Даследчыкі з аўстралійскай Victorian Wader Study Group – рабочай групы па куліках таварыства Birds Australia (партнёра BirdLife) на пры канцы студзеня змаглі адлавіць раней пазначаную імі каменешарку Arenaria interpres, якая як раз завяршыла ў другі раз кругавое падарожжа даўжынёй 27 тысяч кіламетраў!
Такім чынам атрымалася ўпершыню прасачыць паспяховую міграцыю куліка з дапамогай геалакатара два гады запар.
Дзякуючы геалакатару, які важыць 1 грам і запісвае працягласць светлавой часткі сутак (час усходу і заходу сонца) і дату, можна вызначыць дакладна дзе знаходзілася птушка. Аднак каб атрымаць запісаную на геалакатары інфармацыю, птушку трэба зноў злапаць. Штогод аўстралійскім даследчыкам атрымоўвалася рабіць гэта ў красавіку на тым самым пляжы ў Flinders, Victoria, на паўднёвым усходзе Аўстраліі.
Пасля зімоўкі на аўстралійскіх узбярэжжах каменешаркі ляцяць гнездаваць у сібірскую тундру, пралятаючы для гэтага тысячы кіламетраў. Для навукоўцаў пад час гэтага двухгадовага праекту было важна даведацца пра важныя для гэтага і іншых відаў кулікоў месцы прыпынкаў пад час іх доўгіх падарожжаў.
“Атрыманыя намі дадзеныя паказваюць, што птушка пачала сваё падарожжа на поўнач з беспасадачнага пералёту на 7600 км, на што ёй спатрэбілася 6 сутак і апынулася на Тайване” – сказаў д-р Клайв Мінтон (Dr Clive Minton).
“Пасля гэтага птушкі прыпыняюцца, каб падхарчавацца пад час адліваў і потым ляцяць на яшчэ адзін прыпынак у Жоўтым моры або ў Паўночным Кітаі. Потым адбываецца яшчэ адзін безпасадачны пералёт на больш чым 5000 км на месцы гнездавання ў паўночную Сібір, дзе яны апынаюцца на пачатку чэрвеня”.
Цікава, што адваротны шлях на месцы зімоўкі можа адбывацца рознымі шляхамі, і цяжка знайсці двух птушак таго ж віду якія ляцяць таксама. Некаторыя вяртаюцца праз Азію, а іншыя так, як гэта зрабіла пазначаная геалакатарам каменешарка. Яна выбрала шлях праз Ціхі акіян: Алеуцкія астравы на поўдзень ад Аляскі, а потым зноў доўгі пералёт праз увесь Ціхі акіян, прыпыняючыся толькі 1 ці 2 разы на гэтым доўгім шляху. У Аўстралію птушка прыляцела на пачатку снежня.
Ў 2009 годзе каменешарка заставалася амаль 2 месяцы на Алеуцкіх астравах епрад тым, як праляцець без пасадкі 7800 км да астравоў Кірыбаці і пасля гэтага яшчэ 5000 км да Аўстраліі. Ў 2010 годзе тая самая птушка зрабіла падобнае неверагоднае падарожжа, тым разам прыпыняючыся толькі на Маршалавых астравах і Вануату ў Ціхім акіяне перад палётам на аўстралійскія пляжы.
Каменешаркі могуць жыць да 20 гадоў, такім чынам калі штогод птушка пралятае каля 27 тысяч км, за ўсё жыццё адлегласць, якую яна праляціць дасягне больш за 500 тысяч кіламетраў!
Паводле www.birdlife.org (тэкст і мапа) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
На зімоўку вярнуліся 2 качкі з 23
Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі
Сочым за арламі-вужаедамі дзякуючы спадарожнікам
Стэпавы арол пад наглядам спадарожнікаў
Сокалы Элеаноры пад назіраннем спадарожнікаў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ