Забяспечаныя геалакатарамі палявыя падкаменкі (Oenanthe oenanthe) зімуюць на поўдзень ад Сахары – нават калі яны з’явіліся на Свет на Алясцы ці ў Канадзе – такія вынікі атрымала міжнародная каманда даследчыкаў.
Палявая падкаменка мае амаль транс-галарктычны арэал – від гняздуе ад усходняй Артыкі Канады праз Грэнландыю і Еўразію да Аляскі ўключна. Падкаменкі не распаўсюджаны толькі ў цэнтральных рэгіёнах Паўночнай Амерыкі, але часам залятаюць туды пад час міграцый.
Даволі даўно было вядома, што птушкі грэнландскага падвіду O. oenanthe leucorhoa вандруюць на зімоўку нават у Паўднёвую Афрыку. Аднак цяпер навукоўцы змаглі даказаць, што падкаменкі з Аляскі спачатку ляцяць у Еўропу праз Цэнтральную Еўразію, а ўжо потым на месцы зімоўкі ў Цэнтральную і Усходнюю Афрыку, пад час падарожжа перадольваючы адлегласць у 14500 км. Птушкі з усходняй Канады пералятаюць спачатку Атлантычны акіян да Вялікабрытаніі і Ірландыі (прыкладна 3500 км), падобна грэнландскім птушкам, а ўжо потым ляцяць у Афрыку.
Навукоўцы ў чэрвені 2009 і ліпені 2010 гг. змаглі павесіць геалакатары на 30 падкаменак у мясцовасці Eagle Summit на Алясцы, і дадаткова яшчэ на 16 птушак з вострава Baffin (Канада). Хаця толькі пяць птушак з 30 з Аляскі вярнуліся на тыя ж гнездавыя тэррыторыі ў наступным годзе, атрыманыя з іх геалакатараў дадзеныя паказалі, што падкаменкі правялі зіму ў Судане, Угандзе і Кеніі. Каб трапіць туды, яны праляцелі праз поўнач Расіі і Казахстан, потым праз Аравійскую пустыню ў Афрыку. Цалкам гэтае падарожжа даўжынёй у прыкладна 14500 км заняло ў падкаменак у сярэднім тры месяцы (91 дзень). Дарога дадому была падобнай, аднак пераадольвалася ў тры разы хутчэй – г.зн. за месяц.
З канадзкіх птушак на паўвостраў Баффіна вярнуліся толькі 2 птушкі. Прычым адна з іх праз Атлантыку за 4 дні даляцела да Вялікабрытаніі, а ўжо адтуль праз 4000 км дасягнула Маўрэтаніі. Адваротны шлях быў падобным, але як і ў птушак з Аляскі, таксама атрымаўся хутчэйшым, чым увосень – 26 дзён замест 55.
Утрыманне стабільных ізатопаў у новых пёрах птушак пацвердзіла атрыманыя дзякуючы геалакатарам вынікі: птушкі з Аляскі зімуюць у Заходняй, а з Канады – ва Усходняй Афрыцы.
Аўтары артыкула тлумачаць гэтыя алагічныя на першы погляд стратэгіі міграцыі тым, што такім чынам падкаменкі з розных частак арэалу займалі новыя гнездавыя тэрыторыі пасля сыходу ледавіка. Калі заставалася дастаткова птушак для каланізацыі новай тэрыторыі – нават значна аддаленай ад першаснага арэалу – яны стваралі там новую папуляцыю, аднак генетычная праграма стратэгіі міграцыі і месца зімоўкі не змянялася. Негледзячы на высокую смяротнасць з-за далёкіх падарожжаў, выжывала і вярталася дастаткова птушак для працягу размнажэння.
Параўнальна з памерамі падкаменак, гэта адзін з самых доўгіх вядомых на сёння міграцыйных шляхоў для птушак. Трэба дадаць, што падобна да большасці іншых відаў, маладыя палявыя падкаменкі пераадольваюць гэтыя падарожжы самастойна – без дапамогі дарослых птушак і не маючы папярэдняга досведу.
Крыніца: Vairlein, F, Norris, D R, Nagel, R, Bulte, M, Voigt, C C, Fox, J W, Hussell, D J T, and Schmaljohann, H. 2014. Cross-hemisphere migration of a 25 g songbird. Biology Letters doi: 10.1098/rsbl.2011.1223.
Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак маладой падкаменкі яго ж.
На гэтую тэму:
АДКРЫТА САМАЯ ПРАЦЯГЛАЯ МІГРАЦЫЯ СЯРОД ВЕРАБ’ІНЫХ ПТУШАК
Новыя віды і падвіды прапанаваныя ў падкаменак
АРНІТОЛАГ АТРЫМАЎ 2,5 МІЛЬЁНЫ ЭЎРА ПРЭМІІ ДЛЯ ПРАЦЯГУ ВЫВУЧЭННЯ МІГРАЦЫЙ
АДКРЫТА МІГРАЦЫЯ КРУГЛАНОСАГА ПЛЫВУНЧЫКА, Ў ЯКУЮ ЦЯЖКА ПАВЕРЫЦЬ
Новыя рэкорды куліка-каменешаркі
САМЫ ЗНАКАМІТЫ КУЛІК “НАЛЯТАЎ” УЖО 400 ТЫСЯЧ КМ !
Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак
Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі
РАЗГАДАНА ЗАГАДКА, ЯКОЙ БОЛЬШ ЗА 150 ГОД
БЕКАС - НЕ СОВСЕМ ОЧЕРЕДНОЙ ВОЗВРАТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ