Невялічкі геалакатар дапамог даведацца, дзе зімуюць кругланосыя плывунчыкі (Phalaropus lobatus), якія гняздуюць ў Шатландыі. Магчыма, што дзякуючы гэтай тэхнічнай прыладзе, якая важыць менш, чым сашчэпка для паперы, навукоўцам атрымалася знайсці адзін з самых доўгіх шляхоў міграцыі еўрапейскіх птушак.
У 2012 годзе Каралеўскае таварыства абароны птушак RSPB у супрацоўніцтве з Швайцарскім арніталагічным інстытутам і Групай кальцавання птушак з Шэтландзкіх астравоў (Shetland Ringing Group), прымацавалі геалакатары да 10 кругланосых плывунчыкаў, якія гнездавалі на востраве Fetlar y Шэтландзкім архіпелагу.
Толькі адна з птушак была адлоўлена ізноў вясной 2013 года, каб атрымаць дадзеныя з яе геалакатара пра працягласць светлай часткі сутак у кожны дзень міграцыі, дзякуючы якім можна вызначыць дакладныя геаграфічныя каардынаты. Аднак маршрут міграцыі плывунчыка на зімоўку і назад аказаўся неверагодным - даўжэйшым за 25 тысяч кіламетраў! Кулічок над Атлантычным акіянам даляцеў да Карыбскіх астравоў, потым да паўднёвага ўзбярэжжа ЗША, праз Мексіку і зімаваў ля ўзбярэжжаў Перу на Ціхім акіяне! Пасля зімоўкі адваротным маршрутам плывунчык вярнуўся на Шэтланды.
Ціхі якіян у берагоў Перу. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
Да гэтага адкрыцця лічылася, што гняздуючыя ў Шатландыі плывунчыкі далучаюцца да скандынаўскіх птушак, якія зімуюць значна бліжэй – ў Арабскім моры.
Кругланосыя плывунчыкі практычна штогод залятаюць пад час вясновых і восеньскіх міграцый у Беларусь, гэта даволі звычайны і шырока распаўсюджаны ў тундры Паўночнага паўшар’я від. Аднак для Вялікабрытаніі гэта адна з самых рэдкіх гняздуючых птушак, таму што гняздуе толькі на Шэтландзкіх і Заходніх (Western) астравах. Колькасць віду тут флуктуіруе паміж 15 і 50 гняздуючымі самцамі і тут праходзіць паўднёвая мяжа распаўсюджання віду.
Чаму колькасць віду аценьваецца ў гняздуючых самцах? Справа ў тым, што як і ў іншых кулікоў-плывунчыкаў, у гэтых птушак заменены ролі палоў: самцы выседжваюць і гадуюць птушанят, а самкі нашмат больш ярка афарбаваныя і стараюцца прыцягнуць да сябе ўвагу новых партнёраў, а пасля адкладкі яек ніяк не ўдзельнічаюць у лёсе патомства.
Ў месцах зімоўкі плывунчыкі збіраюцца вялікімі групамі ў адкрытым моры або акіяне, часам нават да 30 км ад берагу ў месцах, дзе халодная плынь выносіць на паверхню мноства зоапланктону, якім кулічкі харчуюцца.
Паводле www.birdwatch.co.uk (тэкст і верхні здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
ЧАМУ ПТУШКІ ВЯРТАЮЦЦА ШТОГОД УСЁ РАНЕЙ?
Новыя рэкорды куліка-каменешаркі
БАТАЛЁНЫ ЎСЁ ЧАСЦЕЙ ВЫБІРАЮЦЬ БЕЛАРУСЬ
Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі
ТЛУСТЫЯ ПТУШКІ МІГРЫРУЮЦЬ ХУТЧЭЙ
Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Harrier - 10.01.2014 - 00:32
Магчыма, што на Шэтландах
Магчыма, што на Шэтландах гняздуюць патомкі амерыканскіх плывунчыкаў. Таму і ляцяць яны як амерыканскія на зімоўку ў Перу.
Wormer - 10.01.2014 - 18:20
Маршрут міграцыі-даўжэйшы за