезонных вандровак. Цяпер, дзякуючы выкарыстанню мініатурных геалакатараў на вясковых ластаўках (Hirundo rustica) з Літвы, атрымалася не толькі дадаць від да гэтай нешматлівай групы, але і ўпершыню запісаць і убачыць усе гадавыя пярэмяшчэнні ластавак.
Пасля паступовага знікнення апошняга ледавіка ў Еўропе, пералётныя птушкі з розных частак кантыненту, якія ляцяць на зімоўку ў Афрыку, выкарыстоўваюць тры асноўныя міграцыйныя шляхі: заходні (праз Гіблартар), цэнтральны (праз Грэцыю або Італію) і усходні (праз усходнюю (азіяцкую) частку Турцыі). Каб мець магчымасць прасачыць за тым, як і куды ляцяць вясковыя ластаўкі на зімоўку і назад, літоўскія і швайцарскія арнітолагі пазначылі геалакатарамі (прыладамі, якія запісваюць толькі дату і час заходу і ўсходу сонца, на аснове якіх потым больш ці менш дакладна можна ўсталяваць каардынаты месцазнаходжання птушак) 20 дарослых ластавак у 2012 і 25 - у 2015 годзе, прычым прылады разам з замацаваннем важылі 0,6 г і не павінны былі аказаць негатыўнага ўплыву на птушак.
Такім чынам, усе птушкі, ад якіх атрымалася зпампаваць дадзеныя геалакатараў паказалі падобныя паводзіны: пад час восеньскай міграцыі, ластаўкі трымаліся цэнтральнага шляху пералётаў пры перасячэнні Міжземнага мора і Сахары на шляху ў Паўднёвую Афрыку, тады як вясной ўсе птушкі змянілі гэтую трасу на ўсходнюю, і праляцелі над Аравійскім паўвостравам, трапіўшы на яго праз праліў Bab-el-Mandeb. Больш таго, дзве з ластавак перад вяртаннем на месцы гнездавання ў Літву праляцелі яшчэ далей на ўсход - над Каўказам.
Прыклады круглагадзічных пералётаў некалькіх вясковых ластавак з Літвы. Паводле Briedis et al. 2018
Цікава, што максімальная адлегласць паміж рознымі шляхамі міграцыі ластавак увосень і вясной часам даходзіла нават да амаль 2 тысяч км на той жа геаграфічнай шырыні!
"Усрэднённы" шлях сезонных міграцый вясковых ластавак з Літвы. Паводле Briedis et al. 2018
Негледзячы на значна больш доўгі шлях пралёту вясной праз Аравійскі паўвостраў і нават Каўказ, усе самцы і адна з двух самак пераадолелі яго хутчэй за восеньскі. Хутчэй за ўсё гэтак адбылося з-за таго, што птушкі выкарысталі больш спрыяльныя магчымасці для адпачынку і ўзнаўлення энергіі з-за лепшай даступнасці здабычы на гэтым шляху пралёту.
Крыніца:
Briedis et al. 2018 Loop migration, induced by seasonally different flyway use, in Nothern European Barn Swallows. J. of Ornithology 159: 885-891 https: doi.org/10.107/s10336-018-1560-1
Паводле www.link.springer.com (тэкст і мапы) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Мікалая Вераб’я
На гэтую тэму:
Ці могуць геалакатары перашкаджаць птушкам пад час міграцыі?
Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных
Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі
Рэвалюцыя ў магчымасцях: міжнародная сістэма сачэння за перамяшчэннямі птушак і іншых жывёл ICARUS нарэшце запрацуе?
Арніталогія ўжо ніколі не будзе ранейшай?
Даказана: свіргулі могуць праводзіць у паветры па 10 месяцаў без пасадкі
Доўгая дарога дадому
Куды і як ляцяць на зімоўку поплаўныя луні з Усходняй Беларусі: вынікі спадарожнікавага сачэння + мапы + VIDEO
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ