На зімоўку вярнуліся 2 качкі з 23

Дзякуючы самым сучасным тэхналогіям, навукоўцам атрымалася адсачыць між іншым, штогадовыя падарожжы качак-шылахвостак (Anas acuta) з месцаў зімоўкі ў Ганконгу на месцы гнездаванняў у Арктыку і назад.
Толькі адна качка – самка шылахвосткі – з 23 асобін розных відаў качак, якія атрымалі мініятурныя перадатчыкі на сонечных батарэях у снежні мінулага году, вярнулася на тое самае месца зімоўкі ў рэзерват Mai Po Nature Reserve на Каляды.

 З 1983 году рэзерватам актыўна кіруе аддзяленне WWF-Hong Kong. 
Птушка, якая вярнулася ў рэзерват, адляцела з яго 25 лютага 2010 году і дасягнула Паўночнага арктычнага кола ў сярэдзіне чэрвеня.
Пад час свайго падарожжа на поўнач качка прыпынялася ў паўночна-усходнім Кітаі і ў Жоўтым моры каля ўзбярэжжа Паўднёвай Карэі. Пасля гнездавання на працягу трох месяцаў у сібірскай Арктыцы, самка распачала вандроўку на поўдзень у канцы верасня.
Сярэдняя хуткасць, з якой ляцела птушка, атрымалася роўнай каля 50 км у гадзіну. За тры дні яна праляцела 1700 км, прыпынялася ў Расіі і Японіі перад тым, як дасягнула паўднёвай правінцыі Guangdong у Кітаі 18 снежня. Такім чынам, за год шылахвостка праляцела каля 12 тысяч км.
Ад іншай качкі з перадатчыкам былі атрыманыя дадзеныя пра рэкордную хуткасць пералёту – яна дасягнула 114 км у гадзіну!

Каб вызначыць асноўныя месцы прыпынку, каманда даследчыкаў выкарыстоўвала сэрвіс Google Earth.

Кэтрын Ле Унг (Katherine Leung) з WWF Hong Kong сказала: "Пад час міграцыі качкі сустракаюцца са шматлікімі небяспекамі: прыроднымі драпежнікамі, паляўнічымі, хваробамі. Другі бок праблемы – развіццё будаўніцтва на месцах, важных для ўзнаўлення сілаў качак пад час іх прыпынкаў. Тыя дадзеныя пра такія важныя месцы, якія мы атрымалі пад час гэтага праекту, дапамогуць нам зберагчы іх для водна-балотных птушак”.

На сённяшні дзень працуюць толькі 2 перадатчыкі з 23, замацаваных на качках. Іншыя або зламаліся, або птушкі з імі ўжо загінулі.
Адна з качак была застрэлена ў Расіі і атрымалася адсачыць, як паляўнічы з перадатчыкам перамяшчаўся дадому.
Яшчэ жывая качка-свіцьва больш на месяц затрымалася ў Паўночнай Карэі, дзе знаходзіцца і цяпер.
Праект рэалізуецца WWF Hong Kong у супрацы з University of Hong Kong, Asia Ecological Consultants і US Geological Survey.

Здымак самкі качкі-шылахвосткі з www.flickr.com 

Паводле www.heraldsun.com.au падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by 

На гэтую тэму:

 Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

Сочым за арламі-вужаедамі дзякуючы спадарожнікам
 Сокалы прыляцелі ў Афрыку са спадарожнікавымі перадатчыкамі на спінах

 

 

Стэпавы арол пад наглядам спадарожнікаў

Сокалы Элеаноры пад назіраннем спадарожнікаў

Высокія тэхналогіі дапамогуць захаваць птушак

Доўгая дарога дадому