Сокалы Элеаноры пад назіраннем спадарожнікаў

   Дакладныя маршруты міграцыі сокала Элеаноры (Falco eleonorae) сталі вядомыя толькі ў апошні час, калі выйшлі з друку два артыкулы, прысвечаныя даследаванням міграцыі і месцаў зімоўкі сакалоў з дапамогай спадарожнікавых перадатчыкаў.
   Від вядомы сваёй незвычайнай адаптацыяй да гнездавання пад час масавай міграцыі дробных вераб’іных птушак праз Міжземнамор’е, дзе сокалы і ўтвараюць вялікія гнездавыя калоніі на невялікіх скалістых астраўках.
Сокал атрымаў сваю назву ў гонар Giudicessa Eleonora de Arborea (1350-1404), прынцэсы Сардыніі, якая змагалася за незалежнасць вострава ад Каралеўства Арагонa і, між іншым, падрыхтавала першыя ў Еўропе законы, якія мелі на мэце ахову драпежных птушак.


    Яшчэ нядаўна думалі, што сокалы мігрыруюць праз Міжземнамор’е на поўдзень, потым праз Чырвонае мора і ўсходняе ўзбярэжжа Афрыкі на Мадагаскар, дзе каля 70% сусветнай папуляцыі праводзіць зіму.
Таму вялікай неспадзяванкай сталі вынікі сачэння за птушкамі з дапамогай спадарожнікавых перадатчыкаў – аказалася, што сокалы ляцяць на Мадагаскар праз цэнтр афрыканскага кантыненту. Другая нечаканасць – птушкі ляцяць без прыпынкаў удзень і ўначы, пралятаючы, напрыклад, праз Сахару. Для некаторых птушак падарожжа на месцы зімоўкі заняло 9500 км і два месяцы, ўключна з адпачынкам у Заходняй Афрыцы.
   Пад час вясновай міграцыі сокалы таксама ляцелі праз цэнтр Афрыкі, але іх шлях праз Індыйскі акіян уключаў нашмат даўжэйшы пералёт над акіянам  - амаль 1500 км. Дарослыя птушкі ляцелі адразу ў Міжземнамор’е, тады як маладыя заставаліся на першае лета ў трапічнай Афрыцы.
   Зразумела, што пад час такіх доўгіх міграцый птушкі сустракаюцца з разнастайнымі небяспекамі – такімі як нелегальнае паляванне, страта ці дэградацыя біятопаў, важных для сокалаў і іх здабычы пад час прыпынкаў.
“Кожнае вяртанне мігрыруючых птушак можа распавесці нам незвычайную гісторыю пра пералёты над кантынентамі і акіянамі.” – сказала Аня Шэруўд Сміф (Ania Sharwood Smith), еўрапейскі каардынатар кампаніі BirdLife International “Народжаныя вандраваць” (Born to Travel Campaign). “Сачэнне за мігрыруючымі птушкамі з дапамогай спадарожнікаў – гэта фантастычная тэхналогія, якая значна змяніла нашы ўяўленні пра тое, дзе могуць быць галоўныя пагрозы на іх шляху.”
 
Паводле:
Gschweng M., Kalko E.K.V., Querner U., Fiedler W., Berthold P. (2008) All across Africa: highly individual migration routes of Eleonora’s Falcon (Falco eleonorae). Proc Soc Lond B 275 (1653): 2887-2896.
Lopez-Lopez P, Liminana R, Urios V. (2009) Autumn migration of Eleonora’s falcon Falco eleonorae tracked by satellite telemetry. Zoological Studies 48 (4): 485-491.
 

Здымак маладога сокала Элеоноры і тэкст паводле www.birdlife.org
 

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by

Іншыя нашы артыкулы на гэтую тэму:
Дзве маладыя скапы з Шатландыі даляцелі да Афрыкі

Птушаняты скапы будуць зноў мігрыраваць пад назіраннем спадарожнікаў

Даведка:
Драпежныя птушкі, якія спецыялізуюцца на мігрантах
Цікава, што ў Еўропе і Малай Азіі жывуць два віды драпежных птушак, якія спецыялізуюцца на харчаванні амаль выключна мігрыруючымі вераб’інымі птушкамі. Гэта сокал Элеаноры, які распаўсюджаны на невялікіх скалістых астравах у Міжземным моры і серабрысты кабец, які гняздуе у падобным асяроддзі ў моры Чырвоным.
Сокалы Элеаноры адлятаюць на зімоўку ва Ўсходнюю Афрыку і на Мадагаскар прыкладна з сярэдзіны кастрычніка. У красавіку яны вяртаюцца ў Міжземнамор’е і ўжо ў траўні іх можна заўважыць займаючымі гнездавыя ўчасткі ў будучых калоніях, якія могуць налічваць да 300 пар. Тым не менш, з-за таго, што ў гэты час колькасць магчымай здабычы (дробных вераб’іных птушак) у навакольлі вельмі нязначная, сокалы вымушаны даволі далёка адлятаць ад месцаў гнездавання, каб злапаць каго-небудзь.
Адкладка яек у гэтага віду пачынаецца толькі на пры канцы ліпеня, птушаняты вылупляюцца праз 4 тыдні – г.зн. у канцы жніўня, а вылятаюць з гнёздаў толькі ў кастрычніку!
Пачатак гнездавання сокала Элеаноры прымеркаваны так, каб вылупленне птушанят і іх рост прыпадалі на час самай актыўнай восеньскай міграцыі вераб’іных птушак, якія гняздуюць у Еўропе, і ляцяць на зімоўку ў Афрыку праз Міжземнае мора. І хаця міграцыя вераб’іных пачынаецца ўжо ў канцы ліпеня, аднак мігранты робяцца шматлікімі толькі ў другой палове жніўня. Менавіта ў гэты перыяд у сокалаў вылупляюцца птушаняты і яны, і дарослыя сокалы забяспечаны багатай крыніцай здабычы, якая сама пралятае недалёка ад іх месцаў гнездавання.
Цікавы прыклад яшчэ адной адаптацыі сокала Элеаноры да палявання на мігрыруючых птушак. Міграцыя вельмі масавая ў дні з паўночнымі – спадарожнымі для яе вятрамі. Аднак нашмат менш інтэнсіўная ў безветраныя. Таму ў дні з інтэнсіўнай міграцыяй самцы сокалаў прыносяць на гнёзды нашмат больш здабычы, чым самка і птушаняты могуць з’есці. У такіх выпадках навукоўцы назіралі, што самкі прыхоўвалі лішкі здабычы недалёка ад гнязда. Ўсяго такім чынам было схована ў цяністых месцах пад кустамі, камянямі або выступамі скалаў каля 5% ад усёй здабычы, прынесенай самцамі. Ахвяры-птушкі не ашчыпваліся, і нават тыя, якія ляжалі адкрыта, раскладваліся самкамі сокалаў адпаведна колеру іх апярэння: пячураўкі з жоўтавата-зеленаватым апярэннем ляжалі на зеленаватых раслінах, грычуны і шэрыя лескі з шэраватым пер’ем на скалах шэрага колеру або такога ж колеру раслінах-сукулентах, а ерчыкі і салаўі з карычневатым апярэннем змяшчаліся на адкрытай глебе карычневага колеру. Навукоўцы рэгулярна назіралі на працягу наступнага ад прыхоўвання здабычы дня самак сокалаў, якія харчаваліся на ёй.
Такім чынам, сокал Элеаноры і серабрысты кабец гняздуюць найпазней за ўсе віды драпежнікаў Паўночнага паўшар’я.

Яшчэ адна драпежная птушка – міжземнаморскі сокал - у некаторых раёнах Сахары, там, дзе адсутнічаюць дробныя мясцовыя віды птушак, пачынае гнездаваць вельмі рана зімою, каб птушаняты вылупіліся наадварот, на пачатку вясновай міграцыі вераб’іных праз гэтыя мясціны.

З кнігі Дз.Вінчэўскі. Пуцявод па законах прыроды разам з птушкамі. Мн.: АПБ, 2008. – 198 с.
Кнігу цалкам можна зпампаваць (файл .pdf, 6,91 Mb) тут: http://nastaunik.info/files/f/320_Puciavod.pdf

Comments