Свіргулі з Кітаю зімуюць ажно ў Паўднёвай Афрыцы

На самым прыканцы мая нарэшце стала вядома, дзе чорныя свіргулі (Apus apus) з Пекіна праводзяць зіму. Пасля 12 месяцаў чакання былі злапаныя 13 свіргулёў з 31, забяспечаных геалакатарамі ў канцы мінулага мая.  

Аказалася, што птушкі, якія і раней былі вядомыя сваімі рэкордамі, здзяйсняюць неверагоднае падарожжа з Кітаю ажно ў Паўднёвую Афрыку, пад час пералётаў штогод адольваючы адлегласць у 26 тысяч кіламетраў!

Цікава, што чорныя свіргулі сталі адным з сымбаляў Пекіна не так даўно – ў 1417 годзе яны зрабілі першае гняздо ў адной з брамаў т.зв. Летняга палаца.

Паводле ўжо расшыфраваных з геалакатараў дадзеных, свіргулі прылятаюць у сталіцу Кітая яшчэ ў красавіку, а адлятаюць на зімоўку ўжо ў канцы ліпеня на паўночны захад праз Манголію, Цянь Шань, потым на поўдзень праз Іран, Цэнтральную Аравію ў трапічную Афрыку і, нарэшце, каля трох месяцаў праводзяць у Намібіі і Капскай правінцыі ў Рэспубліцы Паўднёвай Афрыкі. Адваротная дарога на месцы гнездавання пачынаецца ўжо ў лютым і фактычна ў адваротным парадку птушкі паўтараюць свой летне-восеньскі маршрут, падчас якога перасякаюць межы агулам каля 20 краін. 

Дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў адлове птушак вялікай колькасці валанцёраў з Кітайскага таварыства бёдуотчараў (China Birdwatching Society), на працягу ўсяго 2 гадзін атрымалася злапаць больш за 80 свіргулёў, сярод якіх былі 13 “старых” з геалакатарамі і яшчэ 25 новых птушак атрымалі гэтыя невялічкія прылады для адсочвання месца знаходжання птушак. 

Паводле www.birdingbeijing.com (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Больш здымкаў ТУТ

 

На гэтую тэму:

Чорны свіргуль – Need for Speed!

5 тысяч км за 5 сутак – гэта чорны свіргуль!

Свіргулі не баяцца непагадзі

РАЗГАДАНА ЗАГАДКА, ЯКОЙ БОЛЬШ ЗА 150 ГОД

Эпічныя міграцыі палярных крычак пацверджаны сучаснымі тэхналогіямі

Адкрыты самы доўгі міграцыйны шлях насякомых, які звязаны з міграцыяй птушак

ТРАНСАКЕАНІЧНЫЯ ПЕРАЛЁТЫ ПАЦВЕРДЖАНЫ ЯШЧЭ ДЛЯ АДНАГО ВІДУ ВЕРАБ’ІНЫХ

Самая хуткая птушка на Зямлі будзе Птушкай 2012 году ў Беларусі

Сенсация: новый для Беларуси вид птиц - белобрюхий стриж - в Минске !