Даказана: свіргулі могуць праводзіць у паветры па 10 месяцаў без пасадкі

Не так даўно навукоўцы наўпрост даказалі, што як мінімум некаторыя віды птушак могуць спаць у палёце. І вось новае ўскоснае пацверджанне гэтага – як мінімум некаторыя чорныя свіргулі (Apus apus) могуць праводзіць у паветры нават да 10 месяцаў без адзінай пасадкі!

Публікацыя з’явілася ў навуковым часопісе Current Biology. Для правядзення даследаванняў шведзкія арнітолагі забяспечылі некалькім птушкам з паўднёвай часткі краіны мініятурныя мадыфікаваныя геалакатары. Дзякуючы сваёй невялікай масе – менш 1 грама, гэтыя параўнальна простыя і танныя прылады літаральна змяняюць нашы веды пра асаблівасці міграцый птушак і дзякуючы маленькім памерам дазваляюць выкарыстоўваць іх для ўсё меншых птушак.   

Акрамя звычайных дадзеных, якія запамінае геалакатар: працягласць светлай і цёмнай часткі сутак і часу ўсходу і заходу сонца штодня (па якіх потым больш-менш дакладна вызначаюцца геаграфічныя каардынаты месцазнаходжання птушкі), выкарыстаныя на свіргулях прылады таксама ўключалі акселерометр (для вызначэння руху).

У 2014-15 гг. навукоўцы адлавілі 19 птушак з геалакатарамі і пасля расшыфроўкі дадзеных знайшлі, што – як і чакалася – свіргулі зімавалі ў Заходняй Афрыцы.

Д-р Андэрс Гедэрстрём (Dr Anders Hedenström) з універсітэту Лунда (University of Lund) кажа, што 3 з 19 птушак паміж перыядамі гнездавання ні разу не сядалі! Іншыя птушкі сядалі часам уначы на параўнальна кароткі час, аднак дадзеныя з лоджэраў сведчаць пра тое, што ўсе птушкі правялі ў паветры больш 99% часу паміж чарговымі сезонамі гнездавання!  

Гэтыя дадзеныя пацверджваюць тое, што даўно меркавалася навукоўцамі. А менавіта, што свіргулі могуць заставацца выключна ў паветры па-за часам размнажэння. Яны таксама ў чарговы раз паказалі неверагодныя магчымасці геалакатараў і іншых дата лоджэраў для адсочвання птушыных падарожжаў. Да прыкладу, за апошняе стагоддзе ў Швецыі акальцавалі каля 50 тысяч чорных свіргулёў, аднак толькі ад адной птушкі атрымалі дадзеныя пра яе месцазнаходжанне на поўдзень ад Сахары. 

Дадзеныя таксама паказалі доўгія пад’ёмы свіргулёў, часам нават на вышыню да 3 кіламетраў. Навукоўцы спекулююць, што хутчэй за ўсё на такіх вышынях птушкі могуць бяспечна спаць. Аднак як птушкі насамрэч спраўляюцца са сном у палёце, яшчэ не зразумела. На фрэгатах было паказана, што яны могуць спаць у паветры толькі параўнальна кароткі час у параўнанні з адпачынкам на сушы.

На жаль, прылады, якія маглі б запісваць актыўнасць мозгу птушак у прыродных умовах усё яшчэ завялікія для свіргулёў.

 

Крыніца:

Hedenström A, Norevik G, Warfvinge K, Andersson A, Bäckman J & Åkesson S. 2016. Annual 10-Month Aerial Life Phase in the Common Swift Apus apusCurrent Biology. DOI: http://dx.doi.org/10.1016/j.cub.2016.09.014

 

Паводле www.birdguides.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак Мікалая Вераб’я

 

На гэтую тэму:

5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!

Чорны свіргуль – Need for Speed!

Свіргулі з Кітаю зімуюць ажно ў Паўднёвай Афрыцы

Самая хуткая птушка на Зямлі будзе Птушкай 2012 году ў Беларусі

Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных

Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі

Навукоўцы ўпершыню даказалі тое, пра што даўно здагадваліся – птушкі могуць спаць у палёце!