Тэхналагічны прарыў дазволіў даследчыкам з Аўстрала-Азіяцкай працоўнай групы па кулікам (Australasian Wader Studies Group) з арганізацыі Birds Australia убачыць шляхі міграцыі невялікіх кулічкоў – каменешарак (Arenaria interpres). Чатыры птушкі былі забяспечаны ультра-лёгкімі геалакатарамі, з дапамогай якіх даведаліся, што палёт птушак з месцаў зімоўкі ў Аўстраліі праз Ціхі акіян да Тайваню заняў 6 сутак, пасля чаго кулікі паляцелі ў паўночную Сібір на месцы гнездавання.
Адна з пазначаных раней птушак зрабіла поўны гадавы цыкл (Аўстралія – Сібір –Аўстралія), праляцеўшы за гэты час 27 тысяч км!
Каменешаркі – невялікія кулічкі, якія гняздуюць практычна па ўсім Паўночным паўшар’і ў адкрытай тундры недалёка ад вады. Пасля гнездавога сезону іх можна сустрэць звычайна на камяністых узбярэжжах, часам гэтыя кулікі адзначаюцца ў Беларусі.
Даследчыкі выкарысталі геалакатары вагой 1 грам, прадстаўленыя British Antarctic Survey, і павесілі іх на 8 каменешарак у паўднёва-ўсходняй Аўстраліі ў красавіку 2009 году. Для 4 птушак атрымалася сабраць дадзеныя з гэтых прыбораў паміж 20 кастрычніка 2009г. і 8 студзеня 2010 г.
"Усе чатыры каменешаркі праляцелі без адпачынку 7600 км на Тайвань за 6 сутак, пры чым 3 з іх ляцелі разам.” – сказаў д-р Клайв Мінтан (Dr Clive Minton). “Пасля яны рознымі шляхамі паляцелі, робячы прыпынкі, ў паўночную Сібір, дзе гнездавалі, а ўжо ў пачатку жніўня 2 з іх былі ў Карэі і паўднёва-ўсходняй Сібіры адпаведна, а адна з птушак вярнулася на зімоўку ў Аўстралію праз цэнтральныя раёны Ціхага акіяну!”
Гэтая птушка час з 26 ліпеня да 15 кастрычніка правяла на Алеўцкіх астравах, потым праляцела 6200 км і апынулася на чатыры дні ў Кірыбаці (Kiribati), яшчэ праз 4 дні і 5000 км пералёту даляцела да месца зімоўкі ў паўднёва-ўсходняй Аўстраліі”.
Для некаторых безпасадачных пералётаў атрымалася падлічыць сярэднюю хуткасць палёту, якая аказалася роўнай 50-55 км у гадзіну.
Ўзрушаныя атрыманымі з дапамогай геалакатараў вынікамі, аўстралійскія даследчыкі вырашылі выкарыстаць іх для сачэння за яшчэ 60 птушкамі, і цяпер, акрамя каменешарак, іх павесяць на іншыя віды кулікоў: Charadrius leschenaultii і Calidris acuminata.
На мапе і здымку – каменешарка 9Y і яе пералёты даўжынёй 27 тысяч км.
Data SIO, NOAA, U.S. Navy, NGA, GEBCO, © 2010 Transnavicom, Ltd.,Image © 2010 TerraMetrics. Image IBCAO
Паводле www.birdlife.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
НА ГЭТУЮ ТЭМУ:
Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі
Незвычайныя птушыныя падарожжы
Сокалы прыляцелі ў Афрыку са спадарожнікавымі перадатчыкамі на спінах
Стэпавы арол пад наглядам спадарожнікаў
Сокалы Элеаноры пад назіраннем спадарожнікаў
Дзве маладыя скапы з Шатландыі даляцелі да Афрыкі
Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ